Міліцыянеры ля маладзечанскага суда.

У Мінскай і Гродзенскай абласцях новыя начальнікі міліцыі, паведамляе тэлеграм-канал, блізкі да Аляксандр Лукашэнкі. «Рэгіянальная газета» расказвае, хто цяпер будзе кіраваць мінскай і гродзенскай абласной міліцыяй.

Аляксандр Астрэйка.

Аляксандр Астрэйка стаў кіраўніком Упраўлення ўнутраных спраў Мінаблвыканкама. Астрэйка пачынаў службу ўчастковым інспектарам ІСН Копыльскага РАУС, там даслужыў да начальніка аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі. У 2002 годзе стаў намеснікам начальніка Слуцкага РАУС, быў начальнікам міліцыі грамадскай бяспекі. У 2003 годзе ў 32 гады ўзначаліў Слуцкі РАУС. Ад 2008 года кіраваў Салігорскім РАУС.

У 2014 годзе Астрэйка працаваў намеснікам начальніка і начальнікам міліцыі грамадскай бяспекі УУС Мінаблвыканкама. У 2017 годзе стаў кіраўніком брэсцкай абласной міліцыі.

У 2018 годзе атрымаў званне генерал-маёра міліцыі.

Дзмітры Разянкоў злева.

Дзмітры Разянкоў стаў начальнікам Упраўлення ўнутраных спраў Гродзенскага аблвыканкама. Разянкоў да гэтага прызначэння быў намеснікам начальніка УУС Віцебскага аблвыканкама — начальнікам крымінальнай міліцыі.

Разянкоў пачынаў службу ў Полацкім ГУУС, пасля перайшоў у РАУС, а затым вярнуўся ў ГУУС начальнікам крымінальнай міліцыі. У 2011 годзе Разянкова прызначылі кіраўніком гарадской міліцыі Наваполацка.