Фота забяспечанае Віталём Алексяёнкам.

Ужо некалькі гадоў ураджэнец Вілейкі Віталь Алексяёнак жыве ў Германіі. Тут ён працуе дырыжорам аркестра ў Мюнхенскім універсітэце. А нядаўна ў найбуйнейшым нямецкім выдавецтве выйшла яго кніга аб пратэстах на радзіме – «Белыя дні Мінска. Нашы мары пра вольную Беларусь».

Мы паразмаўлялі з Віталём пра яго першую кнігу, музыку, Германію і Беларусь, пра родную Вілейку.

– Давайце адразу пра кнігу. Раскажыце, як яна з’явілася? Адкуль ідэя? Назва?

– Назвы прапаноўвала выдавецтва, а я толькі выказваў меркаванні. Кніга выйшла на нямецкай мове ў адным з самых буйных выдавецтваў Германіі S.Fischer Frankfurt. У нямецкай мове ёсць алюзія на ранейшую назву Беларусі ў Германіі Weißrussland – «Белая Расія». Большасць немцаў да лета 2020 так называлі Беларусь і думалі пра яе як нейкую несамастойную частку Расійскай імперыі. Але ў падзагалоўку напісаны правільны тэрмін – «Belarus», каб усім было зразумела: Беларусь – асобная краіна з асобнай назвай. «Белыя» таксама сімвалы пратэстаў жніўня, пра якія я расказваю, – бранзалеты і жаночыя акцыі. Пратэсты ад 12 жніўня – таксама светлыя, бо пачыналіся ад раніцы. У адрозненне ад цёмных пратэстаў з гвалтам 9-11 жніўня, якія адбываліся ноччу. Белая фарба – сімвал чысціні і міру. А на фоне белага колеру кроў, якую праліла ўлада, дала новы кантэкст бел-чырвона-белым сімвалам.

Віталь у Мінску 16 жніўня 2020 года.

У кнізе я сабраў хроніку таго, што адбывалася ў Беларусі ад пачатку пандэміі і да восені 2020. Шмат таго, што беларусы бачылі на свае вочы і што для нас зразумела, нямецкаму чытачу было зусім невядома, бо Беларусь да жніўня 2020 заставалася для большасці замежнікаў закрытай краінай.

У кнізе таксама расказваю асабістую гісторыю і гісторыі іншых людзей, якія ў 2020 годзе перажылі супраціў, гвалт і салідарнасць. Ідэя стварыць кніжку з’явілася не адразу. Увесь жнівень я быў у Мінску і не думаў ні аб чым, акрамя таго, што адбывалася. Але аднойчы вырашыў: трэба збіраць сведчанні з гэтых гістарычных падзей.

Пачаў весці дзённік, запісваць думкі і перажыванні. Сам бы наўрад ці рашыўся на такую адказную працу, як напісанне кнігі. Але неўзабаве атрымаў прапанову нямецкага выдавецтва S.Fischer і, падумаўшы, пагадзіўся. На напісанне мне спатрэбілася дзесьці паўгода.

– У век лічбавых тэхналогій вы вырашылі выдаць папяровую кнігу. Чаму?

– Фармат папяровай кнігі вельмі папулярны ў свеце. Гэта асобны аб’ект, які можна набыць і назаўсёды захаваць у сябе. Але ёсць магчымасць набыць кнігу таксама і ў электронным фармаце.

– Гэта ваша першая кніга?

– Так. Калісьці ў дзяцінстве я напісаў паўтары кніжкі, але хутка іх недзе згубіў. А потым вырашыў стаць не пісьменнікам, а музыкантам.

– Першай чытачкай «Белых дзён» стала пісьменніца Нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч. Наколькі вам важны гэты факт? Што значыць для вас асоба пісьменніцы?

– Маё выдавецтва вельмі хацела, каб Святлана Аляксандраўна даведалася пра гэту кнігу. Таму я пазнаёміўся з пісьменніцай – спачатку пісьмова, а потым і асабіста. Мы некалькі разоў сустракаліся  Берліне, дзе яна цяпер вымушаная быць, размаўлялі пра кнігу, пра Беларусь і нашых людзей. Для мяне важна, што Святлана Аляксандраўна так спагадна і ўважліва аднеслася да мяне і да маёй працы. Некалькі апошніх год у мяне дома стаяў збор яе твораў у перакладзе на беларускую мову, які быў ініцыяваны Віктарам Бабарыкам. А з таго часу, калі я шмат гадоў таму прачытаў яе «Чарнобыльскую малітву», яна з’яўляецца для мяне сімвалам праўды, сумлення і шчырасці.

Некалькі год таму, калі прыязджаў у Беларусь, стаў цікавіцца нашай культурай, мовай, гісторыяй. Пачаў больш чытаць па-беларуску і размаўляць.

– Падзяліцеся, што сказала Алексіевіч пра вашу кнігу.

