Фота ont.by

Рэальныя пенсіі, якія разлічваюць з папраўкай на рост цэнаў, у сакавіку знізіліся на 0,7%, вынікае са звестак Белстату. Гэтыя выплаты былі ў мінусе на працягу ўсяго першага квартала. Сярод прычын зніжэння пенсій — інфляцыя, якая разагналася, паведамляе Tut.by.

У лютым рэальныя пенсіі ўпалі на 1,9% да студзеня, а месяцам раней — на 1,1%.

Сярэдні прызначаны памер пенсій не мяняецца ўжо чатыры месяцы запар і складае 482,6 рубля.

На канец сакавіка ў Беларусі пражывала 2 мільёны 477,5 тысячы пенсіянераў.

У 2020 годзе рэальныя пенсіі падалі восем месяцаў з 12. Рост быў толькі ў маі, ліпені, жніўні, снежні. Працоўныя пенсіі летась падвышалі ў ліпені і снежні.

У сакавіку гэтага года прыкметна выраслі цэны на многія тавары і паслугі, а гадавая інфляцыя разагналася да 8,5% гадавых.

У лідарах па росце цэн апынуліся ў тым ліку морква, бульба, курыца, свініна, алей, соль.

Гэта ў тым ліку наступствы пераднавагодняй змены ад уладаў — павышэння ПДВ на многія прадукты, лекі, медвырабы, дзіцячыя тавары.

У лютым суадносіны сярэдняй пенсіі па ўзросце і сярэдняй зарплаты склалі 40,2%. Праўда, звязана гэта не з тым, што ў краіне выраслі працоўныя пенсіі, а з тым, што знізілася сярэдняя зарплата.

У сакавіку ж сярэдняя зарплата зноў вырасла пасля двухмесячнага падзення, з-за чаго суадносіны сярэдніх пенсіі і зарплаты змянілася не на карысць першых выплат.

Сярэдні памер пенсіі па ўзросце за студзень-сакавік склаў 512,3 рубля, паведамляюць у Мінпрацы.

У першым квартале гэтага года суадносіны сярэдняй пенсіі па ўзросце да сярэдняга заробку склала 38,8% (калі ўзяць звесткі толькі за сакавік, то гэты паказчык будзе яшчэ ніжэйшы).

Не першы год чыноўнікі імкнуцца давесці пенсіі да 40% ад сярэдняй зарплаты (такім быў план і на мінулую, і на бліжэйшую пяцігодку). Аднак узяць гэтую вышыню калі і ўдаецца, то ў асобныя месяцы. Зараз ні Мінпрацы, ні Белстат не публікуюць на пастаяннай аснове (штомесяц) звестак па сярэднім памеры пенсій па ўзросце (толькі сярэдніх прызначаных).