Гульні ля калыскі.

Зусім нядаўна мы з дзецьмі часова прытулілі ў сваёй групе сямейную драўляную калыску адной нашай выхаванкі.

Немаўля і міфічныя істоты побач.

Гісторыю гэтага старадаўняга вырабу распавёў тата дзяўчынкі, Ігар Найдзіч: «У калысцы выгадавалася некалькі пакаленняў нашай сям’і. Існавала нават традыцыя – усе дзеці павінны былі паспаць у гэтым ложачку, каб быць здаровымі. Калыска зробленая з сасны і лазы, матрац быў напоўнены сенам. Зрабіў калыску пад замову сваяк сям’і, майстар-самавучка Зыгмунд Бобек, чалавек з залатымі сэрцам і рукамі. Майстар умеў усё: будаваць хаты, рабіць мэблю, іграць на музычных інструментах і нават маляваць карціны. Яго работы ёсць у многіх кутках Беларусі і нават у Польшчы. А яшчэ гэты чалавек з чулай душой вельмі любіў прыроду. Ён пасадзіў вакол сваёй хаты бярозавы гай, якому зараз ужо 60 год, і ўвесь час будаваў і вешаў на дрэвы розныя птушыныя домікі: шпакоўні, сінічнікі, кармушкі».

Калыханка.

Каб даступна і зразумела распавесці малым пра гэту калыску, я спецыяльна распрацавала серыю заняткаў. Падчас іх малыя даведваюцца пра прызначэнне і ўладкаванне калыскі, розныя якасці драўніны, з якіх рабілі гэту дзіцячую мэблю, пра старадаўнюю пасцельную бялізну і яе аздабленне. А яшчэ дзеці практыкуюцца самі засцілаць ложачак, маляваць розныя разьбяныя калыскі, адмыслова змешваючы фарбы пад колер драўніны.

Выхаванцы захінаюць у пялюшкі лялек-немаўлят, спяваюць ім розныя калыханкі, даведваюцца пра сяброў немаўлят – лялек-мотанак, зернавушак і злую ведзьму Стрыгу з беларускіх міфаў, якой страшылі калісьці малых дзяцей.

Заняткі з калыскай.

У змесце заняткаў я выкарыстала многа фальклорных і музычных твораў, распрацавала назіранні, імітацыйныя практыкаванні і фізкультхвілінкі, рухомыя і карагодныя гульні, практычную работу. Метадычныя распрацоўкі заняткаў можна выкарыстоўваць у спецыяльнай арганізаванай дзейнасці, напрыклад, пры фарміраванні ўяўленняў выхаванцаў пра мэблю, дрэвы, беларускія традыцыі, рамёствы, фальклор. А яшчэ – падчас дадатковых заняткаў у дзіцячых цэнтрах творчасці, гуртковай рабоце. Пабудаваныя такім чынам заняткі будуць не толькі пазнавальнымі, але і мець глыбокі выхаваўчы ўплыў. Бо ўсе мы – родам з калыскі: спачатку з сямейнай драўлянай, а потым з роднай Беларусі.

З якога дрэва рабілі калыскі?

Цяпер мы шукаем для нашай калыскі добры музей, дзе б ацанілі яе ўнікальнасць і каштоўнасць, захоўвалі і бераглі адпаведным чынам. Такіх прадметаў сямейнай спадчыны ў нашай групе захоўваецца нямала: тканыя і вышываныя ручнікі, дываны, накідкі і сурвэткі, гліняны і драўляны посуд, карункі. Калі гаспадарам сямейныя рэчы не трэба, то я заўсёды знаходжу магчымасць прытуліць іх у сябе.

Фота аўтара.

 

• Текст доступен на языке: Русский