У суботу, 27 сакавіка, у Смаргоні вернікі абедзвюх каталіцкіх парафій горада разам са святарамі прайшлі па вуліцах Крыжовым шляхам, молячыся за Беларусь. Працэсія, у якой прадстаўнікі розных касцёльных груп і супольнасцяў па чарзе неслі вялізны пакутны крыж, рушыла ад старажытнай святыні, якая носіць тытул нябеснага апекуна Касцёла ў Беларусі святога арханёла Міхала. Наперадзе працэсіі ішлі міністранты з запаленымі паходнямі, за крыжам — святары і сотні вернікаў рознага ўзросту, паведамляе catholic.by.

Ідучы па цэнтральнай вуліцы горада да новага касцёла святога Яна Паўла ІІ, які будуецца на ўскраіне Смаргоні, удзельнікі набажэнства 14 разоў спыняліся на стацыях Крыжовага шляху. На прыпынках чыталі малітвы.

Напрыканцы працэсіі таксама ішлі святары, якія падчас набажэнства служылі вернікам сакрамэнтам паяднання. Удзельнікі набажэнства спявалі рэлігійныя песні, якія вяла моладзь разам з музычнай падтрымкай гурта Laudans.

Крыжовы шлях завяршыўся ўвечары каля капліцы і сцен будучага касцёла святога Яна Паўла ІІ.

 

• Текст доступен на языке: Русский