Кацярына Мацяш.

Ужо некалькі дзясяткаў педагогаў працуюць у беларускіх школах з падтрымкай праграмы «Настаўнік для Беларусі». Сярод іх – настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы №5 Смаргоні Кацярына Мацяш.

Мы папрасілі педагога падзяліцца досведам, як праграма можа змяніць жыццё і дапамагчы дзецям раскрываць таленты.

Кацярына скончыла школу ў Белаазёрску Брэсцкай вобласці, а пасля паступіла на філфак БДУ. На выбар паўплывала настаўніца рускай мовы і літаратуры Ніна Рыгораўна Вішнеўская – вытанчаная, далікатная, з мяккім прыгожым вымаўленнем. Менавіта яна падказала, што ў Кацярыны добра атрымалася б у галіне філалогіі. Тым больш гэты кірунак дазваляе рэалізаваць свой артыстычны бок.

Але і падчас вучобы, і адразу пасля дзяўчына не думала, што будзе працаваць у школе. Пасля выпуску пайшла працаваць у выдавецтва, дзе затрымалася на шэсць год. А пасля працавала педагогам дадатковай адукацыі ў прыватным цэнтры, хаця разумела, што гэта не тое, чаму хоча прысвяціць жыццё.

Чаму далучылася да праграмы

Пра існаванне праграмы «Настаўнік для Беларусі» Кацярына ведала ад самага старту. Год таму з-за пандэміі давялося развітацца з прыватным цэнтрам. Таму спецыяліст апынулася ў сітуацыі, калі давялося вызначацца з працай.

– Я хацела, каб мая праца была патрэбная і карысная, і яшчэ прыносіла мне задавальненне, – прыгадвае Кацярына. – Разам з тым мне была патрэбная супольнасць аднадумцаў, якія б падтрымалі маё пачынанне. Усё гэта сыходзілася ў праграме «Настаўнік для Беларусі».

Апынулася ў смаргонскай школе

Далучыцца да праграмы могуць як настаўнікі, так і школы. Настаўнікі ў заяўцы пазначаюць прадмет і праект, які хацелі б рэалізаваць. А школы пазначаюць, якія маюць вакансіі. Так пры пасрэдніцтве арганізатараў настаўнік і школа знаходзяць адзін аднаго і дамаўляюцца аб супрацоўніцтве.

Кацярына адзначае, што калі прыехала ў смаргонскую школу для знаёмства, інтуіцыя падказала, што гэта – яе, тое, што трэба.

Кожная гісторыя заслугоўвае, каб яе пачулі

Настаўнікі, якія ўдзельнічаюць у праграме, акрамя асноўнай працы ўвасабляюць адукацыйны праект на свой густ. Кацярына Мацяш арганізавала Клуб аматараў літаратуры. Педагог імкнецца стварыць падчас заняткаў клуба атмасферу свабоды, прыняцця і натхнення. Удзельнікі сачыняюць гісторыі і абмяркоўваюць іх.

Клуб кіруецца дэвізам, што кожная гісторыя заслугоўвае, каб яе пачулі. З твораў удзельнікаў склалі пілотную версію кнігі. Адна з дзяўчынак робіць ілюстрацыі. У планах – дапрацаваць выданне і пусціць яго на продаж.

Пра грошы

Удзельнікі праграмы атрымліваюць фінансавую дапамогу. Кацярына адзначае, што гэта вельмі істотна. Яна як настаўнік без катэгорыі магла разлічваць толькі на мінімальную аплату.

Таму дзякуючы стыпендыі і кампенсацыі аплаты за жыллё настаўнік можа прысвяціць сябе працы, а не ламаць галаву, дзе ўзяць грошы на мінімальныя патрэбы.

Набытак для сябе

Важная частка праграмы ў тым, што ўдзельнікі атрымліваюць веды падчас летняга інтэнсіву.

– Настаўнік сам не можа перастаць вучыцца, – разважае Кацярына Мацяш. – Сучасны свет так хутка мяняецца, што, каб існаваць у ім, неабходна пастаянна набываць новыя навыкі. У тым ліку і прафесійныя.