– Да маёй вялікай радасці, пахваліла. Казала, як важна было сабраць хроніку падзей 2020 года і літаратурна яе апрацаваць. Ёй спадабалася мая манера пісьма, і яна параіла працягваць пісаць.

– А цяпер прыгадайце вілейскае жыццё.

– Я нарадзіўся ў Вілейцы і жыў тут да 17 год, пакуль не скончыў школу №4 (потым яна стала гімназіяй №2). Ужо амаль палову свайго жыцця я не жыву ў Вілейцы. Спачатку паехаў у Мінск, потым вучыўся ў Санкт-Пецярбургскай дзяржаўнай кансерваторыі, а потым з’ехаў у Германію.

– Музыкай пачалі займацца ў родным горадзе?

– Так. Спачатку вучыўся на баяне, а потым – на трамбоне. Ужо ў 16 гадоў я ведаў, што стану музыкантам.

Запрашалі вучыцца ў Маладзечанскае музвучылішча (цяпер каледж), але я вырашыў паехаць у Мінск. Потым яшчэ далей – Расія, Германія… Увогуле, прафесія музыканта – гэта трохі качэўнік, вандроўца. Трэба ездзіць у іншыя гарады, краіны, каб даваць там канцэрты.

– І ў Германію таксама трапілі дзякуючы музыцы?

– У 2016 годзе я з’ехаў з Пецярбурга ў Веймар, каб прадоўжыць вучыцца на дырыжора. Было цікава, але і цяжка. Немцы – іншыя. Я іх паважаю, у іх усё працуе добра, яны вельмі прафесійныя. Але зразумела, яны не славяне і нейкія культурныя адрозненні трэба было зразумець, адаптавацца.

Але культурны ўзровень тут вельмі высокі, і мне хацелася б падзяліцца з Беларуссю гэтым узроўнем.

Віталь дырыжыраваў у шматлікіх гарадах і краінах.

– Значыць, параўноўвалі беларусаў і немцаў?

– Так, канешне, вельмі часта. Раней мне здавалася, што адрозненняў значна больш, чым падабенстваў. Але ў апошнія гады я ўсё больш пачаў разумець, што мы, беларусы, стаім дзесьці паміж расіянамі і еўрапейцамі. У нас ёсць шмат добрых якасцяў, вельмі падобных да немцаў: грунтоўнасць, працавітасць, простая чалавечая шчырасць.

– Раскажыце крыху пра тую мясцовасць, у якой жывяце сёння.

– Цяжка расказаць пра адну мясцовасць, бо я шмат пераязджаю. У Веймары афіцыйна жыў шмат гадоў, але працаваў у Мюнхене, вельмі часта бываю ў Берліне… Магу сказаць, што ўсе гарады вельмі розныя. У розных рэгіёнах Германіі розная гісторыя, ментальнасць, розныя дыялекты.

За працай.

– Як вам працуецца ў музыцы?

– Працую дырыжорам аркестра Мюнхенскага ўніверсітэта. А яшчэ – фрылансер. Тут гэта нармальная з’ява.

Працаваў у оперных тэатрах Еўропы – у Вене, Мюнхене, Барселоне, дырыжыраваў у Італіі, Польшчы, Швейцарыі.

Наша прафесія вельмі інтэрнацыянальная. Музыка з юнацтва стала для мяне спосабам самавыяўлення, маім спосабам застацца шчырым і сумленным з самім сабой і з іншымі людзьмі.

Віталь: Музыка з юнацтва стала для мяне спосабам самавыяўлення.

– Як у Германіі ставяцца да людзей мастацтва, як аплачваюць іх працу?

– Мне здаецца, калі б настаўнікі музыкі з Беларусі даведаліся, якая сітуацыя ў Германіі, у іх быў бы культурны шок. У любых музычных школах стаяць лепшыя раялі, інструменты вельмі добрыя і набываюцца часта. А заробкі… Ведаеце, чалавек можа працаваць настаўнікам у музычнай школе адзін-два дні на тыдзень і зарабляць на месяц жыцця ў Германіі, больш за тысячу еўра.

Тут разумеюць, якая гэта цяжкая праца. І разумеюць, што культура – гэта твар нацыі, таму ў яе трэба заўсёды інвеставаць.

– Калі шчыра, сумуеце часам па радзіме? Чаго не хапае?

– Сумую. Не хапае пачуцця дому. Некалькі год таму, калі прыязджаў у Беларусь, стаў цікавіцца нашай культурай, мовай, гісторыяй. Пачаў больш чытаць па-беларуску і размаўляць.

Цяпер, калі ў Беларусі амаль сталінскі тэрор, калі ў краіне часам не працуе закон, я ўсё больш думаю пра Беларусь, пра нашых людзей, якія зараз пакутуюць. І наколькі магу, дапамагаю. Кніга – адзін з гэтых прыкладаў.

Фотаздымкі забяспечаныя героем публікацыі.

• Текст доступен на языке: Русский