Падчас перапахавання. Фота Аксаны Ярашонак.

Беларускі паэт і празаік Змітрок Бядуля (Самуіл Плаўнік) нарадзіўся ў 1886 годзе ў вёсцы Пасадзец, што ў Лагойскім раёне. У канцы 19 – пачатку 20 стагоддзяў вучыўся ў Ільі і Даўгінаве на яўрэйскага святара – рабіна.

У Даўгінава з Ільі будучы пісьменнік перайшоў вучыцца па жаданні бацькі, бо ад Ільі да роднай вёскі Пасадзец, было бліжэй і зручней дабірацца. У Ільі разам з іншымі прыезджымі навучэнцамі Самуіл харчаваўся ў сем’ях мясцовых яўрэяў.

Пісаў па-беларуску, па-руску і яўрэйску. Аўтар зборнікаў паэм, абразкоў, казак і вершаў, рамана, а таксама шэрагу аповесцей.  У адной з іх, «У дрымучых лясах», Бядуля згадваў сваю вучобу ў Ільі.

Пісьменнік памёр, калі ехаў з сям’ёй у эвакуацыю, 3 лістапада 1941 года. Быў пахаваны на могілках у горадзе Уральску, у Казахстане. У лютым парэшткі творцы эксгумавалі, каб перазахаваць на радзіме.

Перазахаванне зладзілі 3 лістапада на Усходніх могілках у Мінску. «Рэгіянальная газета» прысутнічала на цырымоніі.

Ад 2016 года ля Ільянскай школы імя Грымаця стаіць памятны камень з мемарыяльнай дошкай.