Віталь Качаткоў. Фота russianshanson.info.

Пра свой спіс любімых твораў мастацтва расказвае музыкант, майстар спорту па шахматах, бізнесмен і бацька траіх дзяцей Віталь Качаткоў з Маладзечна.

Фармат рубрыкі «Таршэр» – гэта кароткае рэзюмэ пра твор. Пару радкоў эсэ, каб зацікавіць меркаванага чытача. Каб той пры выбары не патануў у мегатонах літаратуры і іншых твораў мастацтва. Каб дапамагчы чытачу вызначыцца з магчымым будучым матэрыялам для ўспрымання і пазнання.

Само чытанне літаратуры і кніг адбываецца ў мяне хвалепадобна ў залежнасці ад розных перыядаў. Цяпер, напрыклад, не чытаецца нешта сур’ёзнае і доўгае. Чытаюцца, у асноўным, навіны, артыкулы, і не толькі пра палітыку. Цяпер пражываю такую вось хвалю.

Расказваючы пра творы мастацтва, паспрабую закрануць тых пісьменнікаў, творчасць якіх крыху змяніла мой светапогляд.

  1. «Ператварэнне» Франца Кафкі

Не проста вырашыць, што ўзначаліць спіс. Усё ж на першае месца пастаўлю пісьменніка Франца Кафку. Зразумець, ці ваша такая творчасць, мабыць, атрымаецца толькі ў працэсе чытання. Пачніце знаёмства з Кафкай з аповеду «Ператварэнне».

  1. «Прыгоды бравага салдата Швейка» Яраслава Гашэка

Я рэдка перачытваю кнігі. Але чамусьці «Прыгоды бравага салдата Швейка» Гашэка – адна з гэтых кніг. Растлумачыць прычыну цяжка. Хутчэй за ўсё, прычына ў сумесі гумару, сарказму і сюррэалізму. Усё гэта такое атрутнае і ў той жа час такое маё.

  1. Творы Ігара Губермана

Скажаце, гэта папса? Ну, гэта так. Але гэта, як і ў Жванецкага – усё наша жыццё. Тым, хто не любіць маты, крыху на мяжы амаль паэтычнай пошласці – не чытайце. Мая маці, напрыклад, не змагла прачытаць.

  1. Байкі Эзопа

Якраз нядаўна адкрыў для сябе байкі Эзопа. Аказваецца, многія вядомыя нам класічныя творы другасныя ў плане сюжэту. Таму цікава было пазнаёміцца з першакрыніцай.

  1. Творы Святланы Алексіевіч

З твораў гэтага аўтара рэкамендую прачытаць усё. Будзе цяжка, балюча, эмацыйна.  Але чытаць трэба. Можна пачаць з класікі – «У вайны не жаночы твар».

  1. «Лаліта» Набокава

Калі я станавіўся артыстам, у Маскве першы час падчас інтэрв’ю пакутаваў на тое, што было цяжка выказваць думкі словамі. Мне парэкамендавалі пачытаць чамусьці менавіта «Лаліту» Набокава. Казалі, што гэта класіка сучаснай рускай мовы. Раман скандальна эратычны, чытаць пасля дасягнення 18 год.

  1. «Вершнікі без галавы» Салаўёва-Спаскага

Я заўсёды аддаваў перавагу правераным стравам і напоям. Не выключэнне складаюць і кнігі. Звяртаю ўвагу на класіку і рэкамендацыі. Адна з рэкамендаваных у перыяд, калі я актыўна заваёўваў музычны алімп, каб пазнаёміцца з гісторыяй сучаснай музыкі, – «Вершнікі без галавы» Салаўёва-Спаскага.

Аўтар цікавы мне тым, што з’яўляецца сынам 10 чэмпіёна свету па шахматах Барыса Спаскага. Кніга пра звар’яцелых музычных зорак. Адразу зразумеў, што я – не зорка.

І будзем факусавацца на творах Чэхава, Салжаніцына, Даўлатава – тут і так усё вядома, яны абавязковыя да прачытання. Каюся аб адсутнасці ў спісе кніг беларускіх аўтараў. Спадзяюся, падчас наступнай хвалі літаратурнага запою кампенсую гэта і спаталю смагу ў Караткевічы, Марціновічы, Глобусе, можа, і Батракову пачытаю.

  1. «Мае Вялікія папярэднікі» Гары Каспарава

Са спецыялізаванай літаратуры вылучу аўтара Гары Каспарава. Пяцітомнік «Мае Вялікія папярэднікі» пагрузіць вас надоўга ў свет шахмат, шахматнай гісторыі.

  1. Творы Рона Хабарда

Небяспечны геніяльны аўтар. Можа пагрузіць і заразіць ідэямі, змяніць жыццё. Падарыў гадоў 20 таму кнігу аднаму сябру – яна перакуліла сябру жыццё.

  1. «Прыгоды Алісы ў Краіне цудаў» Луі Кэрала

Казкі, вершы, апавяданні проста люблю. Часам чытаю проста нанач з Луі Кэрала «Прыгоды Алісы ў Краіне цудаў». Напэўна, і дачку сваю назвалі ў гонар гэтай Алісы.