Яўген Калач на ўсталяванні кантэйнера ў Вілейцы.

27 красавіка новыя кантэйнеры для збору пратэрмінаваных лекаў паставілі ў Вілейцы і Смаргоні. Гэта вынік ініцыятывы Цэнтра экалагічнага і сацыяльнага развіцця ў Баранавічах, якую падтрымалі мясцовыя ўлады і актывісты ў гарадах.

У Смаргоні.

Пра тое, як усё адбывалася нам расказала адна з заснавальніц цэнтра Вікторыя Калач:

– У Смаргоні мы паставілі кантэйнеры для збору пратэрмінаваных лекаў у раённай паліклініцы і яе філіяле. У гэтым горадзе ўсё атрымалася вельмі хутка і нечакана для нас. На мяне выйшла прадстаўніца праекта «Зялёныя школы» Алена Ясевіч. Я паўдзельнічала ў іх мерапрыемстве, дзе расказала пра пілотны праект з кантэйнерамі і пра тое, чаму збор пратэрмінаваных лекаў такі важны. Нам прапанавалі ўсталяваць кантэйнеры ў горадзе. Мы, канешне, згадзіліся, калі Смаргонскі райвыканкам будзе садзейнічаць.

І вельмі хутка мне патэлефанавалі з аддзела ЖКГ Смаргонскага райвыканкама. Мы  дамовіліся. Пасля пагутарыла з галоўным доктарам, і ўсё атрымалася. Было бачна, што тут людзі зацікаўленыя ў вырашэнні праблемы.

Смаргонь – гэта 17 горад у Беларусі і другі горад на Гарадзеншчыне, дзе Цэнтр экалагічнага і сацыяльнага развіцця паставіў кантэйнеры.

Смаргоні – 17 горад у Беларусі, дзе ўсталявалі кантэйнеры.

У Вілейцы, па словах Вікторыі, дамаўляліся даўжэй. Вырашаць пытанне на месцы дапамагала партнёрка з арганізацыі «Жывое партнёрства», віляйчанка Ларыса Якавюк.

У выніку новы кантэйнер з’явіўся ў аптэцы Мінскай фармацыі №219, што на вуліцы на Гагарына.

– У Вілейцы гэта ўжо трэці кантэйнер, – расказвае Вікторыя. – Яшчэ два стаяць у аптэках на вакзале і на вуліцы 1 Мая. Загадчыца аптэк, віляйчанка Таццяна Гулецкая, была адной з першых, хто прапанаваў нам прыехаць у горад і ўсталяваць кантэйнеры.

Арганізатараў цецешыць тое, што ўсё больш актыўных людзей, ініцыятыў і арганізацый уключаюцца ў праект, шукаюць партнёрства для ўсталявання кантэйнераў у іх гарадах. Але буйныя гарады не вельмі актыўныя ў гэтым плане.

Па словах Вікторыі, за паўгода ў кантэйнеры сабралі больш за дзвесце кілаграмаў пратэрмінаваных лекаў і больш за сто кілаграмаў ужо прайшлі навуковыя даследаванні ў медуніверсітэце.

Дарэчы, наступным горадам, дзе з’явяцца кантэйнеры для збору пратэрмінаваных лекаў, павінна стаць Маладзечна.  Цяпер падпісваюць неабходныя дакументы.

Фотаздымкі забяспечаныя Вікторыяй Калач.

Што рабіць, каб старымі таблеткамі не палілі печкі

У Вілейцы паставілі кантэйнер, куды можна выкідаць лекі

• Текст доступен на языке: Русский