Яна па характары – вельмі спакойная, Таццяна Леанідаўна – эмацыйная. Але гэта не перашкодзіла ім заняць першае месца на рэспубліканскай алімпіядзе па фізкультуры. Фота аўтара.

На заключным этапе прадметнай алімпіяды па фізічнай культуры, што праходзіла ў Віцебску, вучаніца 11 класа вілейскай СШ №3 Яна Уладыка заняла першае месца. А гэта значыць, што дзяўчына без ЦТ зможа паступіць у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры. Па сутнасці, яна – ужо студэнтка.

Пра тое, як з хваравітай дзяўчынкі-пяцікласніцы Яна стала пераможцай рэспубліканскай алімпіяды па фізічнай культуры, мы пагутарылі з ёй самой і яе настаўніцай Таццянай Леанідаўнай Жук, якая рыхтавала дзяўчыну да алімпіяды.

Настаўніца: Хвалявалася, што Яне часам не хапае спартыўнай злосці

– Што я адчуваю як настаўнік? З аднаго боку – радасць, бо дасягнула значнага поспеху ў сваёй прафесіі. З іншага – усведамленне таго, што такія вучні, як Яна, рэдка сустракаюцца, і шкадаванне перад хуткім развітаннем, – дзеліцца Таццяна Леанідаўна сваімі адчуваннямі ад поспеху. – Канешне, я марыла пра такую сур’ёзную перамогу сваёй вучаніцы. І дзякуючы таму, што мы сустрэліся з Янай, мая мара здзейснілася.

Настаўніца прызнаецца: здольную дзяўчынку заўважыла не адразу. У пятым класе Яна часта хварэла і амаль не хадзіла на ўрокі фізкультуры.

– У восьмым класе трэба было бегчы крос. Яна паказала сярэдні вынік. Але я ўсё ж параіла ёй пайсці ў ДЮСШ да трэнера па лёгкай атлетыцы Алега Губіча. Пачала хадзіць, вынікі сталі паляпшацца, з’явіліся перамогі на абласных спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы. А яшчэ Яна стала капітанам школьнай валейбольнай каманды дзяўчынак.

Таццяна Леанідаўна адзначае, алімпіяда – гэта камандная праца і вучня, і настаўніка, і бацькоў, і трэнера. Адных фізічных дадзеных тут недастаткова, патрэбныя і інтэлектуальныя здольнасці, бо ў алімпіядзе ёсць тэарэтычны конкурс. І не менш важная псіхалагічная падрыхтоўка:

– Гэта якраз тое, чаго так не хапае нашым дзецям на алімпіядах. Фізічна гатовыя, тэорыю ведаюць, а справіцца са сваім хваляваннем, калі гучыць свісток і на цябе глядзяць 20 суддзяў, не могуць.

Рыхтаваліся да рэспу- бліканскай алімпіяды вучаніца з настаўніцай амаль два гады. І асабліва актыўна – у гэтым навучальным годзе:

– У нас быў распісаны кожны дзень, нават субота і нядзеля, і канікулы, – прыгадвае настаўніца. У панядзелак – агульная фізічная падрыхтоўкай, у аўторак пасля ўрокаў ішлі на плаванне. Пасля – спартыўныя гульні, тэорыя.

Плаванне было слабым месцам Яны. А дзякуючы трэнеру Яўгеніі Асмалоўскай з выніку ў 58 секунд на дыстанцыі 50 метраў вольным стылем Яна выйшла на 38,5. І ўсё ж быў момант, які хваляваў настаўніцу нават больш, чым плаванне:

– Разумееце, у Яны не было спартыўнай злосці. Яна вельмі спакойная. А ў спорце такі спакой не заўсёды добры. Я бачыла, калі яна выходзіла спакойнай і не зусім упэўненай у перамозе, то ўпэўненым сапернікам прайгравала яшчэ на старце, гублялася. Трэба было, каб яна паверыла ў сябе. І дзякуючы нашай сумеснай працы са школьным псіхолагам гэта атрымалася.

Настаўніца прызнаецца, у глыбіні душы была ўпэўненая, што Яна атрымае дыплом, неабавязкова першай ступені. Калі ў апошні дзень пасля снядання Таццяна Леанідаўна з Янай падышлі да пратакола і ўбачылі першае месца, пачалі плакаць ад радасці і абдымацца.

Калі ж пераможцы з’явіліся ў роднай школе, дырэктар Мікалай Гіро запрасіў іх у настаўніцкую і пры ўсіх педагогах павіншаваў. Так кранальна, амаль да слёз, прыгадвае настаўніца.

– Ёсць такая фраза, якую я лічу сваім дэвізам: «Кожны дзень здзіўляй свайго вучня, і настане дзень, калі вучань здзівіць цябе». Для мяне такі дзень настаў, – падсумавала Таццяна Леанідаўна.

Вучаніца: Нават падумаць не магла, што праяўлю сябе ў фізкультуры

Адзінаццацікласніца Яна Уладыка выдатна вучыцца, захапляецца ўсім патроху: можа маляваць, вышываць, рабіць аплікацыі. Праўда, прызнаецца, што ў апошнія гады яе асноўным захапленнем стаў спорт.

– У пачатковай школе з фізкультурай я не сябравала зусім. Нават не магла падумаць, што пачну тут неяк праяўляць сябе. Цікавасць з’явілася ў восьмым класе на школьным кросе. Па парадзе настаўніцы з сяброўкамі пайшлі на лёгкую атлетыку. Мне спадабаліся і заняткі, і трэнер, – расказвае Яна.

Кажа, з-за спорту ні ў чым сабе не адмаўляе. На дыетах не сядзіць, стараецца добра харчавацца. Калі трэніруюся больш, то і ем больш, каб былі сілы для заняткаў, – кажа дзяўчына.

На сустрэчы з сябрамі знаходзіць час у выхадныя. А ў будныя дні – трэніроўкі і дамашнія заданні.

– Калі даведалася пра перамогу на алімпіядзе, канешне, была рада, што атрымалася паказаць лепшыя свае вынікі. Таму адразу патэлефанавала трэнеру па лёгкай атлетыцы, тады я яшчэ не была дакладна ўпэўненая ў выніку. Прадбачыла другое месца.

А вось бацькам патэлефанавала толькі тады, калі была цалкам упэўненая ў перамозе і мела на руках дакумент – зводны пратакол.

Бацькі заўсёды падтрымліваюць захапленні дачкі, ад спорту ў вучобу не гоняць. Радуюцца яе перамогам у спаборніцтвах, матывуюць. Бацькі, дарэчы, таксама займаліся спортам, але не прафесійна. Гулялі за школьныя каманды ў валейбол, захапляліся лёгкай атлетыкай. Таму ў сям’і спорт любяць.

– Канешне, ёсць пачуццё заспакаення ад таго, што я ўжо амаль студэнтка ўніверсітэта фізічнай культуры. Гэта вельмі прыемная ўзнагарода за ўсю маю працу. І ўсё ж вучобу не закідаю: стараюся, раблю дамашнія заданні. У мяне ж яшчэ школьныя экзамены наперадзе, – падзялілася дзяўчына.

У чым спаборнічалі ўдзельнікі алімпіяды

– Тэарэтычны тур – адказы на 50 пытанняў за тры гадзіны;

– плаванне;

– спартыўныя гульні;

– агульная фізічная падрыхтоўка – чаўночны бег, скачкі ў даўжыню з месца, нахіл тулава ўперад і падыманне тулава.

 

• Текст доступен на языке: Русский