Яўген Макарэвіч на адным з мерапрыемстваў у СШ №5. Фота з архіва "РГ".

Яўгена Макарэвіча, які кіраваў маладзечанскай школай № 5, звольнілі 1 красавіка. Заяву ён напісаў у ноч пасля выбараў у кабінеце начальства ў выканкаме, піша Радыё Свабода.

«У душы апошнія месяцы нешта такое было, як камень»

«Як адчуваю сябе? Нармальна. Не тое каб нейкая палёгка, але я ж практычна чакаў гэтага звальнення, — адразу кажа Яўген Макарэвіч. — Заяву на звальненне напісаў яшчэ 9 жніўня, хоць мне і сказалі, што яна згубілася. Але я разумеў, што некалі ўсплыве. Я ў вёсцы цяпер. То ў Маладзечне, то тут. Сыну дапамагаю, ён дом будуе ў Маладзечне, пабудаваў ужо. Унук хварэў, то з ім быў тыдзень. Я цяпер свабодны чалавек, магу дапамагаць».

Яўген Васільевіч кажа, што плануе займацца рамонтам. «Халасцякуе» на гаспадарцы бацькоў жонкі. Да пенсіі былому дырэктару маладзечанскай школы № 5 не далі дапрацаваць крыху больш за год. Макарэвіч кажа, што за гэта не турбуецца, бо працоўнага стажу хапае.

«Калі паўстане пытанне, што я там нейкі «дармаед» ці не дармаед, то працу знайду, — гаворыць Яўген Макарэвіч. — Можа кваліфікаваную, ці нават некваліфікаваную — усё адно. Знайсці можна. Разумееце, у мяне ў душы апошнія месяцы нешта такое было, як камень. Змянілася штосьці ў апошнія месяцы, пасля падзей жніўня. Сістэма стала таксічная. Калі раней я заходзіў у кабінеты, то адчуваў, што мяне прымаюць, слухаюць. Насустрач ідуць. А са жніўня ўсё з нацяжкай ужо было. Разумееце, я ж адзін у раёне такі аказаўся. Які «не як людзі» зрабіў. Баяцца, відаць, што ім знаёмства са мной бокам выйдзе».

Макарэвіч кажа, што гаворыць найперш пра чыноўнікаў з кіраўніцтва раённага аддзелу адукацыі і іншых месцаў. Былы дырэктар расказвае, што яшчэ 1 верасня 2020 года з ягонай школы звольнілася намесніца па выхаваўчай працы. Кажа, што там таксама былі пытанні, зьвязаныя з выбарамі. Яўген Васільевіч прапаноўваў на гэтую пасаду некалькі кандыдатур з ліку сваіх настаўнікаў, але ўсіх іх не зацвердзілі. Намесніка дырэктара па выхаваўчай працы ў 5-ю школу пры Макарэвічу так і не прызначылі.

«Здалі мы гэты пратакол, і пачалося тое, што пачалося»

Дырэктарам у 5-й школе Яўген Макарэвіч прапрацаваў 22 гады. Да таго быў настаўнікам у 12-й школе Маладзечна, выкладаў гісторыю. У сістэму адукацыі Макарэвіч пайшоў працаваць з 1985 года, адразу, як скончыў Мінскі педагагічны інстытут. У розных школах агулам ён адпрацаваў 34 гады.

«Я ў адпачынак пайшоў, у мяне яшчэ з мінулага года заставалася 25 дзён, — расказвае Яўген Васілевіч пра сваё звальненне. — Пагода была, рамонт рабіў. Сыну адному цяжкавата было. А недзе за тыдні два да 1 красавіка начальніца ўпраўленьня адукацыі Маладзечна пазваніла і сказала, што будуць звальняць па той заяве, якую напісаў 9 жніўня. Я не пытаўся, за што звальняюць. Сам жа тую заяву напісаў».

Заяву на звальненне з пасады дырэктара школы № 5 Маладзечна Яўген Макарэвіч напісаў а 2-й гадзіне ночы ў кабінэце раённага начальства.

Туды яго выклікалі званком з райвыканкама пасля таго, як дырэктар адвёз у выканкам пратакол з лічбамі галасавання на выбарчым участку ў сваёй школе.

«Разумееце, прагаласаваць на гэтыя выбары прыходзілі нават нашыя былыя вучні, якія даўно жывуць за мяжой. Яны знарок прыехалі прагаласаваць, мы не маглі падлічыць іхныя галасы няправільна, — гаворыць Яўген Васільевіч.

— Як жа ім потым у вочы глядзець?

