Моладзевыя ініцыятывы, спартыўныя святы, экалагічныя імпрэзы – шэраг актыўнасцяў нібы надаў паўночнаму раёну краіны другое жыццё. Сюды варта прыехаць не толькі каб атрымаць асалоду ад унікальных краявідаў, але і каб навучыцца ў мясцовых жыхароў развіваць дзякуючы партнёрам тое каштоўнае, што дала прырода.

Ад 2019 да 2022 года Мёрскі райвыканкам у партнёрстве з «Аховай птушак Бацькаўшчыны» і Латвійскім сельскім форумам рэалізуе праект «Разам для грамады і прыроды: узмацненне працэсу развіцця ў Міёрскім раёне праз супрацоўніцтва мясцовай улады і грамадзянскай супольнасці». Фінансуе праект Еўрапейскі саюз. 

Школьны летнік падчас вясновых канікул, 2021 год.

Развіваюць раён самі жыхары

Праект закранае розныя накірункі. Для таго, каб жыхары самі ўплывалі на развіццё раёна, пры Мёрскім раённым Савеце дэпутатаў стварылі першы ў Беларусі Грамадскі савет. Разам жыхары і ўлада распрацоўваюць Стратэгію ўстойлівага развіцця раёна, плануюць распрацаваць Моладзевую стратэгію ўстойлівага развіцця, а таксама дапаможнік па стратэгіі развіцця сельскіх тэрыторый.

Паседжанні Грамадскага савета праводзяць раз на месяц, каб своечасова разглядаць пытанні, што хвалююць жыхароў.

Для таго, каб укараніць распрацаваную Стратэгію, праводзяць шэраг семінараў і трэнінгаў. Мясцовыя жыхары вучацца розным актуальным навыкам, распрацоўваюць ідэі, афармляць іх у праекты. Сярод жыхароў летась правялі конкурс мясцовых ініцыятыў, па выніках якога дзесяць пераможцаў атрымалі фінансаванне. У межах праекта таксама набылі аўтамабіль для хуткай дапамогі і аўтамабіль для прыродаахоўнай установы «Ельня».

Каардынатар праекта па сацыяльнай інфраструктуры Наталля Будзько.

Тэматычны каардынатар па сацыяльнай інфраструктуры Наталля Будзько адказвае за тры накірункі: адукацыя, культура, медыцына. Тут галоўная задача – зрабіць жыццё мясцовых жыхароў і больш камфортным, і цікавым.

Напрыклад, удзельнікі інтэлектуальнага клуба «Мірэя» да пандэміі арганізоўвалі квізы для дарослых у кавярні. Жыхары ўдзельнічаюць у валанцёрскіх акцыях па прыборцы смецця на Ельні.

Падчас сёлетніх веснавых канікул арганізавалі школьны летнік, на якім вучні распрацоўвалі ідэі для сёлетняга свята «Журавы і журавіны Мёрскага краю», якое ладзяць у верасні.

– У мінулым годзе было дзесяць сустрэч са школьнікамі раёна, падчас якіх маладым людзям расказалі, што такое мэты ўстойлівага разваіцця і навошта яны патрэбныя, – патлумачыла каардынатар. – Нашай задачай было атрымаць адказ на пытанне: «Якім вы хочаце бачыць Мёры для вас, моладзі, каб хацелася сюды вяртацца, будаваць сям’ю і кар’еру?». 

Падчас школьнага летнііка дзеці распрацоўваюць ідэі моладзевай пляцоўкі для экалагічнага свята «Жураўлі і журавіны».
Школьнікі ўдзельнічаюць у розных актыўнасцях праекта: валанцёрскія ўборкі, распрацоўка Моладзевай стратэгіі, навучальныя трэнінгі.

