Фота vk.com/uchenia_psoangel_2021.

Восьмыя рэспубліканскія вучэнні пошукава-выратавальнага атрада «Анёл» пройдуць ад 8 да 10 мая. Далучыцца да іх могуць усе ахвотныя.

Пра тое, чым можа быць карысным навучанне і чым былі адметныя пошукі ў 2020 годзе, расказаў валанцёр атрада «Анёл Паўночны Захад» Максім Федаровіч.

Як паўплывала пандэмія

2020 год адбіўся на розных сферах жыцця, а вось людзі губляліся, як і раней. Колькасць людзей, якія знікалі, прыкладна такая ж, як і ў гады да гісторыі з пандэміяй.

Затое каронавірус паўплываў на арганізацыю пошукаў. Валанцёрам спатрэбілася забяспечваць сябе маскамі, пальчаткамі, антысептыкамі. Удзельнікі, якія адчувалі прыкметы хваробы, заставаліся дома.

2020 год моцна ўдарыў па фінансавым складніку – у саміх валанцёраў узнікалі складанасці з працай. Ахвяраваць на дзейнасць атрада былі гатовыя нямногія.

У такі надзвычайны перыяд людзі больш думалі пра сваю асабістую бяспеку, чым пра дапамогу. Таму дабрачыннасць у бок атрада была невялікая, прытым што менш пошукаў не стала.

Самыя складаныя пошукі

Валанцёры атрада «Анёл Паўночны Захад» займаюцца пошукам людзей, якія зніклі на тэрыторыі Маладзечанскага, Вілейскага, Смаргонскага, Валожынскага раёнаў. Але часта выпраўляюцца дапамагаць калегам і ў іншыя раёны.

У пачатку мінулага года выязджалі, напрыклад, у Лідскі раён. Малады чалавек з інваліднасцю ішоў з адной вёскі ў другую. Спачатку быў на сувязі, пасля сувязь абарвалася, ён знік. Разгарнулі маштабныя пошукі на тры дні, далучыліся работнікі лясгаса і выратавальнікі. Шукаць было не проста фізічна, таму што працавалі на забалочанай мясцовасці. Маладога чалавека дагэтуль не знайшлі.

Іншыя пошукі былі менш цяжкія фізічна. Але эмацыйна кожны выезд складаны.

У Маладзечанскім раёне асабліва складаных пошукаў летась не было. Як тлумачыць валанцёр, маладзечанскія лясы такія, што з іх магчыма вывесці чалавека, нават проста арыентуючы па тэлефоне. Да таго ж добра спраўляліся супрацоўнікі пажарна-аварыйнага выратавальнага атрада.

Як дапамагчы атраду

Да каманды далучылася двое валанцёраў, якія пастаянна выязджаюць на пошукі. Многія з ранейшых удзельнікаў атрада сталі больш загружаныя працай, таму не могуць прысвячаць ініцыятыве столькі часу, як раней.

Вельмі важна, каб былі людзі, якія ўмеюць арыентавацца на мясцовасці, весці групу валанцёраў. Такія веды можна атрымаць на вучэннях.

Атраду можна дапамагчы і фінансава. Пералічыць грошы не атрымаецца, таму што атрад не мае рахунка. Але можна перадаць неабходныя для дзейнасці рэчы. Заўсёды патрэбныя акумулятары і паліва. Можна набыць спецыяльныя карткі на бензін. Некаторыя могуць дапамагчы тым, што прывязуць на пошукі і завязуць назад. Дапамагаюць тым, што друкуюць арыенціроўкі або карты ў добрай якасці.

Валанцёры заўсёды гатовы даць справаздачу за выдаткаваныя сродкі, каб не ўзнікала пытанняў да празрыстасці арганізацыі.

Як стаць «анёлам»

Пошукі паказваюць, што атраду вельмі не хапае гатовых спецыялістаў, якія навучаныя арыентавацца на мясцовасці, весці пошук. Часам для поспеху аперацыі проста не хапае людзей, каб ахапіць патрэбную тэрыторыю.

Рэспубліканскія вучэнні правядуць на тэрыторыі летніка ва Уздзенскім раёне. Днём удзельнікі будуць займацца, а пасля будзе магчымасць адпачыць, прыняць душ. Аплачваюць толькі начлег і харчаванне.

Удзельнічаць можна ад 18 год. Курс складаецца з шэрагу заняткаў – як тэарэтычных, так і практычных. Давядзецца шукаць аб’ект ва ўмовах, максімальна набліжаных да рэальных.

Удзельнікі атрымаюць веды па арыентаванні на мясцовасці, навігацыі, працы ў радыёэфіры, аказанні першай медыцынскай дапамогі, дапамозе вадалазнай групе і іншыя.

Агулам вучэнні разлічаныя на 300 месцаў. Запісацца можна да 1 мая на сайце psoinfo.by. Будзе ўладкаваны дзіцячы пакой для тых, хто хоча далучыцца, але не мае магчымасці пакінуць дзяцей дома.

Удзел у вучэннях не абавязвае далучацца да атрада. Гэта валанцёрская арганізацыя. Вы можаце далучыцца ў любы момант і ў любы момант адмовіцца ад удзелу. Атрыманыя веды спатрэбяцца як асабіста для сябе, так і для тых, хто адчувае ў сабе сілу стаць «анёлам».

• Текст доступен на языке: Русский