У нас усё было згодна з Выбарчым кодэксам. Усё арганізавалі так, як там прапісана.

І ўвечары, калі мы ўсё падлічылі, кандыдат Ціханоўская атрымала на 120 галасоў больш, чым кандыдат Лукашэнка.

Я разумеў, што могуць быць праблемы. Што гэтая лічба будзе не зусім імпанаваць начальству. Таму я звярнуўся да ўсіх сяброў камісіі. Сказаў, што кожны з іх мае права выказаць сваю думку. Усе пагадзіліся з лічбамі і падпісалі пратакол».

Пратакол з выніковымі лічбамі Яўген Макарэвіч разам з сакратаром выбарчай камісіі павёз у выканкам, копію павесілі на стэндзе ва ўчастку ў школе.

«Здалі мы гэты пратакол — і пачалося тое, што пачалося, — расказвае Яўген Васілевіч. — Пазванілі мне з выканкаму ўначы, выклікалі на размову. Я прыехаў. Разумеў, у чым праблема. Там мне ўжо выказалі меркаванне, што я, як вам сказаць, своеасаблівая «белая варона»

Пагрозаў не было. Казалі толькі, што мне паўтара года да пэнсіі, што я мушу нешта «разумець». Там былі прадстаўнікі розных структур раённых. А я палічыў, што не заслужыў такога. І калі зрабіў такую дрэнную рэч, то маю права звольніцца проста сёння. Заяву на звальненне напісаў проста там. Нават не ведаю, хто яе забраў: там і маё кіраўніцтва было, і намеснік старшыні райвыканкама, і іншыя асобы».

Былы дырэктар гаворыць, што нічога іншага зрабіць 9 жніўня не мог, нягледзячы на тое, што шмат хто са старшыняў выбарчых камісій змаглі, а яму да пенсіі сапраўды заставалася зусім няшмат.

«Мяне так у сям’і выхавалі, — кажа Яўген Васільевіч. — Мы ўсе вельмі рупліва ставімся да праўды.

Памятаю, калі бацька ў хаце знаходзіў паперку ад цукеркі, то пытаў у нас з братам, хто кінуў. А мы ж дзеці, як звычайна: «Не я!». То тады ўдвох адну паперку былі вымушаныя выкідваць. Я сваіх дзяцей таксама так выхоўваў, што трэба гаварыць праўду. І ад калег сваіх патрабаваў. А што я ім мог тады сказаць?»

Чаму яго не звольнілі яшчэ ў жніўні, Яўген Макарэвіч не ведае. Кажа, што, магчыма, не было ўказанняў «зверху». Альбо проста чарга дайшла толькі цяпер. Па словах былога дырэктара, у Маладзечне цяпер ідзе цэлая хваля звальненняў кіраўнікоў. Пазбавілі працы дырэктара дзяржаўнага каледжа, старшыню прафсаюза работнікаў сельскагаспадарчых арганізацый. Па словах Макарэвіча, кіраўніком камісій падчас выбараў ён быў і раней, тады ў выканкам таксама падаваў праўдзівыя лічбы. Сітуацыя з галасаваннем за альтэрнатыўнага Лукашэнку кандыдата кардынальна змянілася толькі сёлета, кажа былы дырэктар.

«У нас у акрузе своеасаблівы электарат заўсёды быў, — гаворыць Яўген Васільевіч. — Прыватны сектар, людзі ў асноўным пажылыя. Прэзідэнт даў ім пенсію; калі выберуць іншага, то невядома, што будзе. Яны стаялі пад дзвярыма школы, каб прагаласаваць першымі. Сапраўды галасавалі за Лукашэнку.

Але ў апошні час усё змянілася. Людзі захацелі пераменаў».

«Хацеў стварыць дзецям такія ўмовы, каб яны вучыліся ў нягоршай за іншыя школе»

«Я вучыўся на гістарычным факультэце ў Мінскім педінстытуце, тады яшчэ імя Горкага, — успамінае Макарэвіч. — Настаўнік гісторыі і францускай мовы. Але францускую мову я толькі год выкладаў. Гісторыю люблю, выкладаў заўсёды яе, да апошняга часу таксама, калі дырэктарам быў. У мяне заўсёды было 9-10 гадзін, палова стаўкі прыкладна. Але настаўнікам я выпадкова стаў, можна сказаць. Усё жыцьцё марыў стаць археолагам».

