Фота polsha24.com.

25 сакавіка гаспадыня цэнтра моўных паслуг «Акадэмія» смаргонка Вольга Будай атрымала ліст ад раённай пракуратуры. У ім у сувязі з узніклай неабходнасцю пракуратура просіць цэнтр падаць пэўныя звесткі пра тых, хто вывучае і выкладае тут польскую мову ў перыяд ад 1 верасня 2020 года да 24 сакавіка 2021 года.

А менавіта – анкетныя дадзеныя выкладчыкаў; спіс асоб, у тым ліку непаўналетніх, якія вывучаюць польскую мову; парадак аплаты і копіі плацежных дакументаў; копіі адукацыйных праграм.

Мы звязаліся з Вольгай Будай. Вось як яна пракаментавала сітуацыю:

– Мы разумеем, што такі запыт ад пракуратуры, хутчэй за ўсё, звязаны з пераследам Саюза палякаў у Беларусі. Нават дата ліста – 25 сакавіка – кажа пра гэта. Бо 24 сакавіка быў суд над Анжалікай Борыс, кіраўніком Саюза палякаў у Беларусі, і яна атрымала 15 сутак. Ведаю, што ўжо былі праверкі і ў іншых моўных школах, дзе вывучаюць польскую.

Хацела б падкрэсліць, што наша школа – гэта прыватны лакальны праект для Смаргоні. Тут навучаюць не толькі польскай, але і англійскай, і нямецкай мовам. І да Саюза палякаў мы ніяк не прывязаныя.

Вольга мяркуе, што цяпер будуць правяраць усе школы і курсы, дзе вывучаюць польскую. А такую паслугу ў Смаргоні выконвае менавіта яе цэнтр.

Суразмоўца кажа, што ліст з пракуратуры, хутчэй за ўсё, не звязаны з яе грамадзянскай пазіцыяй, хаця і не выключае гэтага.

– Мы, канешне, можам перадаць на азнаямленне ў пракуратуру нашу адукацыйную праграму, але перадаваць асабістыя дадзеныя – імёны, прозвішчы, усё, што датычыцца аплаты, – гэта ўжо зусім іншае. Супраць нас не ўзбуджана ніякай справы. І на падставе чаго мы павінны перадаваць такія дадзеныя? – працягвае Вольга.

І дадае, што цэнтр разам з юрыстамі цяпер рыхтуе адказ у пракуратуру, дзе тлумачыць, чаму не будзе перадаваць асабістыя дадзеныя людзей.

– Мы адкрыліся ў 2019 годзе. Ад гэтага часу карыстаемся папулярнасцю і вельмі даражым сваёй рэпутацыяй.

А цяпер у сувязі з гэтым запытам аказаліся пад пагрозай навучэнцы курсаў, якія даверыліся нам. А гэта наша галоўная каштоўнасць, – падсумавала жанчына.

Той самы ліст.

• Текст доступен на языке: Русский