Мікола Ермаловіч на партрэце свайго сябра, мастака Кастуся Харашэвіча на нядаўняй выставе ў Маладзечне. Фота Яўгена Стэльмаха.

29 красавіка споўнілася б сто гадоў гісторыку, пісьменніку і публіцысту, Ганароваму грамадзяніну Маладзечна Міколу Ермаловічу – навукоўцу, які адным з першых пайшоў супраць афіцыйнай савецкай гісторыі і вярнуў беларусам Вялікае Княства Літоўскае.

Дачка Міколы Іванавіча, маладзечанка Алена Ермаловіч, расказала нам пра нястомнага гісторыка, руплівага выкладчыка і клапатлівага бацьку.

Пра першы дзіцячы ўспамін

– З трох гадоў я памятаю ўсё. Да трох – часткова. Маленькай я часта чаплялася да ўсіх з пытаннем «Што такое вясна?». Мне тлумачылі, расказвалі пра птушак і кветкі, але я зноў чаплялася, бо не даходзіла. Тады бацька ўзяў мяне пад паху ўніз галавой, перайшоў дарогу да кусціка, на якім распускалася зялёная галінка, і сказаў: «Вось, глядзі, што такое вясна».

Пра бацькава выхаванне

– Бацька шмат часу праводзіў з намі. Ён быў інвалідам па зроку, і па інваліднасці пайшоў на пенсію ў 37 гадоў. А мама ад ранку да вечара працавала настаўніцай гісторыі ў вячэрняй школе. Да пяці год, пакуль бацька яшчэ працаваў, з намі была нянька. Садка не давалі, хоць я вельмі хацела ў садок.

Бацька нас з малодшым братам шмат вадзіў па горадзе. Хадзілі на раку Маладачанку, што каля першай школы ў Маладзечне, глядзелі крыгаход. А яшчэ вучыў шанаваць усё жывое. Напрыклад, ніколі не дазваляў рваць кветкі.

Неяк мама купіла рыбу, а яна аказалася жывая. Бацька тады нас з братам сабраў, і мы пайшлі і выпусцілі тую рыбу ў вадаём.

З бацькам мы садзілі шмат дрэў. Калі ж пасля Новага года трэба было выкідаць святочную ялінку, я плакала. Тады тата з мамай вось што прыдумалі. Ялінку везлі ў лес, у бок Вілейкі, садзілі ў снег і казалі, што яна вырасце.

Мікола Ермаловіч. Фота з сайта Радыё Свабода.

Бацька вазіў нас у Малыя Навасёлкі, у Койданаўскі раён, – на тое месца, дзе некалі стаяў яго родны хутар. У той час ужо і падмурка не было амаль відаць. Ездзілі з ім на радзіму мамы – у Смальяны, што ў Аршанскім раёне. Глядзелі руіны старажытнага палаца.

Вельмі любіў бацька і Маладзечна. Мы шмат гулялі сям’ёй. Хадзілі адпачываць у сквер, што па дарозе на Вілейку. Побач быў лужок. Тут гулялі, збіралі суніцы, глядзелі коз і авечак, што пасвіліся тут, фатаграфаваліся. Яшчэ мала ў каго былі фотаапараты, а ў бацькі быў «Зоркі-5». Ён і нас фатаграфаваў, і чужых людзей, якія там гулялі. А потым, падчас наступнага шпацыру, аддаваў фотаздымкі.

Пра тату, маму і гісторыю

– Бацька пазнаёміўся з мамай, калі разам працавалі ў настаўніцкім інстытуце, які быў у Маладзечне, тады яшчэ абласным горадзе, у 1947-1955 гадах. Бацька быў філолагам па адукацыі, выкладаў беларускую і рускую мовы і літаратуры. Мама выкладала гісторыю.

Мама выдатна ведала свой прадмет. І калі б яна была ў партыі, ёй далі б званне «Заслужаны настаўнік».

Але мама ведала афіцыйную гісторыю, а бацька тую, пра якую не пішуць у падручніках.

Гісторыяй ён, філолаг, зацікавіўся, калі яшчэ настаўнічаў у Суражы на Віцебшчыне ў сярэдзіне 1940-х. Ён замяняў настаўніка гісторыі, рыхтаваўся да ўрока і, гартаючы падручнік, зацікавіўся згадкай пра самы старажытны ў Беларусі горад – Полацк.

Канешне, з дзяцінства я чула дома размовы пра гісторыю. Мама бацьку дапамагала ў працы – друкавала яго творы на машынцы, навучылася адным пальцам. А я друкаваць не ўмела. Але калі бацька пісаў сваю кнігу «Па слядах аднаго міфа», я дзяўчынкай-школьніцай ставіла птушачкі над «у нескладовым», бо на машынцы такой літары не было.

Кватэрнае пытанне і адмова ад пераезду ў сталіцу

– У канцы 1950-х настаўніцкі інстытут пераехаў у Мінск. Мы таксама маглі ехаць, але мама не захацела. Трымалася за інтэрнат – невялічкі домік на дзве сям’і. Хоць умовы там былі кепскія. Прыбіральня – на вуліцы, вада – з калонкі. Быў нават грыбок на сценах, ад чаго мы з братам часта хварэлі. Інтэрнат знаходзіўся там, дзе некалі была крама «Крышталь», а цяпер уніяцкая царква. Побач быў і інстытут.

Пасля мы атрымалі цесную двухпакаёўку ў доме, што цяпер на Вялікім Гасцінцы, 74-а. Мама дабівалася лепшай кватэры. Усё ж у сям’і былі два інваліды – бацька і брат.

Да таго ж некалькі год тата працаваў дома – клеіў каробкі для таварыства інвалідаў. Уся кватэра была застаўленая каробкамі. Я ўжо ў той час працавала. А мама і малодшы брат дапамагалі бацьку рабіць каробкі.

Лепшую кватэру атрымалі праз два дамы па той жа вуліцы. З намі па суседству жыў маладзечанскі паэт Вячаслаў Шнуркевіч. Усё, што зроблена ў нашай кватэры – перагародкі, сабраная мэбля, – усё рабіў ён. А цяпер на могілках у Лазаўцы па- хаваны насупраць майго брата Славіка.

У Мінск у канцы жыцця бацька ўсё ж пераехаў, хацеў жыць бліжэй да Нацыянальнай бібліятэкі. Жыў тут адзін ад 1993 да 2000 года. А каб ён мог больш працаваць, я забрала да сябе хворага брата.

Пра мовы беларускую і рускую

– Тата заўсёды размаўляў па-беларуску, а мама – па-руску. Я ж – з мамай па-руску, з татам – па-беларуску.

Напрыклад, тата пытаецца: «Што гэта?». Я адказваю: «Гузік». Калі ж пытаецца мама, адказваю: «Пуговица».

У шостай школе, дзе я вучылася ў пачатку 1960-х, на той час можна было вызваляцца ад беларускай мовы. І ў выніку ў класе толькі нас з адной дзяўчынкай, Людай Кісель, бацькі не вызвалілі ад урокаў беларускай мовы. І мы цэлы год удзвюх хадзілі. І нас кожны ўрок выклікалі. Пасля сказалі, што дзеля нас не будуць трымаць настаўніцу. Далей беларускай мовы не было.

Мікола Ермаловіч і КДБ

– Праблемы з КДБ праз сваю пазіцыю бацька меў увесь час, асабліва да выхаду на пенсію. Неяк паехаў на культурную імпрэзу, а нам тэлефануюць і кажуць: «Ваш муж мертвецки пьян и находится в вытрезвителе. Делайте что-нибудь». Мы вельмі расхваляваліся, хацелі распытаць. Але невядомыя кінулі трубку. Уяўляеце, як мы хваляваліся? А ўвечары тата вяртаецца, а я да яго з пытаннем: «Ты што, у выцвярэзніку быў». А ён: «Які выцвярэзнік? Што ты, дачушка, вярзеш?».

Алена Ермаловіч падчас адкрыцця выставы, прысвечанай бацьку. Фота Яўгена Стэльмаха.

А калі тата з мамай ездзілі ў Літву на нейкі літаратурны з’езд, з імі паслалі работніка КДБ. Ён так няўмела сваю місію выконваў, што бацька пра ўсё здагадаўся. І гэта было бясконца.

Бацька не раз казаў: «Я шчаслівы, што пайшоў на пенсію у 37 гадоў. А Каханоўскага цкавалі да канца жыцця».

Былі праблемы і з выданнем кніг. Але ж творы бацькі разыходзіліся і ў рукапісным выглядзе. Некалі на канферэнцыі, прысвечанай памяці бацькі, Віктар Шніп і Вячаслаў Рагойша расказвалі, як спрабавалі бацькавы творы набраць у друкарні. А тут – нейкая праверка. Яны тады ўсё праз вокны павыкідалі.

Праблемы са зрокам

– Амаль невідушчым бацька столькі архіваў з лупай перачытаў, столькі зрабіў для гісторыі Беларусі. А колькі б ён мог зрабіць, каб добра бачыў?

Ад нараджэння вочы ў яго былі здаровыя. Але маці, мая бабуля, узяла яго, яшчэ немаўля, на поле жаць. Нечым прыкрыла. А быў вецер, раскрыў яго, і ён утаро-піў вочкі на сонца. Калі маці гэта ўбачыла, панесла да бабкі шаптухі. Тая яму звонку апёк зняла. Але ж рагавіца была пашкоджаная і станавілася ўсё горш.

Вялікія праблемы са зрокам бацьку турбавалі ўсё жыццё. Рабіць аперацыю адмовіўся нават знакаміты доктар Фёдараў у Маскве. Прапаноўвалі дапамогу беларускія эмігранты ў Амерыцы, аднак бацька адмовіўся. У выніку аперацыю ў Мінску зрабіла доктар-афтальмолаг Бірыч.

Бацьку стала лепш: ён пачаў пазнаваць людзей не па голасе, а па абліччы. А то бывала часта прыходзіў з пабітым ілбом – то ў дрэва стукнецца, то ў слуп.

Чаму вучня Ермаловіча выключылі са школы

– Бацька не скончыў школу. Яго выключылі з сёмага класа. І вось за што. З хутара да школы ў Койданава трэба было ісці некалькі кіламетраў. Каб не губляць час, вучань па дарозе вучыў зададзены на памяць верш пра Сталіна.

Аднойчы Ермаловіч спатыкнуўся, і кніжка з вершам паляцела ў гразь. А нехта даклаў куды трэба.

Пра бацькавых сяброў

– Часта ў нашай кватэры былі бацькавы сябры – Генадзь Каханоўскі, Кастусь Харашэвіч, пазней – Міхась Казлоўскі. З Каханоўскім яны вельмі шмат ездзілі па гістарычных мясцінах. У бацькі быў свой кінаапарат, ён запісваў іх сумесныя вандроўкі.

Генадзь Каханоўскі і Мікола Ермаловіч 1990-я гады. Фота gazeta.arche.by.

З Каханоўскім, а потым і з Міхасём Казлоўскім неаднойчы ездзілі ў Зэльву, да пісьменніцы Ларысы Геніюш. Каханоўскага памятаю, як добрага і спакойнага чалавека, які часта вазіў дзяцей на экскурсіі па Маладзечаншчыне.

Як загінуў гісторык

– Дзень смерці бацькі – 5 сакавіка 2000 года. Ён ішоў па вуліцы забіраць газеты з абаненцкай скрыні і трапіў пад маршрутнае таксі. Крыху менш, чым праз суткі, памёр у бальніцы.

А кіроўца атрымаў тры гады ўмоўна.

Бацька пахаваны на старых могілках, побач з мамай. Сама, без дапамогі горада, паставіла помнік, які змагла, добраўпарадкавала пахаванне. Пазней на скрыжаванні ў цэнтры Маладзечна з’явіўся памятны камень у гонар Міколы Ермаловіча. 29 красавіка пойдзем туды з аднадумцамі, пакладзём кветкі, запалім лампадкі.

Пра жнівеньскія падзеі

– Цяпер увесь час думаю пра тое, што б сказаў тата, якому заўсёды так балела за Беларусь, пра той жах, які адбываецца ў Беларусі пасля жніўня. На мірныя акцыі ў жніўні я пачала хадзіць, калі ад сілавікоў пацярпелі мае добрыя сябры – сын і жонка мастака Васіля Лазоўскага.

Алена Ермаловіч падчас мітынгу летась у жніўні. Фота Настассі Уткінай.

Хадзіць мне цяжка, прыходзіла са складной табурэткай. Была і на пахаванні Мікіты Крыўцова. Дарэчы, з пахавання падвёз незнаёмы чалавек. Сказаў, што ведае і мяне, і бацьку ведаў, а на маю просьбу назвацца, сказаў, што ён проста «свядомы беларус».

 Ці з’явіцца экспазіцыя, прысвечаная Ермаловічу, у музеі?

– Шмат бацькавых фотаздымкаў і яго кінаапарат з плёнкамі я даўно аддала ў наш Мінскі абласны краязнаўчы музей. Вельмі чакаю, што да стагоддзя ў музеі ўсё ж з’явіцца экспазіцыя. Фотаздымкі – эксклюзіўныя, з часоў працы бацькі ў настаўніцкім інстытуце. Там адзін толькі Сяргей Грабчыкаў чаго каштуе. Цяпер гэта вядомы складальнік слоўнікаў, а раней ён разам з бацькам працаваў у Маладзечне

Сёння я вельмі ўдзячная тым, хто памятае бацьку, ладзіць у яго гонар імпрэзы.

Вельмі цёплым атрымалася нядаўняе адкрыццё выставы, прысвечанай Ермаловічу, якую да стагоддзя бацькі правялі маладзечанскія мастакі.

• Текст доступен на языке: Русский