Супраць жыхара Смаргоні ўзбудзілі крымінальную справу аб неправамерным завалоданні камп’ютарнай інфармацыяй. Ён скапіраваў дадзеныя міліцыянераў, а пасля размясціў у тэлеграм-каналах. Аб гэтым паведамляе прэс-служба Следчага камітэта.

У верасні 2020 года 25-гадовы жыхар Смаргоні размясціў асабістую інфармацыю пра супрацоўнікаў Смаргонскага РАУС у адным з тэлеграм-каналаў.

Мужчына працаваў у арганізацыі на пасадзе спецыяліста па працы з кліентамі, што прадастаўляе паслугі сотавай сувязі. Раніцай 14 верасня 2020 года на працоўным месцы скапіраваў інфармацыю пра супрацоўнікаў РАУС.

У адносінах да мужчыны ўзбудзілі крымінальную справу па артыкуле 352 (Неправамернае завалоданне камп’ютарнай інфармацыяй). Санкцыя па дадзеным артыкуле — грамадскія працы, ці штраф, ці арышт, альбо абмежаванне волі на тэрмін да двух год, альбо пазбаўленне волі на той жа тэрмін.