Сяргей Трай.

Сяргея Трая асудзілі за вокліч «Жыве Беларусь!» у калідоры будынка смаргонскага суда на 15 сутак. «Рэгіянальная газета» пагутарыла са смаргонцам пра яго суткі і «асаблівы рэжым» для адміністрацыйна арыштаваных за пікетаванне альбо мітынг.

Чытайце яшчэ: 130 базавых і 64 сутак агулам атрымалі смаргонцы за вокліч «Жыве Беларусь» у будынку суда

Суд над людзьмі, якія нібыта крычалі «Жыве Беларусь!» у калідоры смаргонскага суда, адбыўся ў Астраўцы. У апошні дзень пасяджэння людзі напісалі заяву, каб пастанову агалошвалі без іх удзелу. Таму адразу нікога не затрымлівалі.

Сяргей Трая затрымалі на наступны дзень пасля суда разам з Людмілай Сульжыцкай, якой прысудзілі 10 сутак адміністрацыйнага арышту.

— З самага пачатку сказалі, што кніжкі нельга, цыгарэты ў нас будуць забіраць, кіпень не дадуць. «Асаблівы рэжым», так. Маўляў, прыйшло нейкае распараджэнне, — успамінае Сяргей.

Сяргей кажа, што так у ізалятары і адбылося: кіпеню і цыгарэт не было, кніжкі ўсё-ткі чытаць дазволілі, але іх хавалі ад відэакамеры. Матрацы забіралі на дзень, давалі іх толькі ноччу.

— Я захацеў азнаёміцца з гэтым распараджэннем. Мне сказалі, што яно для службовага карыстання. Я ім кажу, што яны парушаюць мае канстытуцыйныя правы. Яны ўпэўненыя ў сваёй беспакаранасці.

Сяргей падзяліўся гісторыяй Людмілы Сульжыцкай, якую затрымалі ў той жа дзень. Людміла выйшла пасля смаргонскага ізалятара з насякомымі — блыхамі або вошамі. Сяргей кажа, што застаецца толькі здагадвацца, навошта сталай жанчыне далі за кратамі матрац з блыхамі або вошамі. Пасля вызвалення Сульжыцкая лягла ў бальніцу.

Сяргей расказаў, што па гэтаму службоваму распараджэнню ўсіх людзей, якія праходзяць па адміністрацыйных артыкулах за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, саджаюць па адзіночцы.

Трай знаходзіўся ў камеры адзін, бо нібыта парушыў унутраны распарадак. Смаргонец лічыць, што гэта з-за таго, што многа размаўляў і адстойваў свае правы. Ён не атрымліваў перадачы, бо, па словах супрацоўнікаў, парушыў унутраны распарадак. Еў ежу ў ІЧУ, але Сяргей лічыць, што яе для дарослага чалавека недастаткова.

— Яны праводзілі так званыя прафілактычныя гутаркі са мной у ізалятары. Начальнік РАУС Клімянкоў, начальнік ІЧУ Ярмолаў… Казалі, што як толькі выйду ў горад неяк не так апрануты, то адразу павязуць у аддзяленне. І не дай Бог, калі ў мяне будзе «Пагоня» ці сцяг. Я расцэньваю гэта, як пагрозы.

Трай вызваліўся 21 красавіка.

Сяргей Трай падзяліўся гісторыяй пасля свайго вызвалення. Праз некалькі дзён ён сустрэўся ў смаргонскім парку з людзьмі, каб паразмаўляць і абмеркаваць апошнія падзеі. Яны сустрэліся, а па перыметру стаялі міліцэйскія машыны. Сяргей кажа, што адразу зразумелі, што прыехалі за імі, таму вырашылі разыходзіцца. Людзей забралі ў аддзел: каго на выхадзе з парку, каго ў дварах.

– Я так разумею, што ў іх мэтавая ўстаноўка: затрымліваць нас, везці ў аддзяленне на некалькі гадзін. Пазаўчора, напрыклад, Людміла Сульжыцкая выйшла пагуляць, а яе затрымалі і прывезлі ў аддзяленне, апытвалі. Гэта ціск на гараджан, мы не можам проста выйсці і прагуляцца.

• Текст доступен на языке: Русский