Так выглядае кітайская вакцына, якой прышчапляўся Віталь. Фота malaysiachinainsight.com.

«Прафілактыку лічу найлепшым лячэннем» – так тлумачыць айцішнік Віталь сваё рашэнне зрабіць прышчэпку ад каронавіруса.

Майму суразмоўцу – 35. Ён працуе ў айці-галіне. Жыве ў Мінскім раёне, а ў наш рэгіён, на Валожыншчыну, прыязджае на лецішча.

Ваганняў не было, бо заўсёды вакцынуюся ад грыпу

Пра тое, што можна запісацца на прышчэпку, Віталь даведаўся з навін у інтэрнэце. Кажа, мае сезонную звычку заўсёды прышчапляецца ад грыпу, таму і з каронавірусам ваганняў не было.

– Не бачу варыянтаў, як нейкім іншым чынам, акрамя прышчэпкі, пазбавіць сябе рызыкі перахварэць на цяжкую форму кавіду, – дзеліцца мужчына.

І прыгадвае, што на каронавірус перахварэў летась, у лістападзе. Захворванне праходзіла ў лёгкай форме, пнеўманіі не было. Атрымалася нават так, што падчас хваробы антыцелы не выпрацаваліся. Гэта паказаў тэст, які мужчына зрабіў праз некалькі тыдняў пасля хваробы.

Пасля першай прышчэпкі адчуваю сябе добра

– Прышчапляўся ў сваёй раённай паліклініцы, у Бараўлянах. Каб запісацца, проста патэлефанаваў туды.

Вакцынацыя праходзіць у два этапы. Першую дозу мне ўжо зрабілі. Другую робяць праз тры тыдні. Пасля першай прышчэпкі адчуваю сябе добра. Ніякіх змяненняў у стане не заўважаю, – расказвае Віталь.

Адзначае, што адзінае патрабаванне для ахвотных вакцынавацца – актуальная выпіска з амбулаторнай карткі і агляд тэрапеўта ў дзень вакцынацыі.

Хацеў расійскую вакцыну, але была кітайская

Віталь прызнаецца, што больш хацеў вакцынавацца расійскім прэпаратам «Спутник-V». Але ў паліклініцы адказалі, што вакцыны з Расіі ў наяўнасці няма, а калі з’явіцца, дакладна невядома.

– Прапанавалі той варыянт, што быў у паліклініцы – кітайская вакцына «Вера гель». Я палічыў, што трэба карыстацца тым, што ёсць. Тым больш, што гэты кітайскі прэпарат ужо досыць добра правераны на практыцы. Праўда, не такі эфектыўны, як той жа «Спутник-V». Але маем тое, што маем.

Віталь адзначае, што некаторыя яго калегі і знаёмыя ўжо зрабілі прышчэпку. А напрыклад, яго жонка заяўку на вакцынацыю пакінула, але на момант нашай размовы не дачакалася званка з паліклінікі.

– Лічу, калі няма відавочных супрацьпаказанняў, то трэба адназначна вакцынавацца. Ніякага іншага лепшага сродку ад прадухілення цяжкай формы кавіду няма. А пры гэтым захворванні, як і пры грыпе, самае страшнае – гэта ўскладненні, – падсумаваў суразмоўца.

Даведка «РГ»

«Спутник-V» – першая ў свеце зарэгістраваная вакцына на аснове добра вывучанай платформы вектара адэнавіруса чалавека. Расійская вакцына ўжо зарэгістраваная больш чым у 30 краінах. Менавіта гэтым прэпаратам у рэгіёне прышчаплялі медыкаў і педагогаў.

«Вера гель» – вакцына, якую стварылі ў Кітаі. На той час, калі расійскай ужо вакцынаваліся, кітайская яшчэ праходзіла выпрабаванні.

Як сцвярджаюць навукоўцы, падчас выпрабаванняў расійская вакцына паказала 90 працэнтаў эфектыўнасці, а кітайская – 79,34 працэнта. Але абодва прэпараты Сусветная арганізацыя аховы здароўя і міжнародныя кантралюючыя арганізацыі аднеслі ў топ-5 найбольш эфектыўных супраць каронавіруснай інфкуцыі.

• Текст доступен на языке: Русский