З надыходам вясны пачынаецца пажаранебяспечны перыяд. Гаспадары наводзяць парадак у дварах, спальваюць смецце, а часам і леташнюю траву. Менавіта таму днямі ў вёсках Маркаўскага сельсавета работнікі Маладзечанскага ГРАНС правялі рэйд, падчас якога высветлілі, хто паліць сухую расліннасць і парушае правілы пажарнай бяспекі пры спальванні смецця.
Чорныя плямы на ўчастках у вёсцы Талуі прыцягнулі ўвагу начальніка аддзела па надзвычайных сітуацыях Дзяніса Ушацкага.
– Ад сухой расліннасці пазбаўляецеся агнём? – задаў пытанне начальнік аддзела жанчыне. – Вам вядома, што ў Беларусі выпальванне сухой расліннасці забаронена законам. Згодна з артыкулам 16.40 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях за незаконнае выпальванне сухіх раслін, траў на корані, а таксама ржышча і пажніўных рэшткаў на палях або непрыняцце мер па ліквідацыі пажару вінаватых прыцягваюць да адміністрацыйнай адказнасці. Штраф – аж 290 да 870 рублёў. А згодна з артыкулам 16.41, за развядзенне вогнішчаў у забароненых месцах прадугледжаны штраф да 348 рублёў. Калі з-за пажару здарыцца шкода ў асабліва буйным памеры, надыходзіць крымінальная адказнасць.
Гаспадыня двара адказвала, што яна толькі спальвала смецце.
Аналагічна пазбаўляліся ад смецця і гаспадары суседняга дома. Калі ў першым выпадку, гаспадыня знаходзілася на тэрыторыі двара і кантралявала працэс, то ў другім – прыйшлося пашукаць домаўладальніка.
Знайшоўшчы гаспадараў, Дзяніс Ушацкі патлумачыў ім наступствы ад падобных дзеянняў.
МНС нагадвае правілы навядзення парадку на тэрыторыі прыватных жылых дамоў, дачах:
– развядзенне вогнішчаў дапускаецца на вычашчанай і абкапанай пляцоўцы ў зацішнае надвор’е. Паліць смецце неабходна такім чынам, каб полымя і іскры не траплялі;
на гаручыя элементы дамоў, гаспадарчых пабудоў, месцы, дзе захоўваюцца гаручыя рэчывы і матэрыялы;
– з сабой неабходна мець ёмістасць з вадой, пяском або вогнетушыцель, каб хутка патушыць полымя;
– не пакідайце вогнішча без нагляду;
– калі сыходзіце, затушыце вуголле да поўнага спынення тлення;
– выпальванне сухой расліннасці, паржышчавых рэшткаў, траў на корані катэгарычна забараняецца.
Фотаздымкі забяспечаныя Марынай Ганчаровай.