Дзмітры Карабейнік перад пасяджэннем.

29 сакавіка ў судзе Маладзечанскага раёна прайшло чацвёртае пасяджэнне па справе аб перакрыцці Вялікага Гасцінца.

Першае пасяджэнне: У Маладзечне разглядаюць крымінальную справу аб перакрыцці Вялікага Гасцінца

Другое пасяджэнне: «Я пазваніла на лінію 102». Па справе перакрыцця Гасцінца далі паказанні пацярпелыя

Трэцяе пасяджэнне: «Тут бел-чырвоныя перакрылі дарогу!». Працягваецца суд аб перакрыцці Вялікага Гасцінца

Судовае пасяджэнне вядзе суддзя Вікторыя Паляшчук. Дзяржаўны абвінаваўца – Пяркоўскі. Абаронцы – Літвіновіч, Воўкава, Нікіценка, Клімовіч. Адваката Маліноўскага, які абараняе Эліну Карыцьку, змяніла абаронца Залесская.

Рыгора Саладоўнікава, Дзмітрыя Карабейніка, Сяргея Сідаровіча, Ігара Сідаровіча, Эліну Карыцьку абвінавачваюць па частцы 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса. Згодна з абвінавачваннем, маладзечанцы перакрылі вуліцу Вялікі Гасцінец: сталі на пешаходным пераходзе і трымалі банер з тэкстам «Пока в стране беззаконие – сопротивление наш долг!». Гэтым яны нібыта парушылі рух транспарту, правы і свабоды людзей.

Ганну Задорскую абвінавачваюць па частцы 6 артыкула 16 ч.1. арт. 342 Крымінальнага кодэкса: жанчына зрабіла банер, тым самым нібыта дапамагла ў здзяйсненні злачынства.

Спрэчкі бакоў

Дзяржаўны абвінаваўца Пяркоўскі лічыць, што віна абвінавачваемых даказаная паказаннямі пацярпелых, іх дзеянні стварылі перашкоду для руху транспарту. Ён просіць прызнаць Саладоўнікава, Карыцька, Ігара і Сяргея Сідаровічаў, Карабейніка вінаватымі па частцы 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса, а Задорскую – у частцы 6 артыкула 16.

Пяркоўскі просіць для Карабейніка, Саладоўнікава, Сяргей і Ігара Сідаровічаў па 1 годзе і 6 месяцах без накіравання ва выпраўленчую ўстанову. Карыцькі і Задорскай – 1 год без накіравання.

Адвакаты Літвіновіч, Клімовіч, Нікіценка, Воўкава.

Воўкава лічыць, што дзяржабвінаваўца не даказаў віну абвінавачваемага Карабейніка. Па яе словах, яго падабаронны не парушыў рух транспарту, а пацярпелыя самі прызналі, што іх правы і свабоды не былі парушаныя. Воўкава прасіла вынесці суд апраўдальны прысуд, бо не бачыць складу злачынства нават з улікам прызнання віны Карабейнікам.

Нікіценка заўважыў, што рух транспарту не быў парушаны, а ў дзяржаўнага абвінаваўцы няма доказаў гэтага парушэння. Нікіценка згадаў, што пацярпелыя не заяўлялі позвы аб кампенсацыі шкоды і наогул не лічаць сябе пацярпелымі.

– Цяпер крымінальная справа разглядаецца за тое, што мой падабаронны прастаяў на пешаходным пераходзе на чырвонае святло 26 секунд! Ці парушыў ён правілы дарожнага руху? Так. Але не блакаваў транспарт: каб пацярпелая Герасімюк праехала, паднялі банер.

Залесская лічыць, што яе падабаронная Карыцька павінна быць апраўданая, бо пацярпелыя сябе такімі не лічаць, адмовіліся ад позваў аб кампенсацыі і заявілі, што іх правы і свабоды не былі парушаныя.

Літвіновіч прасіла прызнаць паказанні пацярпелага Тумеля недапушчальнымі. Бо пацярпелы паясніў, што ён не даваў паказанні, следчы прыехаў з гатовымі паказаннямі і яны былі зробленыя па аналогіі са сведчаннямі Якімовіча. Адвакат звярнула ўвагу суда на тое, што ў пратаколах аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў ёсць значныя парушэнні.

Клімовіч зрабіў націск на паказанні пацярпелых, якія адмаўляліся такімі быць на працягу ўсяго судовага следства. Клімовіч сказаў, што доказаў віны падабароннай Задорскай прадстаўлена абвінавачваннем не было ні падчас папярэдняга следства, ні падчас судовага следства.

Апошняе слова абвінавачваемых

Дзмітры Карабейнік прасіў не прызначаць пакаранне абмежаваннем волі. Рыгор Саладоўнікаў адмовіўся ад апошняга слова. Карыцька сказала, што падтрымлівае свае слова падчас следства: не здзяйсніла злачынства, а парушыла правіла дарожнага руху. Сяргей Сідаровіч сказаў, што нельга пакідаць Карабейніка і Саладоўнікава за кратамі і вызваліць пасля вынясення прысуду. Ігар Сідаровіч заўважыў, што яму трэба быць 1 красавіка на пратэзаванні і чакаў гэтага паўгода. Ганна Задорская сказала, што ніхто з абвінавачваемых не спрабаваў перакрыць рух транспарту. Яна прасіла аб’ектыўна разабрацца ў справе і справядліва вынесці прысуд, прасіла змяніць меру ўтрымання для Карабейніка і Саладоўнікава.

Прысуд аб’явяць 31 сакавіка ў 17:00.