Фота Настассі УТКІНАЙ.

Паглядзіце, якія прапановы для тых, хто шукае працу ў рэгіёне, з’явіліся заапошні тыдзень на сайце Дзяржаўнай службы занятасці. Сёння разглядаем прапановы з Вілейкі, Маладзечна, Валожына і Мядзела.

Вілейка: Найбольш прапануюць галоўнаму бухгалтару на «Буддэталях»

Мясцовая раённая газета шукае фотакарэспандэнта, карэспандэнта і карэктара. Заробак кожнаму – ад 400 рублёў. На «Буддэталі» патрэбны галоўны бухгалтар. Абяцаюць ад тысячы рублёў. Электраманцёру там жа – ад 660. Крыху менш, ад 600, абяцаюць грузчыку ў «Еўраопце».

Вілейскі тэрытарыяльны цэнтр шукае некалькі сацработнікаў – па Ільянскім, Хаценчыцкім, Іжанскім сельсаветах. Заробак – ад 400 рублёў.

Шмат прапаноў ад аўтапарка №5. Патрэбныя кіроўцы, кандуктары, кладаўшчык, начальнік рамонтнай майстэрні. Найвышэйшы заробак у апошняга – ад 912 рублёў. Ад 600 абяцаюць кандуктарам, ад 600 да 800 – кіроўцам.

Аддзел адукацыі Вілейскага райвыканкама шукае прыбіральшчыка і шэф-повара. Заробкі – ад 400 і ад 600 рублёў адпаведна.

У аддзел культуры, ідэалогіі і па справах моладзі возьмуць галоўнага спецыяліста з вышэйшай адукацыяй. Заробак – ад 432 рублёў. Ляснік у Вілейскім доследным лясгасе атрымае ад 750.

Маладзечна: Трактарысту нават больш, чым галоўнаму бухгалтару на «Буддэталях»

Прыватны прадпрымальнік шукае прадаўца і кіроўцу з выкананнем абавязкаў грузчыка ў гандлёвы павільён у Заслаўі. Абодвум абяцае па 1500. Таксама шмат вакансій у гандлі ад сеткі «Дабраном» і «Еўрагандаль». У «Дабраном» патрэбныя кухонны рабочы, касір-кантралёр, загадчык аддзела,

прыбіральшчык. Найбольшы заробак у загадчыка аддзела – ад 750, найменшы ў прыбіральшчыка – ад 450. Падобны набор вакансій і ў «Еўрагандалі». Да пераліку дадаецца ахоўнік  з заробкам ад 600 рублёў.

Маладзечанскі райаграсэрвіс шукае трактарыста-машыніста для працы ў гаспадарцы ў Маркаве. Пазначаюць, што патрэбны досвед працы і магчымая дастаўка да месца. Заробак – ад 1200. У гэту ж гаспадарку райаграсэрвіс возьме аператара машыннага даення і кіроўцу аўтамабіля. Кіроўцу абяцаюць ад 530, аператару – ад 850.

На 0,56 стаўкі філіял РУП «Белпошта» возьме аператараў сувязі. Заробак– ад 300 рублёў. Сюды ж патрэбныя паштальён і начальнік. Заробкі ад 542 і 918 рублёў адпаведна.

Маладзечанскі дзяржаўны каледж шукае кіроўцу аўтамабіля. Заробак – ад 400 рублёў. З патрабаванняў – тры гады без парушэнняў правілаў дарожнага руху. У гэту навучальную ўстанову патрэбны і выкладчык спецдысцыплін з вышэйшай радыётэхнічнай адукацыяй і досведам працы не меншым за два гады. Заробак – ад 400 рублёў. Возьмуць сюды і педагога-арганізатара з такім жа заробкам.

Маладзечанскі цэнтр сацабслугоўвання насельніцтва на паўстаўкі возьме медсястру на дзяжурствы – суткі праз двое. Заробак за паўстаўкі – 200 рублёў. Тут жа патрэбныя сацработнік па Радашкавіцкім сельсавеце. Заробак – ад 400.

У гарадскую СШ №2 – ад 400 рублёў. У лакаматыўнае дэпо – начальнік. Заробак – ад 1250. Кіроўца на ПМК-32 атрымае ад 500. Па столькі ж – слесар-рамонтнік і электрагазазваршчык, якія прыйдуць працаваць на «Энву».

На паўстаўкі шукаюць бібліятэкара ў бібліятэку імя Максіма Багдановіча. Патрэбная профільная адукацыя. Заробак на паўстаўкі – ад 220. Сюды ж на стаўку возьмуць сталяра. Заробак – ад 450. У дзіцячыя садкі горада патрэбныя педагог- псіхолаг, повары, выхавальнікі, памочнікі выхавальнікаў. Заробкі – ад 400 да 650.

У аптэку №63 возьмуць фармацэўта, правізара і загадчыка. Заробак – ад тысячы. А загадчыку – ад 1100.

Валожын: Найбольш атрымае выкладчык у ліцэі

У Валожынскую ЖКГ шукаюць слесара па абслугоўванні цеплавых сетак. Заробак – ад 650. Прадпрыемства «Аблкаапгандаль» на паўстаўкі возьме байца жывёлы. Заробак – ад 300 рублёў.

Ад 600 рублёў прапануюць юрысконсульту, які прыйдзе працаваць у Валожынскі сельскагаспадарчы ліцэй, ад 700 – выкладчыку.

У гандлі – традыцыйны пералік вакансій «Дабранома» і «Еўрагандлю» з заробкамі ад 650 да 850. І на гэтым усё.

Мядзел: Рэкардсмен па прапановах – ЦРБ

Тут шмат прапаноў для тых, хто хоча працаваць у медыцыне. Санітаркі, дактары-спецыялісты, лабаранты, медсёстры, памочнікі дактароў патрэбныя ў Мядзельскай ЦРБ. Найменш – ад 403 – прапануюць санітарцы, найбольш – ад 720 – аднаму з дактароў.

У мясцовае ДЭУ возьмуць дарожнага рабочага. Прапануюць ад 400. Столькі жывёлаводу і слесару па рамонце абсталявання ў «Мядзелаграсэрвісе». І апошнія з вакансій, што з’явіліся за тыдзень, – кіроўца пагрузчыка і юрысконсульт. Абедзве прапановы – ад ДРБУ-133. Заробкі – ад 550 і ад 600 адпаведна.

 

• Текст доступен на языке: Русский