Яўген Макарэвіч расказвае, што паходзіць зь вёскі Мацькаўцы на Вілейшчыне. Да арміі год прапрацаваў на трактары ў сельскай гаспадарцы. Прыгадвае, што дырэктар калгаса намаўляў яго пайсці ў Інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі, абяцаў накіраванне. Але Макарэвіч усё ж выбраў мару. Археолагам тады можна было стаць альбо ў Гродзенскім педінстытуце імя Янкі Купалы, альбо ў Маскве. Яўген Васілевіч паехаў у Градна.

«Не паступіў, не хапіла мне паловы бала, — успамінае Яўген Макарэвіч. — Напісаў сачыненне на чатыры балы і не прайшоў па конкурсе. Тэма была «Ты на подзьвіг завеш, камсамольскі білет!» Экзамэны ў адной групе разам з Вольгай Корбут здаваў, з вядомай гімнасткай. Вядома, яна паступіла. Вучылася яна там ці не, гэта ўжо іншае пытанне. А я пайшоў у войска».

Пасля арміі Макарэвіч паехаў вучыцца ў Мінск, археалогію ў Гродзенскім педінстытуце да таго часу ўжо згарнулі, да Масквы ехаць было далёка. Старастам групы ў мінскім педынстытуце, дзе вучыўся Макарэвіч, быў Анатоль Лябедзька. З будучым шматгадовым кіраўніком АГП Яўген Васілевіч доўга сябраваў, Лябедзька нават хрысціў яго сына.

Учынак Яўгена Макарэвіча 9 жніўня не застаўся незаўважаным у Маладзечне. Яшчэ ўвосень некалькі сем’яў напісалі заявы на перавод іхных дзяцей у 5-ю школу. Калі ў канцы сакавіка стала вядома, што Макарэвіча звальняюць з пасады дырэктара, у аддзел адукацыі Маладзечна пайшлі лісты ад бацькоў з просьбай пакінуць дырэктара 5-й школы на месцы.

«Разумееце, школа ў своеасаблівым месцы знаходзіцца, — гаворыць Яўген Васільевіч. — Гэта такая сельская мясцовасць у горадзе. Гістарычны цэнтар Маладзечна. У асноўным там прыватны сэктар. Дзеці там, я не скажу, што абдзеленыя ўвагай. Побач гімназія № 3, праз трыста метраў ад нашай школа № 1 імя Янкі Купалы. Наша 5-я ў канцы 50-х яшчэ пабудаваная, усяго 13 кабінетаў. 400 вучняў прыкладна. Гэта дзеці, якія не пайшлі ў гімназію, не трапілі ў іншыя школы. І я хацеў ім стварыць такія ўмовы, каб яны ведалі, што вучацца не ў горшай за іншыя школе, нічым не абдзеленыя».

Умовы для дзяцей Яўген Макарэвіч ствараў з дапамогай выхаваўчых праектаў, больш скіраваных на развіцьцё. Былы дырэктар гаворыць, што ў выніку гэтыя праекты сталі вядомыя не толькі ў Маладзечне, бо рэалізоўваў ён іх з дапамогай замежных калег і фондаў. Заключыў дамову з нямецкай гімназіяй Хайдбэрга ў горадзе Гётынген аб тым, што яна кожны год будзе прымаць вучня з Маладзечна, а таксама аб абмене досведам і дэлегацыямі. За час працы Макарэвіча дырэктарам у Нямеччыне адвучыліся 20 маладзечанскіх дзяцей. Былі таксама сумесныя праекты для барацьбы з цукровым дыябетам у дзяцей, ушанаваннем памяці ахвяраў канцэнтрацыйных лагераў.

«Быў яшчэ цікавы праект «Калідорныя дзеці», — расказвае былы дырэктар. — У нас у раёне школы дагэтуль шмат сямей жыве ў інтэрнатах. Ад станказавода і іншых. Яны некамфартабэльныя, вядома. Адзін туалет, адзін душ на калідор. А чым дзяцей заняць, якія там жывуць? Мы вырашылі проста ў інтэрнатах зрабіць ім гульнявыя пакоі. Рабілі гэта сумесна з галяндскай недзяржаўнай арганізацыяй, з маладзечанскімі прадпрыемствамі. Галандцы мэблю нам дапамагалі купляць, усё зрабілі. Для дзяцей настолькі захапляльна гэта было. Мы і мерапрыемствы ў гэтых пакоях рабілі».

Яўген Макарэвіч пра такія праекты расказвае шмат. І пра валанцёрства, і пра стварэнне клубаў для былых малалетніх вязняў канцлягераў, і аб працы з былымі педагогамі, якія пайшлі на пенсію. За больш як 20 гадоў працы на пасадзе дырэктара дзейнасць Макарэвіча з калегамі правяралі і беларусы, і іншаземцы. Парушэнне, па яго словах, знайшлі адзін раз — не сышліся рахункі. Праз розніцу курсаў дзесьці згубілася сума памерам два еўра.

