Ілюстрацыйнае фота youtube.com.

На лінію «102» у аператыўна-дзяжурную частку Маладзечанскага РАУС звярнуўся 29-гадовы гараджанін. Мужчына растлумачыў, што жонка з двума дзецьмі пакінулі самакат і бегавел ля ўваходу ў краму на Вялікім Гасцінцы, а, вярнуўшыся праз пяць-дзесяць хвілін, не знайшлі на месцы свае рэчы. Пры гэтым абедзве прышпіленыя не былі.

Міліцыянеры на месцы вывучылі запісы камер відэаназірання паблізу крамы. У аб’ектыў трапіў невядомы мужчына ў цёмнай вопратцы з капюшонам, які нёс у руках прадметы, падобныя да скрадзеных рэчаў. Аператыўнікі накіраваліся па меркаваным маршруце зламысніка.

Хутка ў дварах шматпавярховых дамоў па вуліцы Крынічнай міліцыянеры падобнага грамадзяніна. Ён меў прыкметы алкагольнага ап’янення і заснуў проста на вуліцы. Для далейшага разгляду падазраванага –  54-гадовага ўраджэнца Гомельскай вобласці – даставілі ў РАУС. Фігурант так і не змог выразна растлумачыць, навошта прыхапіў з сабой дзіцячыя рэчы.

Падчас далейшых аператыўна-вышукавых мерапрыемстваў міліцыянеры высветлілі, што ўсё выкрадзенае падазраваны прадаў незнаёмцу, які займаецца скупкай металалому.

За дзіцячы самакат і бегавел мужчына атрымаўдва рублі і банку тушонкі.

Скрадзенае канфіскавалі і пасля правядзення неабходных працэсуальных дзеянняў вернуць законным уладальнікам.

Дзеянні падазраванага кваліфікавалі як крадзеж, пачалі крымінальную справу. Фігурант – у ІЧУ.

Міліцыя нагадвае належным чынам паклапаціцца пра надзейную абарону сваёй маёмасці, быць пільнымі, не пакідаць ровары, каляскі і іншыя сродкі перамяшчэння без нагляду, паблізу крам, выбіраць месца для паркоўкі ў зоне бачнасці відэакамер, абавязкова выкарыстоўваць замкі.

• Текст доступен на языке: Русский