У Чысці.

Калі некалькі дзесяцігоддзяў таму Чысць была ўзорным пасёлкам, які называлі «маленькай Швейцарыяй», то цяпер жыхары некалькі год дабіваюцца рамонту дарог.

Настасся Еўстраценка расла ў суседнім Красным. У Чысць выйшла замуж, дзе гадуе з мужам двое дзяцей, працуе на ўдалёнцы маркетолагам.

– Прыгадваю, якой была Чысць гадоў 15–20 таму, – дзеліцца жанчына. – Мы прыходзілі сюды на Дзень будаўніка, гэта было такое пышнае свята! З таго часу захаваўся вобраз Чысці як добраўпарадкаванага і чыстага пасёлка. Падавалася, што гэта горад, так тут усё было дагледжана. Зразумела, што тады квітнела «Забудова», і прадпрыемства клапацілася ў тым ліку пра дарогі.

Ямачны рамонт праблему не вырашае

Калі ж жанчына пераехала да мужа ў Чысць, яе чакала з кожным годам усё горшая карціна. Чысцінцы стварылі чат, у якім могуць абмяркоўваць праблемы пасёлка. Там уздымаюцца розныя тэмы – бадзяжных жывёл, асвятлення, засмечанасці, але самая папулярная і вострая – дарогі.

– Дарогі – боль нашага пасёлка, – тлумачыць чысцінка. – Яшчэ горш ад таго, што мы памятаем добрыя дарогі, ездзілі па іх.

Папярэдні старшыня Чысцінскага сельвыканкама Анатоль Пяцюшык сустракаўся з ініцыятыўнай групай жыхароў, каб абмеркаваць гэта пытанне. Тады, у 2017 годзе, вырашылі, што раз грошы на дарогу з бюджэту не размеркавалі, то неабходна іх дабівацца. Стварылі петыцыю ў электронным і папяровым выглядзе. За тыдзень сабралі каля 850 подпісаў, накіравалі ў «Камунальнік», райвыканкам, Пяцюшыку – старшыня сельвыканкама павінны ж ведаць, чым незадаволеныя жыхары.

Пасля гэтага зрабілі ямачны рамонт, які толькі прыхаваў праблему на год.

– Не ведаю, чаму, але праз год ямы толькі выраслі ў памеры, – прыгадвае Настасся. – І мы зноў сутыкнуліся з той жа праблемай. Ямачны рамонт пытанне не вырашыў, дарогі зноў прыйшлі ў нягоднасць. У гэтым жа годзе дарожныя работнікі перасягнулі сябе – закідвалі ямкі пяском з камянямі. У любым выпадку ямачны рамонт – часовая мера, а не вырашэнне праблемы.

Прыйдзем на суботнік, але дарогі самі не зробім

Жыхарка пасёлка разважае, што, безумоўна, цяперашні старшыня сельвыканкама Павел Юр’евіч Філістовіч не адзін адказвае за стан дарог. Але жыхарам хацелася б бачыць, што гэта праблема хвалюе і яго.

– Ён жа і як жыхар пасёлка бачыць усе гэтыя праблемы, – разважае жанчына. – Калі гэта такое вострае пытанне, то яго пастаянна трэба трымаць на кантролі, дабівацца мэты, а не задавольвацца тым, што ёсць. Бо так у нас заўсёды будуць адны пытанні – з дзіцячымі пляцоўкамі, асвятленнем, бадзяжнымі жывёламі. І ўсе – невырашальныя. Калі б старшыня паказаў, як дабіваецца вырашэння праблем, то заслужыў бы павагу на шмат год наперад!

Жанчына падкрэслівае, што не здымае адказнасці за знешні выгляд пасёлка з жыхароў. Дзяцей і падлеткаў бацькі павінны вучыць падтрымліваць чысціню, не засмечваць населены пункт. Некаторыя дарослыя таксама дазваляюць сабе не даносіць смецце да ўрны. Таму жанчына ахвотна падтрымлівае ідэі валанцёрскіх суботнікаў – не ўсё ж павінны рабіць камунальныя работнікі.

– У плане чысціні мы можам і самі дапамагаць, – лічыць жыхарка. – Але дарогі самі мы не зробім.

Жыхары гатовы скінуцца на дарогу

Настасся не выключае і такога варыянту – калі б у фінансаванні ўдзельнічалі самі жыхары. Бо калі скласці выдаткі, якія аддаюць на рамонт аўтамабіляў, то, можа, выгадней накіраваць іх на рамонт дарог.

Жыхарка Чысці Юлія Араноўская адзначае, што 7 красавіка ў пасёлку пачалі рабіць ямачны рамонт. Жанчына лічыць, што такая мера не толькі часовая, але і небяспечная, бо колы машын могуць няўдала каменьчыкі разносіць:

– Аднойчы мне такі камень у нагу трапіў, было балюча. А калі б трапіла ў вока майму дзіцяці?

Жыхары Чысці, каб пасадзейнічаць рамонту, стварылі петыцыю на адрас Маладзечанскага райвыканкама. У ёй падрабязна распісалі, на якіх участках пасёлка рамонт дарог неабходна рабіць тэрмінова. Жыхары спадзяюцца, што ўлады іх просьбу пачуюць і адгукнуцца.

У размове з карэспандэнтам «Рэгіянальнай газеты» старшыня Чысцінскага сельвыканкама Павел Юр’евіч Філістовіч адзначыў, што па гэтым пытанні жыхары могуць звярнуцца да яго па правілах, прадугледжаных законам «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб».