Фота stereo-news.com.

Па дапамогу ў міліцыю звярнулася 49-гадовая жыхарка Маладзечанскага раёна, загадчыца аздараўленчага лагера. Жанчына распавяла, што ёй на мабільны тэлефон прыйшло смс-паведамленне пра неабходнасць пагашэння мінімальнага плацяжу па крэдыце ў памеры 77 рублёў 96 капеек. Яна звярнулася ў банк, дзе жанчыне растлумачылі, што ў яе маюцца крэдытныя абавязацельствы на 3091 рубель. Аднак, па словах самой жанчыны, пазыку яна не брала.

Аператыўнікі групы па раскрыцці кіберзлачынстваў сталі высвятляць абставіны атрымання крэдыту. У ходзе праверкі стала вядома, што ад імя пацярпелай заяўка на анлайн-пазыку на пяць тысяч беларускіх рублёў была аформлена ў лістападзе мінулага года. Аднак тады банк ухваліў кліентцы суму амаль на дзве тысячы меншую.

Сышчыкі выйшлі на след яшчэ адной фігуранткі гісторыі. Ёй аказалася 36-гадовая калега пацярпелай, жыхарка Маладзечанскага раёна. Паводле папярэдняй версіі, апошняя, маючы доступ да персанальных дадзеных работнікаў арганізацыі, вырашыла ўзяць крэдыт за чужы кошт. Калі калега страціла пільнасць, узяла яе мабільны тэлефон для атрымання доступу да сістэма дыстанцыйнага банкаўскага абслугоўвання. Скарыстаўшыся дадаткам і пашпартнымі дадзенымі, жанчына аформіла на імя загадчыцы крэдыт – крыху большы за тры тысячы рублёў. Затым больш за дзве траціны гэтай сумы яна пераклала з чужога банкаўскага рахунку на свой, 50 рублёў – на рахунак свайго мужа. А тыя грошы, што засталіся, пайшлі на пагашэнне доўгу за паслугі стацыянарнай сувязі.

Неўзабаве гаспадыня мабільнага тэлефона заўважыла, што яго няма. Падабраўшы патрэбны момант, зламысніца вярнула жанчыне гаджэт, сказаўшы, нібыта выпадкова знайшла. І ніхто б не западозрыў нядобрае, калі б не смс-напамін з банка.

Сваё дачыненне да махінацыі падазраваная хаваць не стала. Яна прызналася ў зробленым і патлумачыла, што на падобную афёру яе падштурхнулі фінансавыя цяжкасці і крэдыт яна б вярнула.

Дзеянні жанчыны кваліфікаваныя як неправамернае завалоданне кампутарнай інфармацыяй. Узбуджана крымінальная справа па артыкуле 352 КК Рэспублікі Беларусь. Фігурантцы пагражае да двух гадоў пазбаўлення волі. Цяпер міліцыянеры правяраюць фігурантку на дачыненне да іншых аналагічных проціпраўных дзеянням.

 

• Текст доступен на языке: Русский