Ілюстрацыйнае фота klub-masterov.ru.

Сваю гісторыю расказала жыхарка Астраўца Ганна Огур:

– 25 сакавіка я была на бальнічным. На балкон павесіла сушыць плед. Ён белы з чырвонай паласой па сярэдзіне і чырвонай каймой па краях. Плед на Новы год падарыла нам маці мужа. Праз дзве гадзіны да нас прыехала міліцыя. Супрацоўнікі зайшлі ў кватэру. Сказалі, што ў нас на балконе незарэгістраваная сімволіка. Муж таксама быў дома, ён працуе па зменах. Спрабаваў спрачацца з міліцыянерамі, даказваў, што плед – гэта не сцяг. Але нам сказалі ехаць у РАУС.

Мужа і жонку дапрасілі. На Ганну склалі пратакол за адміністрацыйнае правапарушэнне. Пасля яны паехалі дамоў, а плед і ноўтбук забрала міліцыя. У хуткім часе сілавікі вярнуліся, сказалі Ганне збірацца. Зноў прывезлі ў РАУС і ўжо пакінулі тут на суткі да суда.

– Мяне забралі на суткі нягледзечы на тое, што ў мяне двое непаўналетніх дзяцей. І мужу нічога не паведамілі пра маё затрыманне, ён даведваўся сам, – адзначае суразмоўца.

26 сакавіка Ганну судзілі. Прызналі вінаватай у тым, што яна «25 сакавіка ў 8 гадзін на балконе ў дзень падзеі «Дзень волі» правяла адзіночнае пікетаванне шляхам вывешвання бел-чырвона-белай матэрыіі».

Астраўчанка атрымала штраф 20 базавых – 580 рублёў.

– А 8 красавіка мяне звольнілі з працы ў дзіцячым садку па артыкуле за амаральныя паводзіны. Я працавала дэфектолагам. Прасіла працадаўцу пачакаць, хаця б пакуль будзе адказ на апеляцыю, якую мы падалі з адвакатам. Але мяне ўсё ж звольнілі.

Цяпер адвакат рыхтуе абскарджванне па прычыне звальнення Ганны, а таксама жанчына падала скаргу на незаконныя дзеянні работнікаў РАУС.

Мы звярнуліся за каментаром у дзіцячы яслі-сад №1 Астраўца, дзе працавала Ганна.

– Пры звальненні мы ўсё ёй сказалі, аргументавалі. Усё напісана ў яе працоўнай кніжцы, – адказалі нам у адміністрацыі ўстановы.

• Текст доступен на языке: Русский