Уладзімір Церабун віншуе вучняў і настаўнікаў першай школы з адкрыццём музея. Фота roo-smorgon.by.

11 красавіка святкуе свой 75-гадовы дзень нараджэння вядомы беларускі мастак, скульптар, графік, сябра Саюза мастакоў Беларусі, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, ганаровы грамадзянін Смаргоні, выпускнік смаргонскай СШ №1 Уладзімір Церабун.

За што Смаргонь удзячная скульптару

Дыяпазон творчых набыткаў і грамадскіх ініцыятыў Уладзіміра Васільевіча вельмі шырокі, хапіла б на кнігу. А калі размясціць на паліцах работы мастака, то атрымаўся б вялікі аўтарскі музей. Нездарма ў яго роднай першай смаргонскай школе кіраўніцтва, прыступіўшы да рэканструкцыі музейнага пакоя «Наш гонар» у гісторыка-краязнаўчы музей, задумалася пра такі варыянт.

І вось на бачным месцы музея размясцілася багатая экспазіцыя, прысвечаная ганароваму вучню – Уладзіміру Церабуну.

Смаргонцы ўдзячныя за прыгажосць горада ў тым ліку і ад творчасці знакамітага мастака: памятны знак «500 год гораду Смаргоні» і «Рэха вайны», памятны знак воінам-інтэрнацыяналістам Смаргоншчыны, скульптурная кампазіцыя «Мядзведжая акадэмія».

Уладзімір Церабун (у цэнтры) са скульптарамі Іванам і Анатолем Арцімовічамі. Фота з сайта sch2-smorgon.by.

Наш горад упрыгожваюць і каменныя малыя скульптурныя формы – вынік пленэру, у арганізацыі якога ўдзельнічаў мастак.

Шматтэмнасць у творчасці Уладзіміра Церабуна

Значнае месца ў творчасці Уладзіміра Церабуна займае тэма вайны. У мастака яна прадстаўленая так, што становіцца блізкай кожнаму. Гэта тычыцца і мемарыяльнага ансамбля «Дальва», і маленькай скульптурнай кампазіцыі «Зноў пра вайну». Адна з характэрных асаблівасцяў аўтарскай тэматыкі – уменне паказаць велічнае і трагічнае аднаго чалавека і бачыць у гэтым трагедыю чалавецтва.

Комплекс “Дальва”. Аўтар Уладзімір Церабун.

Галоўная рыса творчасці Церабуна – пошук і валоданне пачуццём асабістых скульптур у спалучэнні з гарадской архітэктурай і асяроддзем. Пра гэта сведчаць яго манументальныя работы – памятныя знакі і скульптурныя кампазіцыі, якія ўпрыгожваюць многія гарады Беларусі. Напрыклад, «Заўсёды на варце» і «Ветразь» у Гродне, «Дрэва жыцця» ў Вялікай Бераставіцы, «Клёкат буслоў» у Скідзелі, «Саната памяці» ў Лагойску, «Пайшлі ў бессмяротнасць» у Слоніме.

“Мядзвежая акадэмія” Уладзіміра Церабуна.

Больш за восем гадоў працаваў Уладзімір Васільевіч у аўтарскім калектыве, па запрашэнні скульптара Анатоля Арцімовіча, над праектаваннем і будаўніцтвам мемарыяльнага комплексу па лініі супрацьстаяння ў Першую сусветную вайну ад 1915 да 1917 года ў Смаргоні. А 1 жніўня 2014 года там прайшоў мітынг-рэквіем.

Скульптар працуе ў жанрах станковай і манументальнай скульптуры, у графіцы, жывапісе, у пластыцы малых форм. Шмат месца ў творчасці займае серыя партрэтаў сучаснікаў. Блізкая мастаку і народная тэма.

У мастацкіх выставах Уладзімір Церабун удзельнічае ад 1974 года. Аднак яго першая персанальная выстава прайшла ў Гродне ў 1986 годзе, у год 40-годдзя скульптара. Усяго ён зладзіў 20 выстаў. Работы экспанаваліся ў Гродне, Мінску, Маскве, Троіцку, Зеленаградзе, Таліне, Панявежысе, Друскінінкаі, Дубне, Лондане, Міндане, Ростаку, Варшаве, Смаргоні.

Сям’я. Вытокі

Прырода і бацькі надзялілі юбіляра дабрынёй, працавітасцю, шчырасцю, добрасумленнасцю, адданасцю любімай справе, любоўю да радзімы.

Уладзімір Васільевіч – добры сем’янін, бацька, музыкант-аматар і паэт. Усё гэта гарманічна зліваецца ў адной асобе.

Упэўнена крочыць ён па жыцці ад бацькоўскага парога. Закончыўшы смаргонскую СШ №1, ён стаў студэнтам Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута. Яго скульптар скончыў на адзін год датэрмінова, прытым з адзнакай. Затым працаваў у Гродзенскіх мастацка-вытворчых майстэрнях, быў старшынёй абласнога аддзялення Саюза мастакоў, выкладчыкам Гродзенскага вучылішча мастацтваў, старшынёй Гродзенскага фонду свабоднага мастацтва, аўтарам шматлікіх артыкулаў у абласным друку, а таксама аўтарам і вядучым перадачы «Палітра» на гродзенскім тэлебачанні, удзельнікам гарадскіх, раённых, абласных і рэспубліканскіх персанальных выстаў, двойчы выбіраўся дэпутатам Гродзенскага гарадскога Савета народных дэпутатаў.

Да свайго адметнага дня нараджэння Уладзімір Васільевіч выдаў альбом «На хвалях часу». Калі яго пагартаць, яшчэ глыбей зразумееш сутнасць грамадзянскай пазіцыі мастака.

Сёння справу майстра працягваюць яго нашчадкі – дачка Наталля, дызайнер, унучка Аліна, навучэнка другога курса Гжэльскага мастацкага каледжа па спецыяльнасці «Дызайн».

• Текст доступен на языке: Русский