Складаныя сітуацыі

Любы настаўнік час ад часу сутыкаецца з праблемай кепскай дысцыпліны на ўроку. Мы папрасілі суразмоўцу падзяліцца рэкамендацыямі – што рабіць, калі вучні шумяць.

Першыя хвіліны ўрока дзеці могуць не адразу прыйсці ў рабочы стан. Таму калі клас шуміць, можа дапамагчы паўза. Хтосьці з дзяцей пачынае абсякаць аднакласнікаў: «Наш настаўнік чакае». І за хвіліну-другую клас звычайна супакойваецца сам. Можна паспрабаваць усміхнуцца і проста паглядзець на дзяцей. Або падысці і дакрануцца да парты асабліва гучнага вучня.

Яшчэ добры спосаб скінуць лішкі энергіі – фізкультхвілінка. Дзеці патанцуюць «Макарэну», і ўжо гатовы канцэнтравацца далей.

Што кажуць вучні

Дзеці шчыра аддзячваюць настаўніцы цёплымі і кранальнымі водгукамі. Некаторым падабаецца, што на ўроках можна патанцаваць на фізкультхвілінцы, іншыя прызнаюцца, што Кацярына Сяргееўна – самая добрая настаўніца на Зямлі.

Для самой жа Кацярыны Мацяш надзвычай важна ствараць атмасферу бяспекі і расслаблення, бо толькі ў такіх умовах можна вучыцца напоўніцу.

Як далучыцца да праграмы

Апошняя хваля набору ўдзельнікаў на новы сезон праграмы «Настаўнік для Беларусі» адбываецца ад 23 сакавіка да 23 мая. Гэта трэці набор на праграму, якая падтрымлівае таленавітых і смелых настаўнікаў і людзей, якія гатовы стаць настаўнікамі ў школ. Праграму рэалізуе мясцовы адукацыйны фонд «Новая школа». Заснавальнік фонду – адзін з беларускіх банкаў.

Мэта праграмы – забяспечыць у школах райцэнтраў і вёсак магчымасць вучыцца не на горшым узроўні, чым іх аднагодкі ў вялікіх гарадах. Для таго, каб прыцягнуць актыўных настаўнікаў у меншыя населеныя пункты, і распрацавалі праграму. Ужо двойчы ладзілі наборы, так што ў шэрагу школ Беларусі выкладаюць настаўнікі, якіх падтрымлівае праграма.

Для таго, каб далучыцца да праграмы, неабходна запоўніць анкету. Пасля арганізатары правядуць з кандыдатамі дыстанцыйнае інтэрв’ю. Пасля паспяховага праходжання гэтых этапаў удзельнікаў запросяць на групавы анлайн-тур. У выніку тых, хто паспяхова прайшоў усе этапы, запрашаюць на чатырохтыднёвы летні інтэнсіў.

Падчас яго ўдзельнікі атрымаюць самыя актуальныя веды ў галіне педагогікі, праектнага менеджмента, лідарства і іншыя веды, якія неабходныя сучаснаму настаўніку.

Далучыцца ў якасці партнёраў могуць і школы. Прапанова асабліва актуальная, калі ў школе не хапае кадраў, але вельмі хочацца рабіць школу лепшай, удасканальваць веды настаўнікаў і ствараць прыемны асяродак для вучняў.  Для гэтага школам варта запоўніць заяўку.

Бонусы для ўдзельнікаў

Пасля гэтага ўдзельнік працуе два гады ў школе настаўнікам і цягам гэтага часу ўвасабляць праект, які задумаў. Гэта можа быць як адкрыццё парку на тэрыторыі школы, так і адкрыццё курсаў па праграмаванні – галоўнае, каб ініцыятыва развівала адукацыйныя магчымасці школьнікаў.

Удзельнік праграмы будзе атрымліваць стыпендыю ад праграмы ў памеры 250 рублёў, кампенсацыю за арэнду жылля, а таксама ноўтбук для працы.

Такім чынам дзякуючы праграме таленавітыя настаўнікі працуюць у рэгіянальных школах – там, дзе яны вельмі патрэбныя. І пры гэтым дапамагаюць раскрыць патэнцыял дзяцей, дапамагаюць ім усвядоміць сваю каштоўнасць.