Чытач «Рэгіянальнай газеты» звярнуўся ў рэдакцыю з праблемай. Па яго словах, у вёсцы Зімодры два месяцы ходзяць два кабаны і не даюць спакойна жыць жыхарам вёскі.

Вёска Зімодры знаходзіцца ў Куранецкім сельскім савеце, Вілейскі раён. Чытач абураецца, што гэтыя кабаны ўжо некалькі месяцаў перашкаджаюць спакойна жыць: пасадка агародаў і бульбы немагчымая, таму што кабаны прыходзяць на ўчасткі і перакопваюць іх.

— Заходзяць нават на агароджаныя сеткай участкі, падымаючы яе. Яны заходзяць у адчыненыя вароты, сельгаспабудовы, куратнікі — наносяць шкоду. Пакусалі ў вёсцы сабаку.

Чытач адзначыў, што тэлефанаваў у розныя службы — прыродаахову, ветстанцыю, сельвыканкам і райвыканкам. На яго праблему адказалі, што гэтым не займаюцца.

Па словах чытача, у Зімодрах ніхто не трымае свіней, а ў самой вёсці жывуць амаль усе дачнікі.

— Цяпер у краіне ў чалавека, мабыць, менш правоў, чым ў кабана. Чалавека за расфарбоўку вопраткі могуць пасадзіць, а свіння будзе парушаць пакой грамадзян, і нікому да яе няма справы.