Фота nfo-Vsem.Ru.

Ад 1 красавіка ў Гродзенскай, Мінскай і Магілёўскай абласцях усталёўваецца агульная забарона на вылаў усіх відаў рыбы. Забарона прадоўжыцца да 30 мая.

Падчас нераставай забароны аматарскае рыбалоўства цалкам не забароненае, але абмежаванае: рыбачыць можна ў светлы час толькі адной вудай з адным кручком або адным спінінгам са штучнай прынадай, з адным адзінарным або падвойным, або трайным кручком з берага (без заходу ў ваду), альбо з лёду, са штучных збудаванняў.

Напрыклад, з муроў і масткоў лавіць можна, калі яны з’яўляюцца працягам берага. А вось з астравоў і любых збудаванняў, размешчаных у вадзе, аматарскае рыбалоўства забараняецца.

Ужыванне любых іншых прылад або спосабаў лоўлі падчас забароны кваліфікуецца як парушэнне і цягне штраф ад 290 да 870 рублёў. За вылаўленую незаконным спосабам рыбу парушальнік абавязаны пакрыць шкоду, якая ў нераст налічваецца ў трайным памеры.

Падчас забароны грамадзянам нельга карыстацца маламернымі суднамі, як для рыбалоўства, так і для іншых мэт. Тэрміны агульнай вясновай забароны перасякаюцца з нераставымі, усталяванымі асобна на некаторыя віды рыбы – шчупака і судака. Да 15 красавіка працягваецца забарона на лоўлю шчупака, а ад 15 красавіка да 30 мая нельга будзе лавіць судака. Таму гэтых рыб неабходна адпусціць назад у вадаём. Таксама ў нераставы перыяд нельга лавіць рака вузкапалага.

Кругласутачны нумар тэлефона даверу інспекцыі: (801592) 44074.