Падчас пандэміі COVID-19 вельмі важна харчавацца здаровай ежай. Рацыён можа ўплываць на здольнасць арганізма супрацьстаяць інфекцыі, змагацца з ёй і аднаўляцца ў выпадку перанесенай хваробы.

Сама па сабе ежа і харчовыя дадаткі не могуць абараніць ад COVID-19 або вылечыць захворванне. Але здаровае харчаванне неабходна для падтрымання функцый імуннай сістэмы. Акрамя таго, збалансаваны рацыён дазваляе зменшыць верагоднасць узнікнення іншых расстройстваў, у тым ліку атлусценне, захворванні сэрца, дыябет і некаторыя віды раку.

Здаровае харчаванне для дзяцей груднога ўзросту – гэта выключна грудное малако ў першыя шэсць месяцаў з паступовым увядзеннем бяспечных харчовых прадуктаў у дадатак да матчынага малака з шасці месяцаў да двух гадоў і больш. Дзецям ранняга ўзросту здаровае і збалансаванае харчаванне неабходна для росту і развіцця арганізма.

Ешце разнастайна, у тым ліку садавіну і гародніну

  • Кожны дзень варта ўжываць у ежу сумесь з натуральных злакаў, такіх як пшаніца, кукуруза і рыс. Бабовыя, напрыклад, сачавіцу і фасолю. Дастатковую колькасць свежых садавіны і агародніны і прадукты жывёльнага паходжання, напрыклад, мяса, рыбу, яйкі і малако.
  • Па магчымасці неабходна выбіраць крупы з неапрацаваных зярнят, напрыклад, з кукурузы, проса, аўса, пшаніцы і бурага рысу. Яны багатыя каштоўнай клятчаткай і спрыяюць доўгаму захаванню пачуцця сытасці.
  • Для перакусу на працягу дня падыдуць свежыя гародніна, садавіна і несалёныя арэхі.

Менш солі

  • Варта абмежаваць спажыванне солі да пяці грамаў у дзень. Гэта адна чайная лыжка.
  • Не перасольвайце гатовыя стравы і ежу ў час прыгатавання. Старайцеся радзей выкарыстоўваць салёныя соусы і прыправы, напрыклад, соевы соус, рыбны соус ці соус на аснове булёну.
  • Калі ўжываеце ў ежу кансервы або сушаную прадукцыю, старайцеся выбіраць прыгатаваную з гародніны, арэхаў або садавіны без солі або цукру.
  • Прыбярыце са стала сальніцу і паспрабуйце дадаваць для смаку свежую або сушаную зеляніну і спецыі.
  • Правярайце ўтрыманне солі ў набытай прадукцыі і аддавайце перавагу ежы з нізкім утрыманнем натрыю.

Менш тлушчу

  • Гатуючы ежу, аддавайце перавагу аліўкаваму, соеваму, сланечнікаваму або кукурузнаму алею.
  • Аддавайце перавагу белым гатункам мяса, напрыклад, мясу птушкі і рыбы. Утрыманне тлушчу ў іх звычайна ніжэйшае, чым у мясе чырвоных гатункаў. Зразайце з мяса тлушчавую праслойку і старайцеся пазбягаць ужывання мясных паўфабрыкатаў.
  • Малако і малочныя прадукты павінны быць абястлушчанымі або з паніжаным утрыманнем тлушчу.
  • Пазбягайце выпечкі, смажаных і перапрацаваных прадуктаў, у якіх ёсць транстлушчы прамысловай вытворчасці.
  • Імкніцеся гатаваць ежу на пары або варыць, а не смажыць.

Менш цукру

  • Паспрабуйце абмежаваць спажыванне ласункаў, а таксама салодкіх напояў, напрыклад, газіраванай вады, фруктовых сокаў і напояў на аснове соку.
  • Замест прысмакаў, такіх як печыва, тарты і шакалад, выбірайце свежую садавіну. Калі вы ўсё ж аддаяце перавагу дэсертам, варта падбіраць такія, у якіх няшмат цукру, і есці невялікімі порцыямі.
  • Менш карміце дзяцей прадуктамі з цукрам. Соль і цукар не варта дадаваць у прыкорм для дзяцей да двух гадоў.

Больш вады

Для аптымальнага функцыянавання арганізма неабходна сачыць за дастатковым паступленнем вадкасці. Вада з-пад крана, калі яна бяспечная для піцця і даступная, з’яўляецца самым патрэбным і недарагім напоем.