Фота Настассі Уткінай.

У Гродзенскім раёне хлопца выратавалі пры спробе саскочыць з даху трохпавярховага дома, паведамляе МНС.

На месцы здарэння. Фота МНС.

Інфармацыя пра тое, што ў вёсцы Жукевічы 17-гадовы хлопец збіраецца саскочыць з даху і патрабуецца дапамога ратавальнікаў, паступіла ў службу 101 10 красавіка ў 19.46.

Неўзабаве два аддзяленні пажарнай аварыйна-выратавальнай часткі №7 Гродна прыбылі да месца інцыдэнту.

Юнак сядзеў на краі даху, звесіўшы ногі ўніз.

Начальнік дзяжурнай змены разам з калегамі падняўся на дах і паспрабаваў адгаварыць хлопца ад задуманага. Тым часам іншыя ратавальнікі разгарнулі «куб жыцця». Але, паколькі юнак нерваваўся і бегаў па даху, надзіманую канструкцыю прыйшлося неаднаразова перамяшчаць.

20 хвілін ратавальнікі гутарылі з хлопцам, а калі ўдалося адцягнуць яго і падысці бліжэй, узялі пад рукі, вывелі ўніз і перадалі медработнікам.