Фота РФПІ.

Ад сёння, 13 красавіка, на Вілейшчыне пачалі масавую вакцынацыю супраць COVID-19. Інфармацыю пацвердзілі ў адміністрацыі Вілейскай ЦРБ.

Каб зрабіць прышчэпку, трэба звярнуцца ў акно рэгістратуры паліклінікі ад 8.00 да 17.00 і атрымаць сваю амбулаторную карту. Пасля вас накіруюць у працэдурны кабінет, які працуе ад 8.00 да 17.30.

Вакцынаваць будуць расійскім прэпаратам «Спутнік V».

Як раней расказвалі вілейскія медыкі «Рэгіянальнай газеце», вакцынаваць можна людзей ад 18 год.

Нельга – цяжарных, жанчын, якія кормяць дзяцей грудным малаком, людзей, якія маюць цяжкую алергію, хварэюць на вострыя рэспіраторныя інфекцыі, тым, у каго абвастрыліся хранічныя захворванні.

Спачатку ўводзіцца першы кампанент вакцыны. Праз тры тыдні, калі ў чалавека няма ніякіх ускладненняў, уводзяць другі.

Калі маеце пытанні па вакцынацыі, звяртайцеся па тэлефоне (8 01771) 5-66-35.

• Текст доступен на языке: Русский