Фота hurriyetdailynews.com.

6 красавіка стала вядома, што Беларусь акажа гуманітарную дапамогу Сірыі. У арабскую краіну накіруюць лекі, цукар, трансфарматары, грузавую і будаўнічую тэхніку – больш, чым на адзін мільён рублёў. Гэта не першая гуманітарная дапамога сірыйцам.

«Рэгіянальная газета» расказвае, як пачаўся ваенны канфлікт у Сірыі і як Германія стала адной з галоўных краін сусвету, што дапамагае сірыйскім бежанцам.

Грамадзянская вайна ў Сірыі

Напрыканцы зімы 2011 года ў Сірыі ўспыхнулі мірныя пратэсты. Яны разглядаліся як частка «арабскай вясны» – супраціўленне рэжыму Башара Асада. У хуткім часе перараслі ў грамадзянскую вайну. У ваенным канфлікце ў Сірыі ўцягнутыя розныя сілы – замежныя краіны і арганізацыі.

Летам 2011 года масавыя пратэсты перараслі ў маштабны ўзброены канфлікт. Асноўныя патрабаванні апазіцыі ўключалі адстаўку Асада, адмену надзвычайнага становішча, што дзейнічае з 1962 года, і правядзення ў Сірыі дэмакратычных пераўтварэнняў.

Першапачаткова баявыя дзеянні вяліся паміж арміяй і фарміраваннямі «Свабоднай сірыйскай арміі». Пасля ў канфлікт уступілі ісламскія тэрарыстычныя арганізацыі – а гэта стала повадам для пачатку ваеннай інтэрвенцыі ЗША і яе саюзнікаў. Пасля ўступлення ў канфлікт Кааліцыйных войскаў Расія дамовілася правесці сумесна з Асадам ваенную аперацыю.

Канфлікт у Сірыі стаў адной з галоўных прычын еўрапейскага міграцыйнага крызісу. У 2011 годзе міжнародная супольнасць прымала некалькі спроб для палітычнага ўрэгулявання ў Сірыі. Міжнародныя арганізацыі падверглі крытыцы практычна ўсе бакі, у тым ліку ўрад Сірыі, тэрарыстычныя і апазіцыйна паўстанцкія групоўкі, Расію, Турцыю і Кааліцыйныя сілы пад кіраўніцтвам ЗША за сур’ёзныя парушэнні правоў чалавека і масавыя забойствы.

Палітыка Германіі ў дачыненні да сірыйскіх бежанцаў

У 2015 годзе канцлер Германіі Ангела Меркель заявіла, што яе краіна гатовая прыняць сірійскіх бежанцаў па-за залежнасці ад таго, у якой краіне Еўрасаюза яны апынуліся спачатку. Такім чынам, Германія стала першым членам ЕС, які парушыў Дублінскую канвенцыю 1990 года, на падставе якой бежанцы маглі прасіць прытулку толькі ў той краіне, мяжу якой перасеклі першай.

Пасля заявы Меркель толькі за 2015 год па ўсёй краіне зарэгістравалі больш за мільён бежанцаў. Амаль 430 тысяч з іх прыбылі з Сірыі.

З таго часу ў Германіі адбыўся шэраг нападаў і тэрактаў з удзелам выхадцаў з краін Бліжэйшага Усходу і паўночнай Афрыкі. У Германіі актывізаваўся ўльтраправы рух, а Меркель падверглася жорсткай крытыкі. Аднак шматлікія нямецкія сацыёлагі сцвярджаюць, што Ангела Меркель была права.

Наплыў бежанцаў, як меркавалі Меркель і яе паплечнікі, стаў прытокам сіл для эканомікі Германіі. Сацыёлагі падлічылі, што пасля пяці гадоў жыцця ў Германіі на пастаянную працу ўладкоўваюцца амаль палова імігрантаў. Па дадзеных нямецкага Інстытута вывучэння працоўнай занятасці, 49% бежанцаў апошняй хвалі (тыя, хто прыехаў пасля 2013 года), знайшлі сабе пастаянную працу.

Па мінімальных падліках, штогод Германія выдаткоўвае на бежанцаў больш за 20 мільярдаў еўра, а па максімальных – каля 55 мільярдаў. Трэба заўважыць, што траціна гэтай сумы сыходзіць на дапамогу бежанцаў за межамі краіны.

Вясной 2019 года газета Welt правяла апытанку наконт бежанцаў. Большасць з рэспандэнтаў пагадзіліся з меркаваннем «Большасць тых, хто хадайнічае аб прытулку насамрэч не праследуецца ў сваіх краінах». Аднак большасць апытанак усё-такі сведчаць пра тое, што каля 70-80% немцаў згодны, што бежанцам трэба дапамагаць.

Як бежанцы інтэгруюцца ў Германіі

Даследаванне Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця і Еўрасаюза сведчыць аб тым, што імігранты ў Германіі інтэгруюцца больш паспяхова, чым у многіх іншых краінах. Станоўчая дынаміка звязаная з тым, што нямецкія ўлады пачалі надаваць увагу моўным курсам і праграмам па інтэграцыі, на якіх апошнім часам выдаткавалі шмат сродкаў.

Курс па інтэграцыі складаецца з двух частак: нямецкая мова і метады сацыяльнай адаптацыі. Моўная частка складае 600 акадэмічных гадзін, пасля чаго здаецца іспыт на ўзровень валодання мовай. Курс абавязковы для іншаземцаў з правай прыбывання ў Германіі. Выключэнне робіцца для тых, хто ўжо валодае нямецкай. Вызваліць ад курса можа толькі профільнае ведамства па справах мігрантаў.

Міграцыйная палітыка Ангелы Меркель, якая адчыніла дзверы сотням тысяч сірыйскіх бежанцаў і заклікала іншыя еўрапейскія краіны зрабіць так жа сама, дорага ёй абышлася. Меркель страціла частку электарату на рэгіянальных выбарах і выбарах у Бундэстаг.

– Меркель не адчыніла межы, але гэта не зусім так. Яна проста прымяніла існуючы закон аб свабодзе перасоўвання ўнутры Еўропы. Тут, хутчэй, гаворка ідзе не пра тое, што яна нешта адчыніла, яна проста не стала нічога закрываць, – тлумачыў палітолаг Свабоднага ўніверсітэта Берліна Крыстаф Нгуен у інтэрв’ю Бі-бі-сі.

Сацыёлагі сцвярджаюць, што ў далейшай перспектыве Германія толькі выйграе ад наплыву мігрантаў.

Па дадзеных Федэральнага дэпартаменту па міграцыі і бежанцам у Германіі ў пошуках працы знаходзяцца каля 450 тысяч бежанцаў. Усе яны зарэгістраваныя на біржы працы і ў розных бюро па працаўладкаванню. Пры гэтым, згодна з апошнімі дадзенымі дэпартаменту, 17% з тых, хто прыходзіць праграмы па інтэграцыі, элементарна не навучаны грамаце і іх будучыня па ўладкаванню пад вялікім пытаннем.

Немцы тлумачаць галоўнае адрозненне інтэграцыі бежанцаў у Германіі ад інтэграцыі ў іншых еўрапейскіх краінах дуальнай сістэмай адукацыі. У Германіі амаль немагчыма ўладкавацца на працу толькі з «коркай», але без вопыту, і наадварот. Сістэма пабудаваная так, што калі чалавек вучыцца любой спецыяльнасці, то ён паралельна засвойвае яе практычна.