У Смаргоні шмат спецыялістаў патрэбна ў вытворчасць. Фота Аксаны Ярашонак.

Сёння прапануем разгледзець вакансіі і заробкі, якія прапануюць шукальнікам арганізацыі і ўстановы Астраўца, Ашмянаў і Смаргоні.

Вось якія прапановы з’явіліся за апошні тыдзень на сайце Дзяржаўнай службы занятасці.

Астравец: Найвышэйшы заробак у дырэктара бібліятэкі

Астравецкая раённая бібліятэка шукае дырэктара. Абяцаюць заробак ад 744 рублёў. Сюды ж на паўстаўкі возьмуць інспектара па кадрах. Прапануюць ад 200 рублёў.

У мясцовую сельгастэхніку возьмуць двух трактарыстаў-машыністаў. Абяцаныя заробкі розныя: аднаму – ад 600, другому – ад 500. У гэту ж арганізацыю гатовыя ўзяць слесара-рамонтніка, вядучага інжынера, электраманцёра, зваршчыка, кіроўцу. Інжынеру прапануюць ад 547, кіроўцу – ад 550. Іншым – ад 500.

Ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацабароне патрэбныя сядзелка і сацработнік. Сядзелцы – ад 500, сацработніку – ад 600.

Шукальнік, які прыйдзе дворнікам, прыбіральшчыкам ці рабочым па комплексным абслугоўванні ў астравецкую гімназію, атрымае ад 400. Такі ж заробак тут прапануюць акампаніятару ў мясцовай школе мастацтваў. Дарэчы, пакуль школа мастацтваў не толькі без акампаніятара, але і без намесніка дырэктара. Яго возьмуць на паўстаўкі і будуць плаціць ад 300 рублёў. А філіял гэтай школы ў Варнянах шукае загадчыка. Заробак – ад 500. Завяршаюць спіс вакансіі ад ЖКГ – рабочы і начальнік хіміка-бактэрыялагічнай лабараторыі. Заробкі ад 600 і ад 643 адпаведна.

Ашмяны: Патрэбныя дактары. І нават галоўны

Тут шукаюць інжынера-тэхнолага ў ЗАТ «Радыётэхніка». Прапануюць ад 600 рублёў. Галоўнаму бухгалтару і кіроўцу ў «Ашмянах-быце» – ад 400.

Дзяржаўнае прадпрыемства «Пагранічны», што ў Каменным Логу, возьме агранома. Прапануюць ад 500.

Некалькі прапаноў ад музея імя Багушэвіча ў Гальшанах. Тут патрэбны ці не цэлы штат – прыбіральшчык на палову стаўкі, дворнік, наглядчык, экскурсавод, касір. Касіру, наглядчыку і дворніку прапануюць ад 400.

Прыбіральшчыку за палову стаўкі – 200. А вось экскурсавод атрымае ад 500.

У садку №7 возьмуць прыбіральшчыка на палову стаўкі і повара. Заробкі – 200 і 400 адпаведна. Цяпер прапановы ад ЦРБ. На паўстаўкі возьмуць медсястру ў платны стаматалагічны кабінет. Заробак – ад 200. Доктар-хірург па экстраннай дапамозе ў паліклініцы – ад 700, а яго калега ў хірургічным аддзяленні – ад 650. Дактароў і медсёстраў у Ашмянах патрэбна шмат. Стаматолаг – ад 550, стаматолаг-хірург – ад 468, дэрматавенеролаг на паўстаўкі – ад 321, неўролаг – ад 600. Ад 600 і фельчару. Ад 212 – рэнтгенлабаранту на паўстаўкі. Патрэбны нават галоўны доктар. Заробак – ад 800. Медсёстрам прапануюць ад 400. Столькі ж кухоннаму рабочаму, санітаркам і тынкоўшчыку, які таксама патрэбны ў бальніцы. Доктар-лабарант патрэбны і ў мясцовым цэнтры гігіены і эпідэміялогіі. Заробак за паўстаўкі – ад 410. Эканаміст на стаўку атрымае тут ад 470.

На ашмянскі мясакамбінат возьмуць ветэрынарнага доктара. Прапануюць ад 790. У мясцовы цэнтр сацабслугоўвання возьмуць сацыяльнага работніка. Прапануюць ад 451 рубля. Сядзелцы – ад 472. Некалькі вакансій ад ЗАТ «Будаўнік» – архітэктар, бетоншчык, машыніст аўтакрана, дахаўшчык і геадэзіст. Апошняму – ад 700. Астатнім – ад 800 кожнаму.

Ёсць прапановы ў галіне культуры. На паўстаўкі рэжысёр, на стаўку – касір, кантралёр і акампаніятар. Усім – ад 400. Рэжысёру на паўстаўкі – ад 210.

Смаргонь: А тут працуюць заводы

ЖКГ шукае грузчыка. Прапануе ад 586. Патрэбны грузчык і на мясцовы хлебазавод. Праўда, атрымае ён тут ад 400.

Агрэгатны завод гатовы заплаціць ад 550 спецыялісту, які прыйдзе на пасаду інжынера па ахове навакольнага асяроддзя, і ад 650 – аператару аўтаматычных і паўаўтаматычных ліній станкоў. Некалькі прапаноў ад «Кранаспана» – інжынер-электрык, тэхнік-лабарант, галоўны інжынер, спецыяліст па арганізацыі закупак, намеснік дырэктара, менеджар, начальнік цэха, інжынер-электрык, інжынер-механік. Заробкі ва ўсіх – ад 800. Ад 700 – толькі ў тэхніка-лабаранта і інжынера-механіка.

На прадпрыемства «Смаргоньсілікатабетон» возьмуць слесара і лабаранта па фізіка-механічных выпрабаваннях. Заробкі – ад 650 і 500 адпаведна. Яшчэ вакансіі ад прадпрыемства – прыбіральшчыкі, кантралёры будматэрыялаў, кранаўшчык, вядучы эканаміст. Кантралёру заплацяць ад 500, астатнім – ад 700. Вытворчасць знаходзіцца ў вёсцы Міхневічы Залескага сельсавета.

Працоўныя месцы ў адукацыі наступныя: повар на паўстаўкі, прыбіральшчык і гардэробшчык у СШ №2. Заробкі – ад 400 і ад 200 – на паўстаўкі. І повар у садок №13 з заробкам ад 400.

Ад мясцовага аграсэрвісу – спецыяліст па кадрах, грузчык, спецыяліст па маркетынгу. Заробкі ўсё тыя ж – ад 400.

На паўстаўкі цэнтр сацабслугоўвання «Цёплы дом» возьме адміністратара сацсетак. Заробак – ад 310. Загадчык аддзялення ў цэнтры атрымае ад 720.

У гаспадарку ў Жодзішках патрэбныя жывёлавод, трактарыст, аператар машыннага даення. Ад 600 – жывёлаводу, астатнім – ад 700.

У раённы цэнтр культуры патрэбны балетмайстар – ад 500 і інжынер-праграміст – ад 550.

• Текст доступен на языке: Русский