Беларускія дыяспары згулялі вялікую ролю ў прыцягненні ўвагі міжнароднай супольнасці да падзей, што адбываюцца ў Беларусі ў апошні год. Актыўнасць беларусаў за мяжой не радуе прапагандыстаў, якія знаходзяць у падтрымцы пратэсту дыяспарамі выключна негатыўныя наступствы.

«Рэгіянальная газета» прааналізавала тэкст Аляксея Дзерманта «Як некаторыя былыя нашы суайчыннікі шчыра шкодзяць Беларусі», у якім аўтар абвінавачвае дыяспары ў нелаяльнасці да дзейнай беларускай улады. Таксама мы пагутарылі з двума беларусамі, якія з’ехалі за мяжу праз рэпрэсіі.

Шчырыя шкоднікі за мяжой Беларусі

У сваім тэксце Дзермант прыводзіць прыклад армянскіх і яўрэйскіх дыяспар, якія з’яўляюцца даволі аб’яднанымі і салідарнымі. Аўтар выключае, што такімі ж салідарнымі з’яўляюцца беларускія дыяспары. Ён знаходзіць прыклад: беларусы ва Украіне заклікалі адмовіцца мясцовыя улады ад пакупкі беларускіх МАЗаў. На думку Дзерманта, такіх беларусаў мала, а самі дыяспары расколатыя.

«Беларуская дыяспара ў розных краінах не вельмі адзіная. Яна падзеленая па палітычнай прыкмеце, а некаторыя яе прадстаўнікі нават прымудраюцца шкодзіць сваёй Радзіме»

Дзермант бачыць у закліках не працаваць з рэжымам ад беларускіх дыяспар адну мэту – спробу разарваць адносіны з суседзямі.

Яшчэ адным прыкладам несяброўскіх адносінаў дыяспар аўтар называе пікеты беларусаў каля амбасады ў Маскве і Санкт-Пецярбургу.

«У Пецярбургу наогул дайшло да блюзнерства – з гэтымі сімваламі тамтэйшыя беларусы вырашылі пакрасавацца ў дзень памяці ахвяр блакады Ленінграда. Як быццам не разумелі, што за імі стаіць і што пад імі рабілася ў час вайны»

Дзермант прызнае, што нацыянальныя арганізацыя і дыяспары выконваюць каштоўныя функцыі, аднак іх трэба кантраляваць з дапамогай улады. Аўтар атаясамлівае Радзіму і дзейную ўладу, калі кажа, што беларусы за мяжой павінны быць вернымі сваёй радзіме.

«У ідэале ўсе дыяспары павінны ў той ці іншай ступені быць лаяльнымі да сваёй Радзімы, быць вернымі ёй»

Адзіны прыклад дыяспары, групы беларусаў, якая падтрымлівае дзейную беларускую ўладу Дзермант усё-ткі прыводзіць. Гэта – «Беларусы Валыні». Па словах Дзерманта, яны падтрымліваюць Лукашэнку, лічаць яго прэзідэнтам Беларусі і падтрымліваюць яго палітыку. Насамрэч, гэта арганізацыя называецца «Сябры Валыні». Яе кіраўнік Міхаіл Канановіч сапраўды раздае інтэрв’ю прарасійскім медыя пра тое, як украінскія нацыяналісты падвяргаюць нападкам яго самога і арганізацыю з-за палітычнай пазіцыі.

«Раскол дыяспар – абсалютная брахня»

Паліна Ганецкая была індывідуальным прадпрымальнікам у Маладзечне. Восенню 2020 года Ганецкая з’ехала з дачкой за мяжу па палітычных матывах. Цяпер яна знаходзіцца ў Польшчы.

– Дыяспары не раз’яднаныя. Проста ўсе занятыя сваёй справай. У кагосьці ўзнікаюць канфлікты, але гэта толькі на глебе непаразумення, яны хутка вырашаюцца. Дагэтуль шчыльна працуюць з людзьмі, якія пацярпелі.

Паліна ўспамінае выпадкі, калі махляры спрабавалі атрымаць грошы ад дыяспар і валанцёраў, але такіх людзей хутка вылічвалі. Жанчына адмаўляе, што дыяспары падтрымліваюць дзейную беларускую ўладу:

– Не ведаю такіх людзей. Ёсць людзі, якія з’ехалі даўно ці цяпер не па палітычных матывах. Але яны не падтрымліваюць Лукашэнку. Гэта абсалютная брахня, як і пра раскол дыяспар.

Паліна дзеліцца, што беларускія дыяспары розных краін камунікуюць паміж сабой. Яны падтрымліваюць адзін аднаго ў розных сферах. Маладзечанка падкрэслівае, што важным момантам з’яўляецца псіхалагічная падтрымка беларусаў за мяжой, чым займаюцца прадстаўнікі дыяспар.

«Усе стараюцца дапамагаць адзін аднаму»

Дзмітры Бяганскі родам з Клецка. Працаваў у Беларусі ў спартыўнай індустрыі, быў прэс-сакратаром футбольнай «Гарадзеі», менеджарам у хакейным «Дынама», а пасля ўладкаваўся ў спартыўнае выданне «Трыбуна». Узімку 2020 года Дзмітрый з’ехаў з жонкай ва Украіну, бо супраць яго маглі ўзбудзіць крымінальную справу.

Бяганскі адзначае, што беларуская дыяспара ва Украіне акрамя агульных вячорак праводзіць пікеты з сімволікай, каб выказаць падтрымку землякам.

 – Усе стараюцца дапамагаць адзін аднаму ў бытавым плане: куды і каму несці дакументы на падаўжэнне знаходжання ў краіне, дзе танней зняць кватэру ці адвезці дзяцей у дзіцячы садок.

Бяганскі разам з жонкай жыве ў Адэсе, а самыя актыўныя дыяспары ў Кіеве. Там праводзяць вялікія маршы і палітычныя акцыямі.

– Пацешны момант – шмат хто ў чаце крытыкуе недастатковую чысціню горада, калі параўноўваць з Мінскам. Самыя крытыканы не проста трубяць пра гэта ў чаціку, а выходзяць на суботнікі і прыбіраюць той ці іншы кавалак тэрыторыі.

Дзмітры лічыць, што расколатыя дыяспары за мяжой – гэта хлусня. Па яго словах, у асяроддзі існуе плюралізм меркаванняў, але падтрымкі дзейнай улады няма. Некаторыя ўкраінцы могуць казаць, што Лукашенка – добры, у яго ўсё пад кантролем, але гэта да моманту, калі ім расказваеш пра жнівеньскія падзеі.

– Ні аднаго чалавека з мясцовай дыяспары на баку беларускіх улад няма. Усе, хто прыехаў да жніўня 2020, абсалютна ў тэме таго, што адбываецца на радзіме, і ўсяляк падтрымліваюць усіх, хто вымушаны пакінуць свой дом.