За два праектныя гады на тэрыторыі гарадскога парка «Паўвостраў» паспелі паставіць драўляную альтанку, адрамантавалі летнюю танцпляцоўку, закупілі банэр для правядзення экалагічнага свята «Журавы і журавіны Мёрскага краю». Цяпер усталёўваюць ліхтары, адрамантавалі дарожку, уладкавалі пляцоўку з кантэйнерамі для паасобнага збору смецця, усталявалі артаб’ект «Міёры 1514», дзіцячы гульнявы комплекс, лаўкі з выявамі з брэндбука. 

Брэндбук – таксама важная навінка, якая абагульвае самыя розныя аб’екты ў раёне ў адно стылістычнае цэлае. Напрыклад, у афарбоўцы лаўкі каля дзіцячай пляцоўкі адразу ўгадваецца адметная журавінка.

Кожная з такіх выяў нібы замест хэштэга «#мёры». Такія элементы працуюць на візуальнае ўражанне, а таксама адразу ж пазнаюцца на фотаздымках.

– Мы імкнемся разбудзіць актыўнасць мясцовых жыхароў, далучаць іх да мерапрыемстваў праекта, каб яны мелі магчымасці для развіцця, – расказвае Наталля Будзько. – Удзельнікі конкурса мясцовых ініцыятыў, якія атрымалі гранты ў межах праекта, атрымаўшы столькі інфармацыі і ўбачыўшы магчымасці, усвядомілі, наколькі гэта важна. Цяпер наведваюць усе нашы трэнінгі. Прычым на трэнінгі прыходзяць не толькі школьнікі, але і студэнты, дарослыя, кіраўнікі арганізацый – яны разумеюць, што гэта і цікава, і патрэбна.

У гэтым годзе дзясятае свята «Журавы і журавіны Мёрскага краю» набудзе крыху іншы фармат. Моладзь сама распрацоўвае, што яны арганізуюць на моладзевай пляцоўцы, і яны абавязкова здзівяць гасцей.

Дзіцячая пляцоўка на паўвостраве ў Мёрах, устаноўленая ў рамках праекта.
Арт-аб’ект каля возера з элементамі брэндбука.
Лаўкі, устаноўленыя ў рамках праекта, ўпрыгожаныя малюнкамі з брэндбука Мёрскага раёна.

Умацоўваюць здароўе

Тэматычны каардынатар па развіцці спорта Уладзіслаў Уткін расказаў, што ўсе мерапрыемствы яго накірунку праводзяць як за кошт Еўрасаюза, так і з дапамогай суфінансавання сектара спорта і турызму райвыканкама.

У спартыўнай школе выканалі капітальны рамонт падлогі, усталявалі спартыўныя пляцоўкі для воркаўта з вулічнымі трэнажорамі ў вёсцы Язна і ў аграгарадку Узмёны.

Каардынатар па развіцці спорту Уладзіслаў Уткін.
У спартыўнай школе праводзяць капітальны рамонт падлогі.

Таксама на тэрыторыі спорткомплекса паставілі тры глядацкія трыбуны з навесамі кожная на 19 месцаў – дзве каля пляцовак для міні-футбола і адну каля пляцоўкі для пляжнага валейбола. У планах – устанавіць навес над глядацкімі трыбунамі каля гарадскога футбольнага поля.

У межах праекта таксама ладзяць спартыўныя мерапрыемствы – спаборніцтвы па валейболе, футболе, ладзілі «Мёрскую лыжню». Правялі першы на Мёршчыне велапрабег, два калядныя турніры па міні-футболе. 

Унікальнае месца прыцягвае турыстаў

Адметнасць Мёрскага раёна – балота Ельня. Гэта самае вялікае верхавое балота ў Беларусі і пятае па велічыні ў Еўропе. Да нядаўняга часу наведаць прыродную каштоўнасць было вельмі няпроста. Аднак падчас папярэдняга праекта дзякуючы фінансаванню Еўрасаюза атрымалася зрабіць драўляны насціл – экасцежку, па якой можна з камфортам прайсці па балоце.

Па насціле зручна перасоўвацца ўдваіх. Яго можна прайсці за 10 хвілін.
Каардынатар праекта па «зялёнай» інфраструктуры Марына Гернат.

