Фота sportarena.by.

Дырэктар «Смаргоні» Павел Люцько расказаў, як каманда трапіла ў вышэйшую лігу, паведамляе «Трыбуна».

– У гэтым годзе «Смаргонь» пасля доўгага перапынку зноў выступае сярод мацнейшых каманд краіны…

– Яшчэ ў мінулым годзе мы занялі шостае месца ў першай лізе, мы ведалі, што дакументы АБФФ даюць нам права на ўдзел каманды ў мацнейшым дывізіёне краіны, пры захаванні адпаведных крытэрыяў. Але такую магчымасць у цяперашнім міжсезонні, мы шчыра нават не разглядалі.

Затым у пачатку лютага нам прыйшоў ліст з Асацыяцыі «Беларуская федэрацыя футбола» з тлумачэннямі працэдуры ліцэнзавання для выступлення каманды ў вышэйшай лізе.

Для нас гэта быў сваеасаблівы выклік, які мы прынялі, бо прафесійны спорт – гэта заўсёды матывацыя і рух наперад, а таптацца на месцы проста нецікава, трэба заўсёды імкнуцца да далейшага ўдасканалення і развіцця.

Заручыўшыся падтрымкай раённых і абласных уладаў, а так жа Гродзенскай абласной федэрацыі футбола, падалі адпаведныя дакументы. А першага сакавіка мы ўжо атрымалі ліцэнзію.

– Выступленне ў вышэйшай лізе патрабуе зусім іншых фінансавых страт…

– Я б не акцэнтаваў увагу толькі на камандзе, што выступае ў вышэйшай лізе, гэта ж толькі вершыня футбольнай піраміды. Ёсць яшчэ склад дублёраў, чатыры юнацкія каманды і дзве каманды дзяўчынак, усе яны будуць прымаць удзел у рэспубліканскіх спаборніцтвах. Не трэба забываць і юных спартсменаў, якія займаюцца футболам у ДЮСШ, а іх каля 500. Усё гэта дае вялікі імпульс у развіцці футбола ў нашым рэгіёне. А бюджэт на нашу галоўную каманду застаўся амаль у такіх жа межах, што і ў мінулым годзе.