Сяргей Сідаровіч абдымае Эліну Карыцьку перад пасяджэннем.

У судзе Маладзечанскага раёна 25 сакавіка прайшло другое пасяджэнне па справе перакрыцця Вялікага Гасцінца. На ім далі паказанні абвінавачваемыя і пацярпелыя.

Паказанні Сяргея Сідаровіча

Сяргей Сідаровіч працаваў ў школе №9 да жніўня 2019 года, а пасля звольніўся і не змог знайсці працу праграміста амаль год.

У лістападзе 2020 года Сяргея дадалі ў тэлеграм-чат, у якім абмяркоўвалі акцыю. Хлопец кажа, што не чытаў паведамленні і не ўдзельнічаў у гутарках. 20 лістапада ён разам з Элінай Карыцькай прыйшоў на прыпынак, з якога яго забрала Ганна Задорская на машыне. Яны разам прыехалі ў Камсамольскі парк. Там прайшла так званая рэпетыцыя акцыі: паглядзелі на банер, разабралі і сабралі яго.

На наступны дзень, 21 лістапада, Сідаровіч разам з Карыцькай прыехаў на таксі да скрыжавання Вялікі Гасцінец і Багдана Хмяльніцкага, там ужо чакалі людзі. Яны разам падышлі да скрыжавання, вышлі на зялёнае святло і развярнулі банер.

Сяргей успамінае, што пад банерам праехала адна машына, пасля яны сабралі банер і сышлі з Карыцькай у парк.

Сідаровіча затрымалі напрыканцы снежня 2020 года супрацоўнікі ГУБАЗіК. Яго папрасілі запісаць відэа, дзе ён расказвае, што здзейсніў. Сяргей кажа, што тэкст быў узгоднены з супрацоўнікам.

– Зараз тут усё цывілізавана на судзе. У ІЧУ супрацоўнікі зазіралі ў акенца і смяяліся. У мяне былі ружовыя валасы, татуіроўкі. Можна мне нехта патлумачыць, чаму падчас ператрусу мяне раздзелі дагала і фатаграфавалі? Пасля гэтыя здымкі ў справе не фігуравалі.

Сяргей прызнаецца, што парушыў правілы дарожнага руху, але не парушыў грамадскі парадак і не зашкодзіў людзям, бо самі пацярпелыя кажуць, што не панеслі ніякіх пакутаў.

Сяргей Сідаровіч.

Паказанні Ігара Сідаровіча

Ігар Сідаровіч – бацька Сяргея Сідаровіча. У яго інваліднасць 2 групы: у Расіі яго збіла фура, некалькі месяцаў ляжаў у бальніцы, ампутавалі нагу да калена.

Ігар успамінае, як хтосьці ў тэлеграм-чаце расказаў пра акцыю. Ён не мог удзельнічаць, таму прапанаваў сыну. На рэпетыцыю не паехаў, бо фізічна не мог.

21 лістапада даведаўся, што акцыя пройдзе на скрыжаванні Гасцінец-Хмяльніцкага. Хацеў паглядзець на яе, аднак не паспеў на аўтобус, дайшоў на мыліцах толькі да ўваходу ў парк. Часткова бачыў акцыю – як збіраюць банер, пасля патэлефанаваў сыну і пайшоў дадому.

– Гэта была форма пратэсту. На банеры ўсё было напісана: супраць гвалту, – патлумачыў пра матывы акцыі Сідаровіч-старэйшы.

Сяргей Сідаровіч абдымае Эліну Карыцьку перад пасяджэннем.

Паказанні Эліны Карыцькі

Эліна Карыцька даведалася пра акцыю ад свайго хлопца Сяргея Сідаровіча. Пра тэлеграм-чат, дзе абмяркоўвалі саму акцыю, яна не ведала і яе туды не дадавалі.

Карыцька прысутнічала на рэпетыцыі, а 21 лістапада разам з Сяргеем і іншымі выйшлі на пешаходны пераход з банерам.

Абвінаваўца Пяркоўскі: Калі вас запрасілі ў міліцыю?

Карыцька: Мяне не запрасілі, мяне затрымалі.

Карыцьку затрымалі ў снежні, калі былі затрыманыя і Сідаровічы. Яна знаходзілася да суда пад падпіскай.

Паказанні Ганны Задорскай

Задорская не ўдзельнічала ў самой акцыі. Яна зрабіла банер, а пасля прывезла яго на рэпетыцыю за дзень да акцыі. 21 лістапада зрабіла здымкі перакрыцця, іх даслала ўдзельніку чату.

Задорская не прызнае, што яе дзеянні – гэта злачынства, якое прывяло да парушэння руху транспарту.

Саладоўнікаў у «акварыўме».

 Паказанні пацярпелых

25 сакавіка давалі паказанні пацярпелыя Уладзімір Якімовіч, Аксана Герасімюк, Кацярына Дубіна, Сяргей Тумель, Віктар Мілашэвіч.

Якімовіч і Тумель – фельчар і кіроўца хуткай дапамогі. Яны ўспамінаюць, што бачылі, як Гасцінец перакрылі, але абурэння не было. Абодва сказалі, што хутчэй за ўсё ставіліся да гэтага нейтральна.

Тумель расказаў, што следчы звязаўся з ім, калі ён быў на самаізаляцыі праз каронавірус. Тумель папрасіў следчага, каб той па яго просьбе ўзяў паказанні калегі, бо яны павінны быць падобныя. Ліст з паказаннямі Тумель падпісаў у машыне следчага, іх не чытаў.

Дубіна таксама была падчас перакрыцця Гасцінца ў сваім аўтамабілі. Кажа, што ў яе ніякіх прэтэнзій да людзей не было. На яе погляд, яны выказвалі свае погляды.

Мілашэвіч кіраваў грамадскім аўтобусам. Пасажыры не выказалі сваёй нязгоды, што аўтобус затрымаўся. Сам Мілашэвіч нейтральна адрэагаваў на выхад людзей.

21 лістапада Герасімюк спяшалася на сустрэчу, у выніку пад’ехала пад банер. Як сцвярджае, яго ніхто не падымаў. Яна ўпэўнілася, што нікому не пашкодзіць і праехала праз яго. Пасля сустрэчы патэлефанала на лінію 102.

– Так, я патэлефанавала на лінію 102. Спынілася каля Гастранома, патэлефанавала. Чаму не раней? Таму што была за рулём.