Фота pixabay.

Хочаце азеляніць свой участак, вёску, школу? Грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ) расказвае, як атрымаць саджанцы з лесу.

Спяшайцеся: сакавік і красавік – лепшыя месяцы, калі можна без праблемы перасадзіць дрэвы і кусты. Каліна, рабіна, крушына ўпрыгожаць участак і пачастуюць насякомых нектарам, калі квітнеюць увесну, а ўзімку падораць ягады і насенне птушкам.

Проста так выкапваць у лесе маладыя дрэўцы і кусты нельга паводле артыкула 16.17 Адміністратыўнага кодэкса – памеры штрафаў вагаюцца ад 5 да 300 базавых велічынь. Але можна атрымаць для асабістых патрэб бясплатныя саджанцы, звярнуўшыся ў бліжэйшы лясгас ці лясніцтва.

Супрацоўнік раскажа пра тое, дзе і якія пароды дрэў і кустоў можна выкапаць, і дамовіцца з вамі на канкрэтны дзень, калі вы зможаце гэта зрабіць, – паведаміў кансультант Упраўлення лясной гаспадаркі Мінлясгаса Сяргей Булах. – Ніякіх заяў для гэтага пісаць не трэба, абмежаванняў па колькасці дрэваў ці кустоў няма.

Звычайна выкапваць саджанцы дазваляюць на ўчастках, дзе плануецца высечка або там, дзе пад буйнымі дрэвамі расце шмат маладняку. Такім дрэўцам цяжка выжыць праз унутраную канкурэнцыю: раслінам не хапае святла і харчовых рэчываў. Вы можаце працягнуць ім жыццё, перасадзіўшы на свой падворак.

Аляксандр Вінчэўскі, дырэктар АПБ:

– У Валмянскім лясніцтве Чэрвеньскага лясгаса мне ўдакладнілі, што без праблем любыя саджанцы дрэў і кустоў можна забіраць з-пад ліній ЛЭП, якія праходзяць праз лясы. Звычайна пад імі знішчаюць амаль усе дрэвы, але калі вы нешта знойдзеце – можаце забраць сабе бясплатна. На ўсялякі выпадак ўдакладніце гэтую інфармацыю ў суседнім лясніцтве.

• Текст доступен на языке: Русский