У судзе Маладзечанскага раёна прайшло трэцяе пасяджэнне па справе аб перакрыцці Вялікага Гасцінца. 26 сакавіка ў разбіральніцтве заслухоўвалі паказанні сведак, суд вывучаў пісьмовыя і рэчавыя доказы.

Першае пасяджэнне: У Маладзечне разглядаюць крымінальную справу аб перакрыцці Вялікага Гасцінца

Другое пасяджэнне: «Я пазваніла на лінію 102». Па справе перакрыцця Гасцінца далі паказанні пацярпелыя

Паказанні Аляксандра Францкевіча

Аляксандр Францкевіч – міліцыянер патрульна-паставой службы Маладзечанскага РАУС.

Падчас інструктажу ў аддзяленні на наступны дзень пасля акцыі далі арыенціроўку. У гэты дзень Францкевіч знаходзіўся ва аўтапатрулі. Ля Чырвонага касцёла па радыёсувязі паведамілі, што па прыкметам з арыенціроўкі ідуць падобныя мужчыны. Іх затрымалі ў дварах ля вуліцы Магістральнай. Францкевіч не памятае, каго дакладна затрымаў.

Відэа затрымання бачыў, але не памятае, хто яго здымаў.

Паказанні Мікалая Адашкевіча

Мікалай Адашкевіч – кіроўца аўтобуснага парку. Ён не бачыў моманту акцыі, бо ехаў у тым месцы крыху пазней пасля падзей. У той дзень быў на маршруце №9. Скрыжаванне Вялікі Гасцінец – Багдана Хмяльніцкага праехаў без праблем.

Паказанні Марыны Саладоўнікавай

Марына Саладоўнікава – маці абвінавачваемага – прыйшла ў зал пасяджэння з паперкай. Яна падышла да трыбуны і адразу зачытала, што скарыстаецца артыкулам 27 Канстытуцыі, сведчаць супраць сына не будзе.

Паказанні Вікторыі Сідаровіч

Вікторыя Сідаровіч – дачка Ігара Сідаровіча і сястра Сяргея Сідаровіча. У той дзень была на працы ў школе. Ёй даслалі фотаздымак акцыі, яна яе рэдагавала. Вікторыя не пазнала нікога на ім.

Сідаровіч заўважыла, што ў яго брата ёсць псіхічнае расстройства, яму неабходны курс лячэння. Аб гэтым жа казаў сам Сяргей Сідаровіч, калі даваў паказанні.

Паказанні Аляксандра Кушаля

Аляксандр Кушаль – камандзір роты патрульна-паставой службы Маладзечанскага РАУС.

22 лістапада заступіў на службу па ахове грамадскага парадку. На інструктажы расказалі пра перакрыццё Вялікага Гасцінца днём раней. Падчас службы ў радыёэфіры паведамілі пра мужчын, якія былі падобныя па прыкметах да тых, хто перакрыў вуліцу.

– Не памятаю, як рабілі відэазапіс. Але ў інтэрнэце відэа ёсць, я яго глядзеў, то бок відэафіксацыя была. Не ведаю, хто рабіў відэа. Не гатовы зараз адказаць.

Кушаль не памятае, каго з абвінавачваемых затрымаў.

***

Дзяржаўны абвінаваўца пачаў агалошванне пісьмовых доказаў па справе. Пяркоўскі зачытаў допісы з тэлеграм-чату, дзе абвінавачваемыя абмяркоўвалі правядзення акцыі, што пісаць на банеры, дамаўляліся пра сустрэчы. Там ж планавалася правесці яшчэ адну акцыю.

Над справай працавала следчая група з трох следчых Маладзечанскага РАСК. Адвакаты звярталі ўвагу суда, што ў матэрыялах справы ёсць недакладнасці ў дакументах (дзесьці адсутнічаюць штампы і нумары выходнай карэспандэнцыі, некаторыя недакладна агалошваў дзяржабвінаваўца).

У судзе дэманстравалі рэчавыя доказы: балончыкі з фарбай, банер, мабільныя тэлефоны і флэшку. Сярод доказаў былі аўдыёзапісы гутарак міліцыянераў з Сяргеем Сідаровічам і Элінай Карыцькай, відэа з камеры банка на скрыжаванне. Уключалі званок пацярпелай Герасімюк у міліцыю: «Тут гэтыя бел-чырвоныя перакрылі дарогу са сцягамі сваімі!».

Суддзя Паляшчук адхіліла напрыканцы пасяджэння два хадайніцтва: аб паўторнай псіхічнай экспертызе Сяргея Сідаровіча і каб выключыць пацярпелых з працэсу, бо яны такімі не з’яўляюцца на думку абаронцаў.

Наступнае пасяджэнне пройдзе 29 сакавіка.