Фота Настассі УТКІНАЙ.

Адкрыццё адноўленай паўночнай вежы Гальшанскага замка адбудзецца 6 мая, паведамляе «Ашмянскі веснік».

Тры паверхі і падвальнае памяшканне ўжо амаль што гатовы для наведвання.  Цэнтральнае месца на адным з узроўнаяў паўночнай вежы займае камін, адноўлены па тэхналогіі XVII стагоддзя. Аздоба яго выканана з дапамогай вышэйшага гатунку тынкоўкі — сцюк, якая пасля застывання набывае звыштрываласць. У яе складзе — гіпс, мармуровая пудра, пясок і клей.

У некаторых памяшканнях праведзены роспіс частак столі і сцен.  У некалькіх месцах зроблены зандажы — для таго, каб наведвальнік убачыў аўтэнтычную цэглу, з якой будаваўся замак. На трэцім узроўні, апошнім, створана своеасаблівая аглядальная пляцоўка, з якой адкрываецца від на касцёл і панарама мястэчка.

Ля сцен Гальшанскага замка адбудзецца тэатралізаванае прадстаўленне артыстаў раённага цэнтра культуры. На замчышчы будуць арганізаваны майстар-класы па ганчарнай справе, разьбе па дрэве, вырабе лялькаў-абярэгаў, вышыўцы і інш. Пройдзе рыцарскі турнір, майстар-клас па сярэднявечных танцах і прадстаўленне батлейкі.