«Людзі ж бачылі ўсё гэта, усю нашую працу, — гаворыць Яўген Макарэвіч. — І гэта не толькі мая заслуга. Увесь калектыў падабраўся такі. Лідзія Князева з клуба «Пошук»; Алена Парахня, якая была намеснікам дырэктара па выхаваўчай працы; настаўніца нямецкай мовы Зоя Дылеўская. Ды шмат хто. Усе настаўнікі былі задзейнічаныя. Ніхто не казаў, што ім цяжка, што ім за гэта грошы не плацяць. Бацькі ж разумеюць, што калі ўсе нашыя праекты знікнуць, то цікавасьць у дзяцей прападзе і да вучобы, і да ўсяго іншага».

Пасля звальнення Макарэвіча за яго заступіліся не толькі бацькі вучняў 5-й школы. Са зваротамі ў абарону дырэктара звярнуліся таксама нямецкая гімназія з Гётынгену і фонд «Усходняга партнэрства», які дапамагаў праектам фінансава.

«Дзеці разумеюць, што папраўдзе адбываецца ў краіне»

«Мне вельмі крыўдна, калі настаўнікаў называюць фальсіфікатарамі, — прызнаецца Яўген Макарэвіч. — Крыўдна за людзей, крыўдна за прафесію.

Нешта зрабілася такое, што адукацыя стала не асобнай сістэмай у краіне, а толькі прыдаткам да чагосьці. І настаўнікаў проста выкарыстоўваюць.

Як мне сёння прыйсці на ўрок грамадазнаўства і растлумачыць дзецям, што такое прававая дзяржава, калі ім па тэлевізары гавораць, што «бывае, калі і не да законаў»? Як такое можа быць?

Шмат хто з настаўнікаў робяць тое, што ім кажуць рабіць. Ва ўсіх крэдыты, сем’і. Але я не ведаю, як пройдуць наступныя выбары. Камісіі жа зноў арганізуюць у школах».

Яўген Макарэвіч кажа, што сучасныя дзеці, нягледзячы на змест дзяржаўнай тэлевізіі і друку, выдатна разумеюць, што папраўдзе адбываецца ў краіне. Пасля выбараў ён выкладаў у старшых класах і добра гэта адчуў.

«Дзеці атрымліваюць інфармацыю з інтэрнэта, частку разам з бацькамі абмяркоўваюць, нешта і самі на вуліцах бачаць, — гаворыць Яўген Васілевіч. — Яны маюць свой пункт погляду. Дзеці ў нас мэтанакіраваныя, са сваім светапоглядам. Яны ўсведамляюць, што на самой справе адбываецца. Я аптымістычна гляджу на будучыню. Чалавек заўсёды будзе верыць у будучыню, дзеля сваіх дзяцей. Ды і дзеля самога сябе».

Яўген Макарэвіч расказвае, што ўсцешаны падтрымкай ад былых вучняў. Пасля навіны пра звальненне яму пастаянна нехта з іх піша альбо тэлефануе.

«Вось акурат перад вамі патэлефанавала адна вучаніца, яна школу больш за дзесяць гадоў таму скончыла, — кажа былы дырэктар. — Я атрымаў мора словаў падтрымкі. Нават ад тых, ад каго не чакаў. А ад тых, ад каго чакаў, наадварот. У некаторых расчараваўся. Самым нечаканым было, калі мне адзін з былых вучняў прапанаваў працу. Мае фірму сваю ў Маладзечне. Сказаў мне, што «мы сваіх не кідаем». Хаця які я яму свой, даўно ж ужо не вучань. Але такія словы вельмі прыемныя».

Былы дырэктар таксама кажа, што яго ўжо паціху цягне да дзяцей, хочацца яшчэ папрацаваць настаўнікам. Дырэктарам ужо не, а вось весці ўрокі гісторыі — так.

«Але я пра тое, што зрабіў 9 жніўня, усё адно не шкадую, — кажа Макарэвіч. — Я ніякага подзвігу не зрабіў. Усё было рыхтык як напісана ў Выбарчым кодэксе. Я нічога не парушыў».

«Урок для ўсяго горада». Маладзечанцы адстойваюць пасаду дырэктара школы №5 за Макарэвічам

«У нашай школе працуюць годныя настаўнікі». Выпускнік Маладзечанскай СШ №5 з Вашынгтона напісаў ліст яе дырэктару