Фота panda-travel.by.

Падзяліцца сваімі ўражаннямі ад мінулагодняга сезона і падзяліцца чаканнямі ад сёлетняга мы запрасілі дырэктара турагенцтва маладзечанку Вольгу Фінскую:

– Турыстычны сезон 2020 года ў сувязі з пандэміяй аказаўся цалкам правальным ва ўсіх і першае, што мы адчулі – гэта шок! Таму што ніколі не было такога, каб зачыніліся цягам тыдня адразу ўсе напрамкі, і мы не ведалі, як і што будзе далей. Усе, у тым ліку нашы турысты, сышлі ў рэжым чакання.

Але бліжэй да лета сітуацыя патроху пачала распагоджвацца, тураператары сталі прапаноўваць пераносіць забраніраваныя туры на наступны год з захаваннем грошай і магчымасцю выбару любой зручнай даты і заменай гатэля ці напрамку наогул. І дзякуючы гэтаму ў нас не было масавага адтоку кліентаў і вяртанняў грошай у поўным аб’ёме. І тут асобны вялікі дзякуй усім кліетам, хто даверыўся і застаўся.

Так, попыт на адпачынак за мяжой рэзка ўпаў, людзям проста банальна страшна.

Такія новаўвядзенні, як абавязковы ПЦР-тэст, многіх палохаюць. Але на сёння гэта абавязковая ўмова для вылету або выезду ў іншую краіну. Каб мінімізаваць усе рызыкі, прапануем зрабіць страхоўку ад нявылету, якая пакрывае выдаткі ў выпадку станоўчага выніку ПЦР-тэста. Гэта тое, што тычыцца адпачынку за мяжой.

Але мы працуем і па Беларусі. Гэта вымушаная працяглая паўза дала нам каласальны штуршок, каб нашы экскурсійныя туры па Беларусі ў гэтым сезоне прагучалі ў новым фармаце. Мы робім стаўку на адпачынак у нашай краіне. Мы ўсе вельмі чакаем перамен да лепшага, турызм паўстане ў поўнай меры, але для гэтага спатрэбіцца час.