Клаўдзій Сцяпанавіч Дуж-Душэўскі (злева). Фота з Вікіпедыі.

Клаўдзій Сцяпанавіч Дуж-Душэўскі нарадзіўся 27 сакавіка 1891 года, ў Глыбокім. Беларускі палітычны дзеяч, дыпламат, рэдактар, педагог. Лічыцца аўтарам эскіза сучаснага бел-чырвона-белага сцяга ў 1917 годзе.

Па мацярынскай лініі паходзіў са шляхты Полацкага павета, яго прадзед Урублеўскі загінуў у паўстанне 1831 года, дзед Ян Высоцкі быў павешаны 23 ліпеня 1863 года ў Сувалках, а маці першыя гады жыцця вымушаная была правесці ў віленскай турме на Антокалі.

Бацька быў селянінам і валодаў шасцю дзесяцінамі зямлі, але асноўным заробкам Сцяпана Душэўскага і яго брата было будаўніцтва. Клаўдзій з дзяцінства дапамагаў бацьку з дзядзькам, а з пачаткам атрымання адукацыі займаўся чарчэннем, і нават складаў каштарысы дамоў, касцёла, будаўніцтва шашы і масткоў. У старэйшых класах ужо сам кіраваў невялікімі будаўнічымі працамі, пад пільным вокам бацькі складаў іх праекты.

У 1912 годзе скончыў Віленскае рэальнае вучылішча, дзе далучыўся да беларускага руху.

Выкладаў у Віленскай беларускай гімназіі і на беларускіх настаўніцкіх курсах. У пачатку 1921 арыштаваны польскімі ўладамі. Пасля вызваленне эміграваў у Коўна. У 1920—1930-я гпрацаваў у міністэрствах беларускіх спраў, замежных спраў, сувязі Літвы, адзін з кіраўнікоў Беларускага цэнтра ў Літве, Літоўска-Беларускага таварыства.

У 1927 ён скончыў факультэт будаўніцтва Літоўскага ўніверстітэта ў Коўне. Атрымаў спецыяльнасць інжынера-будаўніка, пасля чаго працаваў інжынерам у праектным бюро.

Выдаваў і рэдагаваў беларускія часопісы, быў суаўтарам лацінска-руска-беларускага слоўніка па арніталогіі. Перакладаў на беларускую мову падручнікі для сярэдніх школ.

Арыштаваны савецкімі ўладамі 2 ліпеня 1940 года. Следства скончылася ў чэрвені 1941 года. Было складзена абвінавачвальнае заключэнне, але ў сувязі з пачаткам вайны Душэўскі не быў асуджаны і эвакуяваны.

Пры немцах ён працаваў на заводзе гумавых вырабаў «Інкарас» на пасадзе інжынера. У канцы 1941 у Вільні Клаўдзій Душэўскі сустракаўся з Вацлавам Іваноўскім, які прапанаваў яму пасаду намесніка бурмістра Мінска. Душэўскі не пагадзіўся, а восенню 1942 года зноў адмовіўся ад прапановы. У жніўні 1943 года арыштаваны нямецкімі ўладамі разам з жонкай за ўкрыццё яўрэяў і адпраўлены ў канцэнтрацыйны лагер. Дзякуючы заступніцтву сяброў і як спецыяліст-інжынер, вызвалены праз чатыры месяцы, пасля чаго працаваў у тарфяным трэсце на пасадзе інжынера-будаўніка.

Акрамя ўласных дзяцей, разам з жонкаю выхоўваў двух дзяцей-сірот.

У 1944—46 гадах — дацэнт Каўнаскага ўніверсітэта, на будаўнічым факультэце атрымаў пасаду загадчыка кафедры гісторыі архітэктуры.

У снежні 1946 — маі 1947 пад следствам у Вільні. «За недастатковасцю сабраных доказаў для перадачы ў суд» яго справа была спынена, а ён сам вызвалены з-пад варты.

Зноў арыштаваны ў лютым 1952 года. Асуджаны на 25 гадоў зняволення як беларускі нацыяналіст. У 1954 тэрмін зняволення быў скарочаны да 10 гадоў, а 16 красавіка 1955 года ён быў датэрмінова вызвалены ў сувязі з пагаршэннем стану здароўя.

Працаваў у інстытуце «Літбудпраект».

Пахаваны ў Коўне.

Адкуль з’явіўся бел-чырвона-белы сцяг