На месцы здарэння. скрын з відэа.

Днямі ў міліцыю Маладзечна на лінію 102 патэлефанавала старшы касір дыскаўнтэра бытавой хіміі на вуліцы Скарыны. Яна паведаміла, што двое невядомых схапілі са стэлажа некалькі бутэлек спіртнога і, схаваўшы скрадзены тавар, уцяклі. На месца здарэння выбылі міліцыянеры.

Яны апыталі работнікаў дыскаўнтэра, вывучылі запісы камер відэаназірання. На кадрах відаць, як у краму зайшлі мужчына і жанчына, якія адразу ж уздоўж гандлёвых радоў накіраваліся ў віна-гарэлачны аддзел. Там са стэлажа ўзялі, па падліках прадаўца, тры бутэлькі настойкі: дзве мужчына паклаў знаёмай у заплечнік, адну – сама жанчына схавала за пазуху. Пасля пара накіравалася да выхаду з дыскаўнтэра, спрабуючы вынесці скрадзенае.

Аднак работніца крамы заўважыла крадзеж. Персанал паспрабаваў спыніць дваіх зламыснікаў. Мужчына, схапіўшы ў жанчыны заплечнік, вырваўся і ўцёк у невядомым кірунку. А фігурантку прадавец ўтрымлівала, не даючы магчымасці пакінуць краму. Калі падышлі да дзвярэй службовага памяшкання, жанчына, нервова адбіваючыся і спатыкаючыся, усё ж выбегла з гандлёвай залы і схавалася ў дварах.

Крыху больш за суткі спатрэбілася супрацоўнікам крымінальнага вышуку, каб высветліць асобы і затрымаць падазраваных –  32-гадовага маладзечанца і яго 31-гадовую блізкую знаёмую. Дваіх падазраваных затрымалі дома ў мужчыны. У яго кватэры знайшлі і канфіскавалі пустыя бутэлькі з-пад алкагольных напояў, як мяркуецца, выкрадзеных у дыскаўнтэра. Фігуранты ў зробленым прызналіся і распавялі, што на крадзеж адважыліся, бо ім захацелася выпіць, а грошай не было.

Цяпер фігуранты ў ІЧУ. Дзеянні падазраваных кваліфікаваныя па частцы 1 артыкула 206 КК Рэспублікі Беларусь. Ім пагражае да чатырох гадоў пазбаўлення волі.

• Текст доступен на языке: Русский