Аднак да самой экасцежкі быў прыкладна кіламетр бездарожжа, пераадолець які было вельмi цяжка, асаблiва ў міжсезонне, а таксама ў сезон дажджоў. Сёлета ж гэтую праблему атрымалася вырашыць – у межах праекта праклалі драўляны насціл. Дзесяць хвілін – і вы на кемпінгу, дзе абуладкаванае месца для вогнішча, туалет, навес. А побач – ужо сама экасцежка. За гэтую задачу адказвае тэматычны каардынатар па «зялёнай» інфраструктуры Марына Гернат:

– Быў шэраг складанасцяў падчас будаўніцтва насціла. Гэта тэрыторыя заказніка, таму спатрэбілася ўсё дасканала ўзгадняць. А саму работу праводзіць так, каб не нашкодзіць прыродзе. Ніводнае дрэва падчас будаўніцтва на тэрыторыі заказніка не пацярпела!

Калі раней Ельня для многіх мясцовых жыхароў была месцам збору журавін, то цяпер такі ажыятаж вакол аб’екта і ў іх саміх выклікаў зусім іншае стаўленне да месца.

У 2020 годзе ў час пандэміі многія жыхары Беларусі не мелі магчымасці выехаць на адпачынак за мяжу, таму Ельня стала месцам прыемнага і экалагічнага адпачынку. У межах праекта каля экасцежкі яшчэ зробяць вышкі, з якіх будзе зручна назіраць і за балотам, і за птушкамі. 

Дзякуючы праекту Мёрскі край развівае свае магчымасці і прыцягвае турыстаў. А самае галоўнае – становіцца ўсё больш прывабным для саміх мясцовых жыхароў, якім хочацца тут заставацца і рабіць яго яшчэ лепшым.

У 2021 годзе ў рамках праекта пабудавалі драўляны насціл, які вядзе да экасцежцы.
На экасцежцы размешчаныя інфармацыйныя стэнды.
На каналах каля балота ўстаноўленыя плаціны для рэгулявання ўзроўню вады.
Каля экасцежкі ўсталююць дзве назіральныя вышкі.
Тэрыторыя Ельні займае каля 25 000 гектараў.

Балота, утворанае апошнім ледавіком

Марына Гернат падзялілася захапляльнымі фактамі пра Ельню:

  1. Балоту каля 9000 год. Яно ўтварылася пасля адступлення апошняга ледавіка. Паабапал дарогі, якая вядзе да балота вы можаце заўважыць пакрытыя мохам валуны, якія засталіся яшчэ ад ледавіка.
  2. У маі паверхня балота пакрытая белым – гэта расліна пушыца. 
  3. У савецкі час тут збіраліся правесці меліярацыю. Дзякуючы вычарпальным аргументам навукоўцаў атрымалася пераўпэўніць кіраўніцтва і дамагчыся, каб балота не асушалі. 
  4. Тут вельмі шмат сфагнума – гэта мох, які не мае каранёў. Сфагнум выкарыстоўвалі, калі патрэбна абеззаразіць рану, у гігіенічных мэтах для жанчын.
  5. Тут расце драпежная расліна расянка, якая харчуецца насякомымі. 
  6. Адзін гектар балота вырабляе ў дзесяць разоў больш кіслароду, чым лес аналагічнай плошчай.
  7. У беларускай мове словы «журавы» і «журавіны» падобныя, магчыма, таму, што кветка журавіны нагадвае галаву журавоў. 
Каля балота можна выявіць шмат валуноў, пакрытых мохам, якія засталіся пасля апошняга ледніка.
Экасцежка дазваляе ўбачыць ландшафт балота.
На тэрыторыі заказніка.

Артыкул падрыхтаваны ў партнёрстве з EU Neighbours East. Погляды, выказаныя ў тэксце, належаць выключна аўтару артыкула.

ТАА «Выдавецкі дом «Інтэкс-прэс» УНП 200687896