У Маладзечне яшчэ адна крымінальная справа: жанчыну абвінавачваюць у абразе суддзі. Пра выпадак паведамляе прэс-служба Следчага камітэта.
29 верасня 2020 года 22-гадовая маладзечанка пакінула два каментарыі ў мясцовым тэлеграм-чаце. Гэтыя каментары следчыя Маладзечанскага РАСК расцанілі як абразу суддзі.
Па інфармацыі «Рэгіянальнай газеты», абвінавачваемай з’яўляецца Кацярына Гамолка, а пацярпелай — суддзя суда Маладзечанскага раёна Вікторыя Паляшчук.

Раней жанчына прыцягвалася да адміністрацыйнай адказнасці за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве ў жніўні 2020 года. Яе справу разглядала суддзя, якую пасля нібыта абразіла дзяўчына. Суддзя прызначыла пакаранне ў выглядзе 20 базавых велічынь, таму маладзечанка апублікавала ў тэлеграм-чаце нібыта абразлівыя каментары.

Абвінавачваемая цалкам прызнала віну. Яе кваліфікавалі па артыкуле 391 Крымінальнага кодэкса «Абраза суддзі». Санкцыя па дадзеным артыкуле: штраф, выпраўленчыя працы на тэрмін на двух год, ці арышт, ці абмежаванне волі на тэрмін да трох год.

Маладзечанка знаходзіцца на волі пад падпіскай. Матэрыялы справы перададзеныя пракурору для накіравання ў суд.