Гучалі песні і вершы ад дзяцей, якія адпачываюць у цэнтры.

Дамы з імёнамі «Клаўс», «Штутгарт» і  «Фрыдрыхсдорф» урачыста адчынілі 26 красавіка на базе адпачынку «Вілія» – структурным падраздзяленні дзіцячага рэабілітацыйнага цэнтра «Надзея». Пра тое, як у цэнтры адзначылі 35 гадавіну Чарнобыля і чаму тут з’явіліся дамы з імёнамі, – у нашым матэрыяле.

Лічбы Чарнобыля на Вілейшчыне: 67 ліквідатараў, 8 забруджаных вёсак

Дзень 26 красавіка для работнікаў і адпачывальнікаў «Надзеі» пачаўся з мітынгу-рэквіема, які сумесна падрыхтавалі супрацоўнікі і навучэнцы.

Мітынг пачаўся з песні «Спадчына».

Вядучыя звярнулі ўвагу, што 35 год таму чарнобыльская бяда не абышла Вілейскі край. Жыхары Вілейшчыны ўдзельнічалі ў ліквідацыі наступстваў. І сёння ў раёне жыве 67 удзельнікаў тых падзей.

Выступае Алена Чабатар.

Тэму працягнула старшыня Вілейскага раённага Савета дэпутатаў Алена Чабатар:

– 26 красавіка 1986 года – адна з самых трагічных дат у гісторыі Беларусі. Яшчэ і сёння восем населеных пунктаў Вілейшчыны застаюцца забруджанымі. Трэба памятаць пра гэту трагедыю і даносіць успаміны да нашай моладзі.

А старшыня грамадскай арганізацыі «Жывое партнёрства» Наталля Кахноўская, якая выступала ад імя заснавальнікаў праекта «Надзея», адзначыла, што ў цэнтры, створаным у 1994 годзе для дзяцей, пацярпелых ад чарнобыльскай катастрофы, увасобіліся мары грамадскіх арганізацый, замежных партнёраў і дзяржавы.

Падарунак для бібліятэкі.

На думку спадарыні Наталлі, той красавіцкі дзень падзяліў гісторыю Беларусі на да і пасля. А наступствы трагедыі будуць адчувацца яшчэ доўга. Для бібліятэкі «Надзеі» госця пакінула ў падарунак кнігі Міколы Мятліцкага «Хойніцкі сшытак» і Леаніда Левановіча «Вяртанне ў радыяцыю».

Каронавірус – як новы выклік

Згадваючы самотную дату, дырэктар цэнтра Вячаслаў Макушынскі звярнуў увагу на тое, што ў 2020 годзе наша краіна адчула на сабе новы выклік – каронавірус. Ад сакавіка мінулага года ў цэнтры не было ніводнага замежнага партнёра. Такая сітуацыя здарылася ўпершыню за ўсе гады існавання «Надзеі».

Але з даўнімі японскімі і нямецкімі партнёрамі цэнтр працягвае кантактаваць дыстанцыйна. Доказ гэтаму – вітальныя лісты, дасланыя да 26 красавіка ў «Надзею» з Германіі і Японіі.

Пачатак мая 1986 года: Хадзілі на дэманстрацыю, садзілі бульбу

Ад 1994 года цэнтр штогод прымае на аздараўленне дзяцей з забруджаных раёнаў. Іх суправаджаюць педагогі, якія добра памятаюць падзеі 26 красавіка 35-гадовай даўніны. Сярод іх настаўніца з Гомеля Святлана Чарняк:

Святлана Чарняк прыгадвае красавік 1986 года.

– Чарнобыльская тэма асабліва блізкая мне і маёй сям’і. Я нарадзілася ў маленькім палескім гарадку Хойнікі. Раней пра гэты горад мала хто ведаў. А цяпер з-за падзей 1986 года ведаюць многія. Я памятаю тыя дні. Было вельмі спякотнае надвор’е. Я была студэнткай універсітэта ў Гомелі. Перад майскімі святамі патэлефанавала бацькам у Хойнікі з тэлефона-аўтамата. А мама сказала: «Можа, ты не прыязджай. Кажуць нейкая аварыя здарылася. Але не ведаем, якая».

Інфармацыі пра тое, што адбылося, нідзе не было. Таму мы, чацвёра дзяцей, па традыцыі сабраліся ў бацькоў, у Хойніках. Хадзілі на дэманстрацыю, садзілі бульбу. А ўжо пасля майскіх святаў даведаліся пра маштабы аварыі. Але бацькі па-ранейшаму жылі ў Хойніках і мы мусілі ездзіць туды. Памятаю, як нельга было збіраць ягады і грыбы ў лесе, забаранялі есці садавіну і гародніну з падворкаў. Мама і сястра і сёння жывуць у Хойніках.

Верш Анатоля Зэкава пра 26 красавіка 1986 года чытае перакладчыца «Надзеі» Вольга Габруковіч.

Адкуль у «Надзеі» домікі з імёнамі

У рамках мерапрыемстваў да ўгодкаў Чарнобыльскай трагедыі 26 красавіка адчынілі тры імянныя домікі для адпачывальнікаў. А пачыналася ўсё так.

У 2016 годзе сваю базу адпачынку «Вілія» Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт перадаў «Надзеі». Да гэтага некалькі год база не функцыянавала, шматлікім будынкам быў патрэбны рамонт, які і зрабіла «Надзея». Не адпавядалі сучасным запатрабаванням шчытавыя домікі-шатры, пабудаваныя яшчэ ў 1975 годзе.

Так выглядаюць домікі, пабудаваныя ў 1975:

А так – у 2020:

І вось у 2019-м прадстаўнікі нямецкага аб’яднання «Менерарбайт Мюстэрланд» прафінансавалі і пабудавалі першы новы дом для адпачывальнікаў. Дом назвалі «Мюстэрланд», пра што сведчыць адпаведная шыльда.

Удзельнікі адкрыцця.

Гэты будынак стаў пачаткам акцыі «Імянны дом». Сутнасць акцыі ў наступным. Партнёрам, якія прафінансуюць будаўніцтва зборна-шчытавога дома-шатра, даецца магчымасць даць любое імя гэтаму дому.

Тым самым пакінуць след у развіцці базы адпачынку і палепшыць умовы жыцця дзяцей, якія тут адпачываюць і папраўляюць здароўе.

Такім чынам, у рамках акцыі на базе адпачынку – ужо чатыры імянныя домікі, кожны з якіх каштуе пяць тысяч еўра. 26 красавіка на тры з іх урачыста павесілі шыльды з імёнамі і інфармацыяй пра партнёраў.

На першым плане – Вячаслаў Макушынскі і Наталля Кахноўская.

… А вечарам у цэнтры зладзілі яшчэ адну акцыю – «Свечка памяці». Традыцыйна работнікі цэнтра і адпачывальнікі запалілі свечкі ў памяць пра ахвяр трагедыі.

Фота аўтара.