39-гадовага маладзечанца абвінавачваюць у абразе службовых асоб і распальванні сацыяльнай варожасці, паведамляе афіцыйны прадстаўнік Упраўлення Следчага камітэта па Мінскай вобласці Алена Крупеніна.

У кастрычніку 2020 года пакінуў у тэлеграм-канале каментарыі, якія следства расцаніла як абразу прэзідэнта Беларусі, старшыні Цэнтрвыбаркаму і супрацоўнікаў міліцыі. Крупеніна адзначае, што каментарыі ўтрымлівалі ненарматыўную лексіку.

Таксама маладзечанец пакінуў у тэлеграм-чаце паведамленне, якое лінгвістычная экспертыза расцаніла як выказванне пабуджальнага характару, што заклікае да гвалтоўных дзеянняў да супрацоўнікаў міліцыі.

Дзеянні мужчыны кваліфікавалі па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса:

  • частка 1 артыкула 130 (Наўмысныя дзеянні, накіраваныя на ўзбуджэнне іншай сацыяльнай варожасці па прыкмеце сацыяльнай прыналежнасці да супрацоўнікаў міліцыі);
  • частка 1 артыкула 368 (Публічная абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь);
  • артыкул 369 (Публічная абраза прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў).

Расследванне крымінальнай справы завершанае. Матэрыялы перададзеныя пракурору для накіравання ў суд.

Абвінавачваемы знаходзіца пад вартай. Ён часткова прызнаў віну і сказаў, што напісаў паведамленні на эмоцыях.