8 красавіка ў Маладзечна каманда партыі «Разам» планавала пабачыцца з мясцовымі жыхарамі. Гэта павінна была быць першая сустрэча з прадстаўнікамі плануемай партыі, аб намеры стварыць якую заявілі ўдзельнікі штаба Віктара Бабарыкі.

Сустрэча не змагла адбыцца ў поўным запланаваным фармаце. Як тлумачаць прадстаўнікі штаба, «паўстала непаразуменне з боку прадстаўнікоў МУС».

Перад пачаткам сустрэчы сябра каманды партыі «Разам» Максім Баграцоў кансультаваўся з кіраўніцтвам мясцовага РАУС. «Дасягнуць паразумення ў дачыненні да статусу нашага мерапрыемства ў гэты раз не атрымалася» – расказалі прадстаўнікі штаба.

Каля дзесяці маладзечанцаў прыйшлі на мерапрыемства, дзе сустрэчу пачалі праводзіць валанцёры штаба, аднак неўзабаве ў памяшканне прыйшлі супрацоўнікі Маладзечанскага РАУС. Яны паведамілі, што мерапрыемства несанкцыянаванае і заклікалі разысціся. Затрыманняў не было.

«Праца над арганізацыяй сустрэч у гарадах Беларусі працягваецца, вопыт Маладзечна будзе ўлічаны пры падрыхтоўцы наступных сустрэч», – сказалі прадстаўнікі штаба.

Фота Настассі Уткінай.

• Текст доступен на языке: Русский