Віляйчук Андрэй Сысун.

Палітзняволенага вілейчука Андрэя Сысуна вызвалілі 17 красавіка. Ён адбыў тры месяцы арышту, якія атрымаў пасля суда ўзімку 2020 года за псаванне маёмасці: напісаў на сценах вілейскага пад’езду «3%», «Л… сыходзь», «Жыве Беларусь».

«Рэгіянальная газета» пагутарыла з Андрэем пасля вызвалення пра суд, быт у СІЗА і як праходзіць адаптацыя да жыцця па-за кратамі.

«Я хацеў да лета быць на волі»

Мы дамовіліся сустрэцца з Андрэем каля яго дома ў Вілейцы. Сысун жыве ў адным са спальных мікрараёнаў амаль 30-тысячнага горада. У дварах бегае шмат дзяцей, яны гуляюць і гучна крычаць. Падчас гутаркі былы зняволены ўвесь час азіраецца на дзіцячы крык ды і на любы моцны гук.

У верасні 2020 года Андрэй у кампаніі сяброў зрабіў надпісы ў пад’ездзе аднаго з дамоў, які знаходзіцца непадалёк.

«Жыве Беларусь!», «Л…, сыходзь!» і «3%» – гэтыя надпісы органы разглядалі як псаванне маёмасці, а матэрыяльную шкоду ацанілі ў 167 рублёў.

– Мяне не затрымлівалі ў верасні. Праз нейкі час ужо пачаліся следчыя дзеянні. Прыехалі да таго дому, запыталі: «Гэты?». Я сказаў, што гэты. І ўсё.

Пра крымінальную справу Сысун даведаўся, калі яго затрымалі ў Вілейцы з белы-чырвона-белым сцягам і далі 10 сутак адміністрацыйнага арышту. Ужо ў ізалятары ў яго запыталі супрацоўнікі пра крымінальную справу за псаванне маёмасці, якую была ўзбуджаная супраць яго.

Андрэй знаходзіўся на волі да суда. Пасяджэнняў было ўсяго два — 28 і 29 снежня 2020 года. На першым ён адмовіўся ад адваката, бо прызнаў віну і не бачыў сэнсу ў абаронцы. На другім пасяджэнні адмовіўся выступаць у спрэчках бакоў і з апошнім словам.

– Усё вельмі хутка адбылося. Выступалі нейкія сведкі, якіх я ўпершыню бачыў. Быў адзін мужчына там. Яму суддзя кажа, ці пазнае ён абвінавачваемага. Той пачаў глядзець на ўсіх у залі, не мог пазнаць. Суддзя гаворыць мне: «Вы ўстаньце, бо зараз не на таго яшчэ пакажа». Мужык той пачаў казаць, што бачыў мяне, што я напісаў дрэнна пра нашага бацьку.

Суддзя суда Вілейскага раёна Таццяна Борыс прызнала Сысуна вінаватым і прызначыла пакаранне – 3 месяцы арышту. Мужчына ўспамінае словы, якія пачуў на судзе: «Добра, што цябе судзяць па гэтым артыкуле, а не як іншых па хуліганстве».

Уладзіміра Атрошчыка, які быў у кампаніі з Сысуном у той вераснёўскі вечар і наносіў надпісы, таксама асудзілі. Ён павінны быў сядзець на дамашняй «хіміі», але парушыў рэжым, таму яго адправілі на два з паловай гады ў калонію.

Тры месяцы за кратамі

У судовай залі Андрэя не затрымалі, ён быў на волі да 18 студзеня.

– Я сам патэлефанаваў следчаму. Кажу, а калі мяне забяруць, ужо час ідзе. Я хацеў да лета быць на волі.

Па словах Андрэя, яму сказалі, што згубілі нейкія дакументы, таму яго пакуль не адпрвілі адбываць пакаранне. 19 студзеня ўсё-ткі вілейчука адправілі па этапу.

– Жодзіна, Гродна і пасля нарэшце Баранавіцкі СІЗА. Шчыра скажу, што ў Жодзіне было добра, калі параўноўваць з іншымі месцамі: кармілі, ты мог паспаць, рабіць што хочаш, – успамінае Сысун.

Вілейчук удакладняе, што яго не саджалі ў адну камеру разам з палітычнымі. Ён лічыць, што гэта рабілі адмыслова. Па яго словах, палітычных рассаджвалі праз некалькі камер. Пасля прыбыцця ў Баранавіцкі СІЗА вілейчука паставілі на ўлік, як «схільнага да экстрэмісцкіх і дэструктыўных дзеянняў».

– Кожныя паўгадзіны адчынялася «кармушка», я павінны быў назваць сваё імя, артыкул, тэрмін пакарання і што, маўляў, схільны да экстрэмізму. Цягнулася так прыкладна месяц, а потым, напэўна, яны паленаваліся рабіць гэта.

Паводле Андрэя Сысуна, калі яго этапавалі ў Баранавіцкі СІЗА, сініх бірак – тыя, хто «схільны да экстрэмізму» – ён не бачыў. Па яго словах, «схільных да экстрэмізму» ў СІЗА пазначаюць у картках, а не ў адзенні.

– Палітычных стала больш, калі вызваляўся. Я ведаў, што там у СІЗА сядзяць хлопцы па «пінскай справе», даволі шмат іх там. Але з імі ніколі не перасякаўся.

Андрэй успамінае, што да яго садзілі людзей, якія спрабавалі высветліць, чаму ён трапіў за краты і наогул даведацца пра ўсё, што датычыцца Сысуна. Па словах былога вязня, за гэта адміністрацыя давала гэтым людзям сігарэты. Час за кратамі палітвязень бавіў за чытаннем кніг. Лістоў прыходзіла не шмат, а некаторыя лісты ад сяброў увогуле не дайшлі.

– У мяне дома ляжаць стосы лістоў, але гэта не ўсе. Я так разумею, што некаторыя альбо не даходзілі, альбо іх не прапускалі цэнзары. Пісалі дзецюкі з Вілейкі, але я ад іх лісты ў СІЗА так і не атрымаў.

Што такое быць палітвязнем і што з Андрэем пасля вызвалення

25 лютага беларускія праваабарончыя арганізацыя заявілі, што абмежаванне волі Андрэя Сысуна з’яўляецца палітычна матываваным, а самаго Сысуна прызналі палітычных зняволеным.

– Даведаўся, што прызналі мяне палітзняволеным з ліста, які мне напісалі. Ці былі ад гэтага якія-небудзь бонусы? Не.

Сысуна выпусцілі з-за кратаў 18 красавіка, але ён увесь час у СІЗА думаў, што гэтага не здарыцца.

– Выходжу, мне даюць паперку аб вызваленні і адразу забіраюць. Думаў вось так будзе, калі сядзеў. Думаў, што не адпусцяць. Думаў, што адвязуць на Валадарку.

Андрэй выйшаў, каля СІЗА у Баранавічах яго сустрэла грамадзянская жонка: «Сеў у машыну і кажу: усё, паехалі адсюль!».

На волі вілейчук знаходзіцца менш за тыдзень. Ён кажа, адаптацыя да звычайнага жыцця праходзіць нармальна. Цяпер Андрэй шукае працу.

– Мне трэба кожную нядзелю хадзіць на прафгутаркі, пакуль працу сябе не знайду. Трэба адзначацца і ёсць некаторыя абмежаванні.

• Текст доступен на языке: Русский