Алені на Вілейшчыне сустракаюцца нярэдка. Фота ohotabelarus.by.

Якія жывёлы водзяцца ў лясах Вілейшчыны? Хто і як займаецца іх падлікам? З гэтымі пытаннямі мы звярнуліся да вядучага інжынера па паляўнічай гаспадарцы Вілейскага доследнага лясгаса Юрыя Самуйлава.

Сляды, карты, фотапасткі

Па назіраннях спецыялістаў, дзікіх жывёл і птушак у параўнанні з мінулымі гадамі ў лясах Вілейшчыны стала крыху больш. Як іх лічаць?

– Па-рознаму, – адказвае Юры Аляксеевіч. – Для тых звяроў, на якіх палююць у Беларусі, ёсць два асноўныя метады – зімовы маршрутны і анкетны.

Зімовы маршрутны – гэта метад, калі жывёл зімой лічаць па слядах на снезе. Калі ж зіма бясснежная, звяроў можна падлічыць на падкормачных пляцоўках, якія мы ладзім у лесе.

Другі метад – анкетны. Кожны егер назірае за жывёламі на сваім участку на пра-цягу года, пасля чаго запаўняе анкету, дзе пазначае колькасць.

Акрамя гэтых двух метадаў, можна выкарыстоўваць яшчэ адзін спосаб – карціраванне. Выдаецца загад, егеры ў Вілейскім доследным лясгасе атрымліваюць дзённікі і карты, дзе пазначаюць месцы сустрэчы з жывёламі, – адзначае спецыяліст.

Для падліку можна выкарыстоўваць і фотапасткі. Часам іх усталёўваюць на падкормачных пляцоўках. Тады для назірання і падліку жывёл не трэба шмат людзей. Згаданымі метадамі лічаць ласёў, аленяў, казуль. А для таго каб аленя здабываць як трафей на паляванні, трэба правесці ўлік па галасах у час гону.

Навошта слухаць аленяў і глушцоў

Падчас шлюбнага перыяду алені падаюць галасы, выклікаючы такім чынам адзін аднаго на турнірныя баі. Гэта і выкарыстоўваюць для падліку.

– Нашы работнікі выязджаюць ва ўгоддзі, дзе водзяцца алені, рассаджваюцца ў пэўных месцах і лічаць самцоў аленяў па гэтых гуках – рову. Падобным чынам лічаць глушцоў – слухаюць, колькі птушак прылятае на ток і такуе, – тлумачыць Юры Аляксеевіч.

А каб палічыць бабра, праводзяць улік іх паселішчаў і наносяць тыя месцы на карту.

Бабры дакладна тут былі. Фота аўтара.

Калі колькасць жывёл становіцца аптымальнай, работнікі лясгаса стараюцца трымаць гэту лічбу на адным узроўні. Сочаць, каб колькасць не толькі не паніжалася, але і не павышалася.

Хто дзе любіць жыць

Па словах суразмоўцы, кожны від жывёл выбірае сваё асаблівае месца ў лесе. Лось летам любіць больш забалочаныя месцы, зараснікі вярбы, дзе можна схавацца ад камароў. А зімой жывёлы выходзяць у сасновы лес.

Алень вясной і летам любіць ліставыя лясы. А зімой выбірае лясы з чарнічнікам. Часта выбар месца звязаны з размяшчэннем падкормачных пляцовак.

Ёсць ваўкі, мядзведзі, рысі

Па словах Юрыя Аляксеевіча, у лясах Вілейшчыны часцей сустракаюцца лось, казуля, алень. А вось воўк, мядзведзь, рысь – рэдкія жывёлы на Вілейшчыне. І ўсё ж рысі часам трапляюць у фотапасткі, а ваўкоў можна сустрэць ля падкормачных пляцовак, куды прыходзяць харчавацца алені. Дакладную ж колькасць жывёл у Вілейскім доследным лясгасе будуць ведаць бліжэй да канца месяца. Спецыялісты абяцалі падзяліцца лічбамі з карэспандэнтамі.

На полі паміж Ільяй і Вілейскім вадасховішчам заўважылі мядзведзя. За апошнія гады ў лясах раёна іх стала больш

• Текст доступен на языке: Русский