Выкладчык Уладзімір Папковіч са студэнтамі. Фота facebook.com.

10 красавіка памёр ураджэнец Вілейшчыны, паэт, перакладчык, выкладчык нямецкай мовы Уладзімір Папковіч. Пра паэта, сябра і земляка згадвае наш пазаштатны аўтар Алесь Раткевіч.

Мая Вілейшчына бгатая на таленавітых людзей – дзяржаўных дзеячаў, навукоўцаў, літаратараў. Сярод іх і мой зямляк – паэт і перакладчык Уладзімір Папковіч.

Дварэцкае дзяцінства

Уладзімір Антонавіч нарадзіўся 25 сакавіка 1935 года ў вёсцы Дварэц Хаценчыцкай гміны Вілейскага павета Віленскай губерні ў сялянскай сям’і. Бацька яго за польскім часам і па прыходзе ў 1939 савецкай улады працаваў на сваёй зямлі і служыў у пажарнай камандзе пры Хаценчыцкай гміне. Пасля было трохгадовае жыццё пад нямецкай акупацыяй. Сям’я дапамагала партызанам.

Выкладчык Уладзімір Папковіч са студэнтамі на занятках нямецкай мовай.

У іх хаце пастаянна кватаравалі партызанскія камандзіры. Пасля вызвалення ў 1944 годзе старэйшую сястру, Ніну, мабілізавалі ў Чырвоную Армію і накіравалі ў зенітны полк. А бацьку ў гэтым жа годзе па даносе арыштавала НКВД. Пасля прысуду тройкі, без зімовай вопраткі, з Вілейскай турмы накіравалі ў ГУЛАГ. Толькі да месца прызначэння яго так і не давезлі, акалеў па дарозе. Пасля быў рэабілітаваны.

А кемлівы хлопец імкнуўся да вучобы

Асірацелае пасляваеннае жыццё было няпростае. Але маці здолела адправіць сына ў Мардасоўскую пачатковую школу. А пасля яе – па сярэдняю адукацыю ў Ільянскую. Кемлівы хлопец, які яшчэ падчас вайны складаў вершы і чытаў іх партызанам, на гэтым не спыніўся. Адразу пасля школы паступіў у Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут замежных моў і паспяхова яго скончыў у 1958 годзе.

Уладзімір Папковіч з журналістам і выдаўцом Сяргеем Макарэвічам. Архіў “РГ”.

Адразу ў гэтым жа інстытуце Уладзімір Антонавіч атрымаў пасаду выкладчыка нямецкай мовы. У 1962 годзе перайшоў працаваць інжынерам-перакладчыкам патэнтнага бюро Інстытута навукова-тэхнічнай інфармацыі і прапаганды пры Савеце Міністраў БССР (1962- 1963). Пасля – старшым выкладчыкам кафедры замежных моў Мінскага вышэйшага інжынерна-радыётэхнічнага вучылішча (1963-1964), інжынерам-перакладчыкам аддзела тэхнічнай інфармацыі Мінскага оптыка-механічнага завода. У 1966-1970 гадах настаўнічаў у школе №20 у Віцебску, выкладаў у Віцебскім педінстытуце. Зноў працаваў інжынерам-перакладчыкам і выкладчыкам. Ад  1973 выкладаў нямецкую і англійскую мовы ў Віцебскім індустрыяльным тэхнікуме, ад 1982 – старшы выкладчык Віцебскага педінстытута (цяпер – Дзяржаўны ўніверсітэт імя Машэрава). Ад 1998 да 2005 года загадваў кафедрай нямецкай мовы гэтага ўніверсітэта. Ад 2016 – пенсіянер. Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў ад 1981 года.

Творчы шлях

Уладзімір Папковіч – лаўрэат прэміі «Сузор’е муз» імя Уладзіміра Караткевіча. У друку выступае ад 1962 года з вершамі і апавяданнямі. Сярод амаль двух дзясяткаў зборнікаў яго вершаў – кнігі «На досвітку», «Зерне», «Самы кароткі цень», «На тым стаю», «Вы будзеце смяяцца» (пад псеўданімам Ахрэм Нядбайла), «Рэшта», «Пасля свята», «Як ёсць…», «На шлях лёсу», «Зазімак» і іншыя.

Пісьменнікі. У цэнтры – Васіль Быкаў. Справа і ў куце – Уладзімір Папковіч.

Пісьменнік шмат перакладаў з нямецкай на беларускую і рускую мовы творы вядомых нямецкіх творцаў – вершы Бехера, раман Крафта «Востраў без маяка», «Вільгельм Тэль» Шылера, «Тры таварышы» Рэмарка, «Карлік нос» Гаўфа і іншыя. З рускай і беларускай моў на нямецкую Уладзімір Папковіч пераклаў кнігу паэта і сябра Давіда Сімановіча «Віцебск. Шагал. Любоў», «Тарас на Парнасе» Кастуся Вераніцына, іншых аўтараў.

Апошнія зборнікі пісаў невідушчым

Два гады таму творчасць Уладзіміра Антонавіча пачала прытухаць. Прычынай гэтаму паслужыла хвароба вачэй, якая напаткала паэта. Але ён, цалкам страціўшы зрок, знайшоў у сабе мужнасць і не пакінуў паэзію. Падтрымка сяброў і, у першую чаргу, жонкі Ларысы Фёдараўны натхняла і давала надзею на здзяйсненне мары.

Размовы з сябрамі

мне стрэсы здымаюць,

Што доўга нудзелі ў душы,

Зычлівыя словы

настрой уздымаюць,

Натхняюць бадзёрыя:

«Вершы пішы!»

Сябрам сваім шчыра

душу адчыняю,

Я з імі размову вяду.

І, мне здаецца,

што я ачуняю,

Упарта наперад пайду.

Ды надыходзіць зноў

час вечаровы,

І смутак зноў

поўніць душу,

Я сам з сабою вяду

зноў размову,

Сабе абяцаю,

«Я шмат напішу!»

І пісаў упарта і з натхненнем. За два апошнія гады Уладзімір Антонавіч здолеў напісаць амаль сотню вершаў. Шэраг з іх прысвяціў сваёй матулі, роднаму краю, сваім шматлікім сябрам, у тым ліку і аўтару гэтых радкоў.

Пісьменнікі-землякі Уладзімір Папковіч (злева) і Алесь Раткевіч. Фота забяспечанае Уладзімірам Папковічам.

Летась выйшаў зборнік вершаў Уладзіміра Папковіча «Пытанні застаюцца». А сёлета, якраз да свайго дня народзінаў, паэт выдаў кнігу «Шлях з адзіноцтва» – пераклады з нямецкай на беларускую мову вершаў вядомых нямецкіх паэтаў.

Мне будзе вельмі не хапаць сябра, паэта, цудоўнага чалавека.

«Пры Сталіну аўтара расстралялі б». Уладзімір Папковіч – пра кнігу Алеся Раткевіча

«Бацькі справілі вяселле на царскіх стаенніках падчас Лютаўскай рэвалюцыі» – 80-годдзе адзначае паэт Уладзімір Папковіч

«Любіў кнігі, як дзяўчат». Ураджэнец Вілейшчыны падарыў сваю бібліятэку дзяржаве

• Текст доступен на языке: Русский