Ілюстрацыйнае фота bagnet.ru

Суд Ашмянскага раёна асудзіў 50-гадовага расіяніна па двух «наркатычных» артыкулах на 17 гадоў турмы, паведамляе прэс-служба Гродзенскага абласнога суда.

Справу разгледзелі 13 красавіка ў ашмянскім судзе. Грамадзяніна Расійскай Федэрацыі абвінавачвалі па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса:

  • частка 4 артыкула 328 «Незаконны зварот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў».
  • частка 3 артыкула 328-1 «Незаконнае перамяшчэнне праз мяжу Еўразійскага эканамічнага саюза або Дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў або іх прэкурсораў або аналагаў»

У 2016 годзе абвінавачваемы стаў членам у міжнародную злачынную групоўку. Групоўка дзейнічала на тэрыторыі Расіі, Іспаніі, Эстоніі і іншых краін. Хто яе ўзначальваў — невядома.

28 студзеня 2019 года абвінвачваемы выехаў з Расіі ў Эстоніі. Там перадаў невядомай асобе гашыш, які гэтая асоба перавезла пасля ў Іспанію. Затым абвінавачваемы паехаў у Іспанію, там атрымаў ад іншага ўдзельніка групоўкі аўтамабіль. У аўтамабілі былі тайнікі, у якіх схавалі каля 59 кілаграмаў гашышу.

Далей мужчына выехаў з Іспаніі ў бок Расіі. На мяжы Літвы з Беларуссю ў пункце пропуску «Каменны Лог» яго аўтамабіль праходзіў мытны дагляд, падчас якога знайшлі гашыш.

Абвінавачваемага прызналі вінаватым па двух артыкулах. Ашмянскі суд прызначыў пакаранне ў выглядзе 17 год узмоцненага рэжыму. У мужчыны канфіскавалі аўтамабіль і два мабільныя тэлефоны.